Ірацкі Курдыстан праводзіць рэфэрэндум аб незалежнасьці
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
25.09.2017 18:52
Асноўны дзень плебісцыту ў аўтаномным рэгіёне – панядзелак, прадстаўнікі дыяспары зрабіць свой выбар маглі яшчэ напярэдадні.
PAP/EPA/GAILAN HAJI
Ірацкі Курдыстан праводзіць рэфэрэндум аб незалежнасьці. Асноўны дзень плебісцыту ў аўтаномным рэгіёне – панядзелак, прадстаўнікі дыяспары зрабіць свой выбар маглі яшчэ напярэдадні. Як паведамляе сёньня Gazeta Polska, гістарычны першы голас быў аддадзены з КНР.
Аўтар артыкулу зьвяртае ўвагу – цяперашні рэфэрэндум не азначае аўтаматычнага аддзяленьня Курдыстану ад Іраку. Гэта, хутчэй, маштабнае апытаньне, якое мае паказаць імкненьне курдзкага народу да самавызначэньня. Гаворка, нагадаем, вядзецца пра найбуйнейшую ў сьвеце этнічную групу, якая ня мае сваёй дзяржавы. Галасаваньне выклікала пратэст з боку ўладаў Іраку, Ірану ды Турцыі. Занепакоенасьць выразілі таксама Злучаныя Штаты ды Рада Бясьпекі Арганізацыі абʼяднаных нацыяў.
Афіцыйны Багдад да апошняга спрабаваў заблякаваць рэфэрэндум. Гучалі нават пагрозы ваеннай інтэрвэнцыі на выпадак, калі сытуацыя ў рэгіёне выйдзе з-пад кантролю. А вось Ізраіль адназначна падтрымаў ідэю плебісцыту. Тэма незалежнасьці атрымала папулярнасьць на фоне посьпехаў пэшмэргі – так называюць сябе салдаты Ірацкага Курдыстану.
У 2014 ім удалося стрымаць націск тэрарыстаў так званай «Ісламскай дзяржавы». З таго часу прадстаўнікі курдаў сталі адной з магутных сілаў у барацьбе з джыхадыстамі. Ініцыятыва рэфэрэндуму належыць прэзыдэнту аўтаномнага рэгіёну Масуду Барзамі. У чэрвені яго падтрымаў лякальны парлямэнт, які сабраўся адмыслова для абмеркаваньня гэтага пытаньня ўпершыню за два гады.
св