Парлямэнт зноў атрымаў на разгляд законапраекты, датычныя абортаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
11.01.2018 13:30
Першы дакумэнт лібэралізуе права на аборты, а другі абвастрае законы.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Дэпутаты польскага парлямэнту атрымалі на разгляд два грамадзянскія законапраекты, у якіх вядзецца пра перарываньне цяжарнасьці, але з зусім розных пунктаў гледжаньня. Першы дакумэнт лібэралізуе права на аборты, а другі абвастрае законы, – піша «Dziennik Gazeta Prawna».
Больш верагодна, што права будзе яшчэ менш лібэральнае. Праект закону камітэту #ZatrzymajAborcję (затрымай аборты) падрыхтаваны з мэтаю зьліквідаваць права на перарываньне цяжарнасьці, калі існуе падазрэньне, што плод невылечна хворы або пашкоджаны. Гэтае права, якое ў Польшчы назвалі эўгенічным, выклікае вялікія пратэсты ў грамадзтве. Акрамя таго, многія палітыкі кіруючай партыі выступаюць за тое, каб нельга было выконваць аборты, калі дзіця невылечна хворае.
Летась старшыня партыі «Права й справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі казаў, што яго групоўка не адмаўляецца ад забароны абортаў у дадзеным выпадку, але яна намерана правесьці гэта такім чынам, каб не выклікаць пратэстаў. Папярэдняя спроба абвастрэньня закону выклікала рашучы супраціў і «чорныя» пратэсты жанчын.
Гэта чарговая спроба зьмяніць законы, якія датычаць абортаў. Апошнім разам Сэйм адхіліў законапраект, які лібэралізуе права і адправіў на далейшы разгляд у камісіі законапраект камітэту «Стоп абортам», які ўводзіў поўную забарону перарываньня цяжарнасьці, а нават прадбачваў крымінальную адказнасьць для жанчын, якія зрабілі аборт. Парлямэнт адхіліў таксама і гэты праект, але неўзабаве пачаўся збор подпісаў пад чарговым законапраектам, на гэты раз менш радыкальным.
Dziennik Gazeta Prawna/нг