Гэтая працэдура павінна дапамагаць, але часам забівае
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
27.01.2018 17:25
Варшаўская пракуратура разглядае справу сьмерці ў выніку выкарыстаньня сьлізі амазонскіх жаб.
Амазонская жаба, з якой робяць "камбо"commons.wikimedia.org/Por Lucas Grandinetti - http://calphotos.berkeley.edu, CC BY-SA 2.5,
Варшаўская пракуратура разглядае справу сьмерці жыхаркі сталіцы ў выніку працэдуры з выкарыстаньнем сьлізі амазонскіх жаб. Сьлізь «камбо» павінна ачысьціць арганізм ад таксінаў, палепшыць здароўе і амаладзіць.
У мінулым годзе яе эфэктыўнасьць захацела праверыць 30-гадовая жыхарка Варшавы. На жаль, працэдура закончылася сьмерцю кліенткі. Па словах відавочцаў, жанчына пасьля тэрапіі пачала моцна ванітаваць, а затым страціла прытомнасьць. Яе забрала хуткая дапамога, але, нягледзячы на дапамогу лекараў, праз два дні Галіна Т. памерла ў шпіталі. Раней у яе не было ніякіх праблем са здароўем.
Папярэднія вынікі ўскрыцьця паказалі, што жанчына памерла ад ацёку галаўнога мозгу і сардэчна-сасудзістай і дыхальнай недастатковасьці. Пракурор правярае складнікі сумесі, якую даў жанчыне шаман і ці яны зьяўляюцца законнымі ў Польшчы. Вядзецца расьсьледаваньне ў ненаўмысным забойстве. Шаману пагражае ад 3 месяцаў да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
«Камбо» – сьлізь з амазонскіх жаб – зьмяшчае больш за 200 розных рэчываў, але нават таксыколягі не ведаюць да канца, што гэта.
Кошт працэдуры з выкарыстаньнем «камбо» ў Польшчы складае 150 злотых (каля 35 эўра). Паводле слоў кліентаў, якія прайшлі яе, рэчыва мае выгляд пудынгу і яно дзейнічае амаль адразу. Праз цела праходзіць хваля цяпла, ціск падымаецца, пазьней паяўляюцца ваніты, а часам і панос.
У Польшчы прыблізна 5 тысяч чалавек карыстаюцца паслугамі шаманаў.
www.newsweek.pl/яс