Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адзначаюць гадавіну свабоднага тэлерадыёвяшчаньня

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 29.12.2017 15:30
  • 25 год таму.mp3
25 год таму ў Польшчы зьнікла манаполія на свабоду слова з боку камуністычных уладаў.
Foto: PAP/Radek Pietruszka

25 гадоў таму ў Польшчы адбыліся зьмены. Зьнікла манаполія на свабоду слова з боку камуністычных уладаў. Быў прыняты закон пра свабоднае тэле- і радыёвяшчаньне. Цяпер у Варшаве адзначаюць гадавіну тых падзей.

25 гадоў таму ў Польшчы быў прыняты закон "Аб тэлерадыёвяшчаньні". Дадзены дакумэнт вызначаў ролю грамадзкіх мэдыя, рэгуляваў прававое поле дзейнасьці прыватных СМІ. На днях у польскай сталіцы прайшло важнае мерапрыемства, прысьвечанае тым падзеям. Гэта канфэрэнцыя «25 гадоў закону аб тэле- і радыёвяшчаньні: вынікі ды пэрспэктывы». Канфэрэнцыя сабрала вядомых экспэртаў, журналістаў ды палітыкаў. Размова ішла пра тое, якія вынікі 25 гадоў рэалізацыі закону, і што трэба рабіць на будучыню. Экспэрты ды адмыслоўцы казалі пра тое, што зьмены, якія адбыліся ў мэдыя-сфэры, патрабуюць актуалізацыі ды паправак у закон. Больш падрабязна распавядае карэспандэнт Польскага радыё Караль Суруўка.

Караль Суруўка: У прэамбуле закона, прынятага 25 гадоў таму, зазначалася, што задачай радыё- і тэлевяшчаньня ёсьць данясеньне інфармацыі, доступ да культуры ды мастацтва, адукацыі ды адпачынку. У той час мала хто ведаў, як доўга пратрымаецца новая ўстанова. Казалі, што цудам будзе год існаваньня. Цяпер, пасьля 25 гадоў, сябры Рады лічаць, што закон патрабуе актуалізацыі, бо ў ім не апісваецца Інтэрнэт ды роля сацыяльных сетак у перадачы інфармацыі. Разам з тым сярод спэцыялістаў дамінуе падыход, каб не ўводзіць празьмернага кантролю. Ідзецца пра захаваньне якасьці перадачы інфармацыі без празьмернага рэгуляваньня. Таксама вядуцца працы над папраўкамі ў закон аб фінансаваньні грамадзкіх СМІ ды супраць манаполіі ў мэдыя-сфэры.

Сярод палітыкаў і чыноўнікаў таксама ёсьць разуменьне, што зьмены патрэбныя. Пры гэтым пакуль ня знойдзены адзіны варыянт паправак, якія трэба ўнесьці. Чыноўнікі кажуць, што ў Польшчы патрэбная дэканцэнтрацыя, то бок барацьба з манаполіямі на мэдыя-рынку і выроўніваньне магчымасьцяў слабейшых мэдыя-суб’ектаў. Гаворыць намесьнік міністра культуры ды нацыянальнай спадчыны Павал Левандоўскі.

Павал Левандоўскі: Асноўныя палажэньні ўжо падрыхтаваныя. Больш за тое, ёсьць некалькі варыянтаў, канчатковы выбар будзе залежаць ад палітычнага рашэньня, у які бок мы будзем рухацца з рэалізацыяй нашых пастулятаў. Калі рашэньне будзе прынятае, унясеньне паправак зойме некалькі тыдняў. Пакуль немагчыма сказаць, калі згаданае рашэньне будзе прынятае. У папраўках мы не засяроджваемся на тым, хто валодае СМІ, хто ўладальнік капіталу, ды які ён. Нам ідзецца пра тое, каб гарантаваць плюралізм меркаваньняў, каб на мэдыя рынку дзейнічалі як мага больш суб’ектаў, каб мелі магчымасьць выказацца тыя, хто з-за нізкага капіталу не маглі прабіцца.

У сваю чаргу старшыня Нацыянальнага камітэта па справах СМІ Кшыштаф Чабаньскі перакананы, што зьмены ў першую чаргу павінны закрануць юрыдычны статус і крыніцы фінансаваньня грамадзкіх радыё ды тэлевізіі. Сёньня гэтыя структуры зьяўляюцца акцыянэрнымі таварыствамі ды фінансуюцца за кошт агульнанацыянальнага абанэнту, што плацяць уладальнікі тэлевізараў ды радыёпрымачоў. Згаданы экспэрт прапануе, каб грамадзкія радыё ды тэлевізія сталі дзяржаўнымі ўстановамі ды фінансаваліся зь бюджэту – з мэтавай датацыі. Пра гэта на канфэрэнцыі казаў Кшыштаф Чабаньскі.

Кшыштаф Чабаньскі: Ідзецца пра тое, каб праграмы радыкальна не гублялі сваёй якасьці, свайго ўзроўню. Каб некамэрцыйная частка радыё ды тэлевізіі магла захаваць цікавую прапанову для слухачоў ды гледачоў. Гэта магчыма толькі праз сыход ад залежнасьці ад рэклямнага рынку. Патрэбная вызначаная сума зь бюджэту, абароненая ад ціску ўраду. Таму мы хочам памер датацыі прапісаць у законе з адзінай магчымасьцю зьмены – інфляцыйнай індэксацыі.

Чакаецца, што ўрад прыме рашэньне пра характар канчатковых зьменаў у польскай мэдыя-сфэры на пачатку новага года.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт