Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы Варшавы выбіраюць збліжэньне з Эўропай

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.10.2017 16:23
  • Беларускі дом.mp3
Беларускі дом прадставіў стратэгію сваёй дзейнасьці на бліжэйшыя гады.
Foto: facebook.com/BelaruskiDom/

Арганізацыя плянуе працаваць на карысьць набліжэньня Беларусі да ЭЭ, а таксама дапамагаць беларусам замежжа ўтрымліваць повязі з Бацькаўшчынай.

6 год у польскай сталіцы дзейнічае грамадзкая ініцыятыва, створаная беларусамі, якія па палітычных прычынах былі вымушаныя зьехаць з краіны. У Польшчы яны стварылі арганізацыю – задача якой дапамагаць іншым беларусам знайсьці месца ў новай эмігранцкай рэчаіснасьці, інтэгравацца ў польскае грамадзтва, пры гэтым не губляць сувязі з роднай краінай. Учора арганізацыя прадставіла стратэгію сваёй дзейнасьці на бліжэйшыя 3 гады. Пра асноўныя моманты гэтай стратэгіі мы папрасілі распавесьці старшыню арганізацыі Алеся Зарэмбюка.

Алесь Зарэмбюк: Мы зрабілі стратэгію на 2018-20 гг.. Яна палягае на тым, што мы будзем імкнуцца цягам гэтага часу разьвіваць беларускі дом у двух напрамках: праца па актывізацыі дыяспары ў Варшаве, і падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Мы хочам засяродзіцца на тым, што адзінай альтэрнатывай для Беларусі зьяўляецца Эўрапейскі Зьвяз і беларусы павінны рухацца ў гэтым накірунку. Найлепшыя практыкі й досьвед кіраваньня знаходзяцца менавіта тут.

Тры гады – гэта адпаведны тэрмін у сучасным сьвеце, які хутка зьмяняецца, дадаў сустаршыня Беларускага дому Ўладзімір Кобец.

Уладзімір Кобец: У такіх блізкіх краінах, як Беларусь і Польшча, цэнтры культуры павінны быць не на год ці два, а пастаянна. Нас зьвязвае агульная гісторыя ды будучыня. Я лічу, што Беларускі дом тут павінен быць увесь час. Час стратэгія на 3 гады, бо ўсё імкліва зьмяняецца, тым больш што наша стратэгія – гэта ня нешта застылае. У нас ёсьць розныя блёкі, м ы прыцягваем розных людзей. Мы імкнёмся адкрыць Беларускі дом як прастору для разьвіцьця розных карысных для Беларусі й польска-беларускіх адносін ініцыятыў.

У сваё стратэгіі Беларускі дом заявіў адну з задач, падтрымліваць інтарэс да Беларушчыны ў людзей, якія зьяжджаюць з краіны. Ці гэта рэальная задача, мы запыталіся ў мэдыя-кансультанта Аляксея Лявончыка.

Аляксей Лявончык: Захоўваецца, а ў некаторых абуджаецца. Шэраг маіх партнэраў знайшлі ў сабе сантымэнт да беларускай мовы акурат у эміграцыі. Дарэчы, я таксама знайшоў інтарэс да Беларушчыны, зьехаўшы ў 1994 годзе зь Беларусі. Я не скажу, што гэта дамінантная тэндэнцыя, але так часта адбываецца. Тым больш, што гэтую ідэалягічную прастору не запаўняе беларуская дзяржава, яна не прапануе прывабную мадэль: хто мы і да чаго імкнёмся. Людзі робяць гэта самі па сабе, адшукваюць сваю беларускую ідэнтычнасьць за мяжой.

Многім Беларускі дом дапамагае ў падтрымцы іх беларускасьці, кажа перакладніца Марыя Луцэвіч, якая жыве ў Польшчы. Беларускі дом стаў месцам у Польшчы, дзе можна сустрэцца з суайчыньнікамі.

Марыя Луцэвіч: Ініцыятыва вельмі патрэбная. Беларусы павінны мець месца ў Польшчы, куды яны заўсёды могуць прыйсьці, пагаварыць пра пытаньні, якія іх хвалююць, атрымаць падтрымку, пакамунікаваць па-беларуску. Беларускі дом ладзіць цікавыя творчыя, навуковыя, культурныя сустрэчы, выставы, сьвяткаваньні. Гэта важна, бо мы хоць і жывем у Польшчы павінны памятаць адкуль мы.

Прысутны на прэзэнтацыі філёзаф Пётра Рудкоўскі зазначыў, што ўбачанае ім у Беларускім доме дае надзею.

Пётра Рудкоўскі: Маё сапраўднае знаёмства з Беларускім домам адбылося цяпер. Я ўбачыў тут вялізарны патэнцыял. Тутэйшая дзейнасьць настолькі разгалінаваная, суды прыйшло столькі асобаў са сваімі крэатыўнымі ідэямі ды прапановамі. Гэта ўнушае добрую надзею.

На бліжэйшыя гады Беларусі дом паставіў перад сабой мэту – дапамагаць захоўваць повязь з бацькаўшчынай тым, хто быў вымушаны зьехаць з краіны, а таксама набліжаць Беларусь да Эўрапейскага Зьвязу.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт