Logo Polskiego Radia
Print

У Год правоў жанчын больш славутых жанчын атрымаюць свае вуліцы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.02.2018 15:31
  • вуліцы-жанчыны.mp3
Такое рашэньне прынялі дэпутаты мясцовых оргнаў кіраваньня горада Піла.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/Domena Publiczna

У сярэдзіне мінулага году дэпутаты польскага парлямэнту прынялі рашэньне, каб устанавіць 2018 годам Годам правоў жанчын. Усе парлямэнцкія групоўкі згадзіліся, што стагодзьдзе прызнаньня выбарчага права жанчынам – гэта цудоўная нагода для сьвяткаваньня.

З ініцыятывай выступілі дэпутаты партыі «Сучасная», каб такім чынам адзначыць стагодзьдзе прызнаньня жанчынам выбарчых правоў і аддаць пашану першым дэпутаткам. «За» галасавала большасьць парлямэнтароў, хаця некаторыя стрымаліся ад галасаваньня або галасавалі супраць, у тым ліку некаторыя жанчыны.

Год жанчын яшчэ толькі пачаўся, а ўжо паявіліся ініцыятывы, якім чынам яго адзначаць. Напрыклад, у горадзе Піла на поўдні Польшчы, дэпутаты мясцовых органаў самакіраваньня прынялі рашэньне, каб пастарацца часьцей прысвойваць імёны славутых жанчын вуліцам ды плошчам горада. Такім чынам дэпутаты намераныя запоўніць праблем, які паявіўся цягам апошніх гадоў, паколькі вельмі рэдка жанчыны атрымліваюць сваю вуліцу або плошчу, а таксама вось так адзначыць Год правоў жанчын.

Сотая гадавіна прызнаньня жанчынам выбарчых правоў у Польшчы – гэта добрая нагода, каб ушанаваць жанчын, якія ўнесьлі вялікі ўклад у разьвіцьцё як гораду, так і ўсяе Польшчы, – адзначае прэзыдэнт Пілы Пётр Глоўскі.

П. Глоўскі: Была ўнесеная адпаведная прапанова. Яна зьвязаная з вельмі важнай гадавінай у сфэры правоў жанчын. Роўна сто гадоў таму жанчыны ўпершыню змаглі ўдзельнічаць у выбарах, выбіраць і быць абранымі. Нейкім чынам трэба ўшанаваць гэтую гістарычную падзею. Трэба падумаць над тым, што гэта ня так многа – толькі сто гадоў.

Гісторыю як правіла пішуць мужчыны і для мужчын, жанчын у ёй мала. Прыйшла пара зьвярнуць таксама ўвагу на жанчын, якія зрабілі нешта важнае, і трэба іх ушанаваць, – кажа Павел Далькэ (Paweł Dahlke) з клюбу дэпутатаў «Разам для Пілы».

П. Далькэ: Калі паглядзець на назовы вуліц, якія ёсьць у нашай мясцовасьці, у Піле, то адразу відаць дыскрымінацыю жанчын. Вуліцы называюць на многа часьцей імёнамі і прозьвішчамі мужчын. На маю думку, неабходна прыгадваць і сабе, і іншым, што ёсьць шмат заслужаных жанчын, якія шмат зрабілі для разьвіцьця гэтага горада.

Жанчыны складаюць палову грамадзтва, а нават крыху больш за палову, яны паралельна з мужчынамі прымаюць удзел ва ўсіх праявах грамадзкага жыцьця, і таму многія жанчыны таксама павінны заслугоўваць, каб атрымаць сваю вуліцу – мяркуе дэпутатка ад партыі «Саюз левых дэмакратычных сілаў» Веслава Штаба.

В. Штаба: Цяпер з кожнае нагоды прымаюць дэклярацыі. Жанчыны павінны быць раўнапраўнымі ўдзельнікамі грамадзкага жыцьця, усяго, што адбываецца ў нас на радзіме. Калі прысвойваем вуліцам ды плошчам імёны заслужаных мужчын, то чаму б не пашукаць таксама жанчын, якіх варта адзначыць такім чынам. Гэта павінен быць нармальны і натуральны працэс.

Заяву па справе прысваеньня большай колькасьці вуліц і плошчаў імён жанчын, прынялі ўсе дэпутаты мясцовага савету ў Піле – адзінагалосна.

Аб тым, што 2018 год будзе ў Польшчы Годам правоў жанчын, вырашылі дэпутаты ніжэйшай палаты парлямэнту (Сэйму) у чэрвені мінулага году. У прынятым з гэтае нагоды дакумэнце напісана, што 28 лістапада 1918 году маршал Юзэф Пілсудскі падпісаў дэкрэт пра выбары ў Заканадаўчы Сэйм. У ім кожны грамадзянін дзяржавы, без палавога адрозьненьня, атрымліваў магчымасьць галасаваць. Акрамя таго, як жанчыны, так і мужчыны маглі стаць дэпутатамі, калі яны мелі выбарчае права.

Стагодзьдзе выбарчага права для жанчын – гэта, канешне, важная падзея, але ня ўсім у Польшчы падабаецца такая форма ўшаноўваньня гэтай падзеі, як Год правоў жанчын або вуліцы з імёнамі славутых жанчын. Калі Сэйм абмяркоўваў прапанову, то гучалі галасы некаторых дэпутатаў, што лепш бы народныя абраньнікі больш старанна заняліся сытуацыяй жанчын у сёньняшняй Польшчы: хатнім насільлем, дыскрымінацыяй на працоўным месцы (хаця б тым, што жанчыны за тую ж працу атрымліваюць каля адной пятай менш, чым мужчыны), сэксуальным выкарыстаньнем ды інструмэнтальным трактаваньнем жанчыны.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт