Logo Polskiego Radia
Print

Польшча паглыбляе супрацу з Кітаем

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 28.11.2017 15:30
  • Польшча паглыбляе.mp3
У Будапэшце адбылася сустрэча ў фармаце 16+1, то бок краіны Цэнтральнай Эўропы й Кітай.
Foto: PAP/Jakub Kamiński

Польскі ўрад падпісаў з Пэкінам шэраг пагадненьняў аб супрацы.

Сустрэча кіраўнікоў урадаў цэнтральна-эўрапейскіх краін і Кітаю адбылася ўжо шосты раз. Упершыню саміт у такім фармаце адбыўся ў Польшчы ў 2012-м годзе. Мэта дадзенай ініцыятывы – паглыбіць эканамічнае супрацоўніцтва Кітаю з краінамі рэгіёна. Аўтарам ініцыятывы выступіў Кітай. Фармат 16+1 азначае ўдзел 16 краін Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы. Гэта: Албанія, Босьнія й Герцагавіна, Баўгарыя, Харватыя, Чэхія, Эстонія, Вугоршчына, Латвія, Летува, Македонія, Чарнагорыя, Польшчы, Румынія, Сэрбія, Славенія, Славаччына ды Кітай.

У саміце 16+1 прыняла ўдзел прэм’ер-міністар польскага ўраду Бэата Шыдла. Польскую дэлегацыю вітаў на лётнішчы вугорскі прэм’ер Віктар Орбан. Польскі ўрад вельмі сур’ёзна падыходзіць да гэтай супрацы. Падчас саміта польская прэм’ер плянавала сустрэцца з кітайскім кіраўніком урада Лі Кэцян ды сэрбскай прэм’ер Ганнай Брнабіц. Больш падрабязна з Будапэшта перадае карэспандэнт Польскага радыё Тамаш Зелянкевіч

Tамаш Зелянкевіч: Сустракаў польскую прэм’ер-міністар Бэату Шыдла кіраўнік вугорскага ўрада Віктар Орбан на лётнішчы. Пасьля гэтага палітыкі накіраваліся на сустрэчу кіраўнікоў урадаў краін Цэнтральнай Эўропы ды Кітаю. Падчас сустрэчы ішлося пра падпісаньне пагадненьня аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж польскім Агенцтва гандлю ды інвэстыцый і кітайскай правінцыяй Гунань. Плятформа 16+1 накіравана ў першую чаргу на паглыбленьне эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі Цэнтральнай Эўропы ды Кітаю. Фармат быў запрапанаваны на форуме ў Варшаве ў 2012-м годзе.

Сустрэча з кітайскім прэм’ерам была прысьвечаная эканамічным пытаньням. Галоўны вынік – гэта падпісаньне дамовы аб супрацоўніцтве. Ідзецца пра пагадненьне паміж польскім Агенцтва гандлю ды інвэстыцый і ўладамі кітайскай правінцыі Гунань. Польская прэм’ер назвала сустрэчу важнай і выніковай.

Бэата Шыдла: Кітай – гэта вялікі ды патрабавальны партнэр. Адначасова гэта партнэр, які гатовы да рэалізацыі ініцыятываў эканамічнага характару ў нашым рэгіёне.

Падпісаньне дамовы прысьпешыць рэалізацыю важных для Варшавы эканамічных праектаў, у тым ліку Цэнтральнага камунікацыйнага порту. Пра гэта паведаміла журналістам Бэата Шыдла пасьля завяршэньня сустрэчы.

Бэата Шыдла: Гэта вельмі шырокая дамова, мэта якой - паглыбіць супрацоўніцтва для нашых прадпрымальнікаў. Мы будзем размаўляць пра праекты ды пляны, якія ў будучыні могуць быць рэалізаваныя. Таксама пра наша двухбаковае супрацоўніцтва і, вядома, пра фармат 16+1. Калі казаць пра Цэнтральны камунікацыйны порт, мы б хацелі яго рэалізаваць так, каб ён гарантаваў польскай эканоміцы ды прадпрымальнікам пазытыўныя эфэкты.

Супраца з Кітаем мае для Польшчы канкрэтныя эканамічныя дывідэнды. На мінулым тыдні міністэрства фінансаў ды разьвіцьця паведаміла, што супрацоўніцтва з Кітаем вельмі добра разьвіваецца. Летась Польшча імпартавала з Кітаю тавараў на 23 мільярды даляраў, экспартавала на 4 мільярды, што выводзіць Польшчу на восьмае месца сярод гандлёвых партнэраў Кітаю ў ЭЗ.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт