Кіраўнік Рады міністраў Польшчы адпраўляецца ў чарговае замежнае падарожжа. Матэвуш Маравецкі некалькі дзён таму пабываў у Будапэшце, а ў аўторак прэм’ер-міністар правядзе перамовы ў Брусэлі, у прыватнасьці, са старшынём Эўрапейскай камісіі Жан-Клёдам Юнкерам.
Апошнім часам адносіны ўладаў Польшчы з кіраўніцтвам Эўрапейскага Зьвязу складваюцца не самым лепшым чынам. Візыт прэм’ер-міністра можа нешта зьмяніць у добрым напрамку. Жан-Клёд Юнкер хоча пазнаёміцца з новым прэм’ерам вялікай дзяржавы. Слова «вялікая» ужываецца ў прамым значэньні, паколькі Польшча – самая вялікая краіна сярод адносна новых сябраў ЭЗ паводле колькасьці насельніцтва, а сярод усіх чальцоў супольнасьці яна – пятая па велічыні. Так што кіраўніцтву ЭЗ прыходзіцца прыслухоўвацца да меркаваньня Польшчы, хаця не заўсёды яму хочацца гэта рабіць, паколькі пазыцыя польскіх уладаў часта не супадае з пазыцыяй Нямеччыны або Францыі.
На думку намесьніка старшыні Эўрапарлямэнту Рышарда Чарнэцкага, візыт Маравецкага ў Брусэль, сустрэча з Юнкерам можа стаць важнай падзеяй і зьмяніць адносіны паміж Польшчай і ЭЗ. Перамовы будуць датычыць сытуацыі ў Польшчы. Эўракамісія пратэстуе супраць зьменаў у польскай сыстэме правасудзьдзя. Нагадаем, супраць Польшчы пачалася працэдура паводле 7-га артыкулу пагадненьня аб Эўразьвязе. Гэта значыць, што ў краіне, маўляў, існуе пагроза адмовы ад вяршэнства закона. Рышард Чарнэцкі кажа, што Матэвуш Маравецкі патлумачыць у Брусэлі, як на самой справе выглядае рэформа судовай сыстэмы, якой здаўна чакаюць палякі.
Р. Чарнэцкі: Пабачым, якая будзе рэакцыя Эўрапейскай камісіі. Пакуль што сытуацыя выглядае такім чынам, што ёсьць «добры паліцэйскі» Юнкер і «злы паліцэйскі» Цімэрманс. На колькі гэта толькі гульня, а на колькі Юнкер сапраўды інакш бачыць гэтую праблему? А ці ён згодны, каб караць краіны, якія не хацелі прымаць мусульманскіх імігрантаў, паколькі на гэта не пагаджаліся іхнія жыхары, гэта ўжо іншае пытаньне.
У сустрэчы польскага прэм’ер-міністра са старшынём Эўрапейскай камісіі Жан-Клёдам Юнкерам прыме ўдзел таксама намесьнік старшыні Эўракамісіі Франс Цімэрманс. Юнкер паўтарыў надоечы ў інтэрвію, што ён выступае супраць фінансавага пакараньня тых дзяржаў, якія адмаўляюцца прымаць уцекачоў.
Дзеля таго, каб пакараць Польшчу паводле 7-га артыкулу, патрэбная згода ўсіх сябраў Эўрапейскага Зьвязу. Ужо вядома, што такой згоды ня будзе, паколькі прэм’ер-міністар Вугоршчыны заявіў, што ён падтрымае пазыцыю Польшчы. Таму нельга зводзіць замежную палітыку толькі да гэтага аднаго пытаньня, – адзначае кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык. На ягоную думку, ёсьць шмат істотных пытаньняў, як для Польшчы, так і для Эўразьвязу, якія неабходна абмеркаваць.
М. Дворчык: Фінансаваньне з бюджэту Эўрапейскага Зьвязу розных галін грамадзтва пасьля 2020 году – гэта адно з важных пытаньняў, ад якога залежыць бясьпека краін-сябраў ЭЗ. Гэта, між іншым, пытаньне энэргетычнай бясьпекі нашага рэгіёну. Таксама гэта пытаньне абароназдольнасьці, супрацоўніцтва ў рамках Вышаградзкай групы і справы, якія датычаць супрацоўніцтва ў рэгіёне краін Трох мораў.
Надоечы прэм’ер-міністар пабываў з візытам у Вугоршчыне. Гэта было яго першае замежнае падарожжа і двухбаковыя перамовы з моманту прызначэньня на пасаду старшыні Рады міністраў. У Будапэшце адбылася сустрэча з кіраўніком кабінэту міністраў Віктарам Орбанам. Візыт паказвае, наколькі важным для Польшчы зьяўляецца супрацоўніцтва ў рамках Вышаградзкай групы (Вугоршчына, Польшча, Чэхія і Славаччына), калі перад падарожжам у Брусэль Маравецкі хацеў абмеркаваць сумесную пазыцыю з прэм’ерам Вугоршчыны, – гаворыць прафэсар Казімеж Кік з Унівэрсытэту імя Яна Каханоўскага ў Кельцэ.
К. Кік: Супольнай задачай Польшчы, Вугоршчыны, Чэхіі і Славаччыны будзе спроба аказаньня большага ўплыву на жыцьцё краін, якія знаходзяцца паміж Нямеччынай ды Расеяй. Прыярытэтнай задачай польскай замежнай палітыкі на бліжэйшыя гады будзе будаваньне супрацоўніцтва на гэтай менавіта тэрыторыі. Хаця нельга забываць, што ёсьць немалыя адрозьненьні ў палітычнай пазыцыі гэтых дзяржаў. Супрацоўніцтва вельмі добра разьвіваецца перш за ўсё ў эканамічнай галіне.
Нагадаем, у аўторак прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі адпраўляецца з афіцыйным візытам у Брусэль, дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам Эўрапейскай камісіі. Перад гэтым падарожжам ён пабываў у Будапэшце, дзе вугорскія ўлады запэўнілі яго аб сваёй падтрымцы.
нг