Logo Polskiego Radia
Print

«Этна ў сучасным гучаньні» у Варшаве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.11.2017 12:43
  • выстава.mp3
Адкрылася выстава дыплёмных прац выпускнікоў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Запрашэньне на адкрыцьцё выставыЗапрашэньне на адкрыцьцё выставыAmbasada Białorusi w Warszawie

«Этна ў сучасным гучаньні» – так называецца мастацкая выстава, адкрытая ў Культурным цэнтры Беларусі ў Варшаве. На экспазыцыі прадстаўленыя дыплёмныя працы выпускнікоў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Культурны цэнтар Беларусі рэгулярна ладзіць мерапрыемствы, на якіх наведвальнікі могуць пазнаёміцца з працамі беларускіх мастакоў, народных умельцаў, пісьменьнікаў. У дадзеным выпадку былі прадстаўленыя работы берасьцейскіх мастакоў, зробленыя самымі рознымі тэхнікамі. Намесьнік дырэктара Культурнага цэнтра Беларусі Ілона Юрэвіч кажа, што дадзеная выстава не зьяўляецца апошняй з гэтага цыклю. Заплянавана некалькі экспазыцый.

І. Юрэвіч: Гэта першая частка, мы зробім тры такія выставы. Тут прадстаўленыя працы, зробленыя рознымі тэхнікамі – габэлены, вышыўка па шоўку, тканыя, шамот. «Этна ў сучасным гучаньні», таму што выстава адлюстроўвае розныя кірункі народнага мастацтва. Працы маюць розную тэматыку, але ўсе яны паказваюць народную тэхніку, якая не згубілася, якая падтрымліваецца. Мы хацелі паказаць, што ў Беларусі на ўзроўні ВНУ ёсьць людзі, якія панясуць гэтае мастацтва далей, будуць выкладаць, вучыць дзяцей у школах, як не згубіць народную спадчыну.

На вэрнісажы намі быў заўважаны Анджэй Бжоза, дырэктар Міжнароднага фэстывалю дакумэнтальнага і ваеннага кіно. Ён адзначыў, што апошнім часам беларусы заваёўваюць нямала ўзнагарод на фэстывалі, і таму зацікаўленьне беларускай тэматыкай сярод арганізатараў мерапрыемства павялічваецца.

А. Бжоза: Я гляджу на гэта з пэрспэктывы кінамастацтва, якое абапіраецца на вобразы, а яго карані сягаюць далёка ў традыцыю. Тут прадстаўленыя працы, зробленыя вельмі цікавай тэхнікай. Відаць у гэтых працах беларускую тоеснасьць. Мастацтва можа мець сваю тоеснасьць, яно вырастае з нацыянальнай традыцыі. Ад карціны да кінафільму толькі адзін крок, і таму мяне гэтая выстава цікавіць. Так што наш фэстываль сугучны з выставай, на якую мы сёньня прыйшлі.

У плянах Культурнага цэнтра – таксама іншыя мерапрыемствы. Пра іх нам распавёў дырэктар цэнтра Міхаіл Рыбакоў. Паводле яго словаў, экспазыцыю «Этна ў сучасным гучаньні» плянуецца паказаць таксама ў іншых месцах Польшчы, дзе існуе зацікаўленьне беларускім мастацтвам.

М. Рыбакоў: Яна павінна пераехаць у іншае месца, магчыма, першае – Музэй Бранеўскіх у Варшаве. Мы будзем рабіць сумесную імпрэзу з Цэнтрам праваслаўнай культуры, з якім мы цесна супрацоўнічаем. Там мы ўжо рабілі выставу ікон, плянуем перавезьці гэтую выставу ў іншыя гарады. А 19 лістапада ў цэнтры будзе дэманстрацыя аднаго з фільмаў, які ўзяў сярэбраную шаблю на Фэстывалі гістарычнага дакумэнтальнага кіно. У стужцы пра абарону Варшавы расказваецца, як беларусы з Падляшша, з Войска Польскага, абаранялі Варшаву, як яны сябе паводзілі падчас баёў. Нездарма сам генэрал Андэрс, камандуючы гэтага войска, казаў, што самае мужнае войска – гэта беларусы, з імі можна ісьці куды хочаш, і яны не адступяць.

Сярод мерапрыемстваў, якія ладзіць культурны цэнтар Беларусі – ня толькі выставы, але таксама канцэрты, аўтарскія сустрэчы з пісьменьнікамі, а таксама зь беларускімі дзеячамі з-за мяжы Беларусі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт