Кіраўніцтва Польшчы накіравалася ў ЗША. Нагадаем, за акіянам знаходзіцца прэзыдэнт краіны Анджэй Дуда, якія выступіў падчас паседжаньня Генэральнай асамблеі ААН, а таксама сустрэўся з амэрыканскім прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Размова прэзыдэнтаў адбылася пры нагодзе вячэры, арганізаванай Трампам для кіраўнікоў дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у саміце ААН.
Акрамя таго, Анджэй Дуда сустрэўся з прадстаўнікамі польскай дыяспары ў ЗША.
У Амэрыцы таксама знаходзіцца міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч. Ён накіраваўся за акіян для таго, каб правесьці перамовы наконт паставак амэрыканскага ўзбраеньня.
Нагадаем, на пачатку ліпеня быў падпісаны мэмарандум, згодна зь якім урад ЗША даў згоду на продаж Польшчы зэнітна-ракетных комплексаў Patriot у найноўшай вэрсіі – гэта мадыфікацыя, якой карыстаецца амэрыканская армія. Пастаўкі павінны пачацца ў 2022 годзе, хоць Польшча спадзяецца, што ракеты Patriot паступяць раней, сказаў перад вылетам у ЗША Антоні Мацярэвіч.
А.Мацярэвіч: Я спадзяюся, што ракеты да нас трапяць раней, і што з Амэрыкі я прывязу добрую навіну. Зь іншага боку, не хачу нічога абяцаць, бо разумею, што пытаньне ракет Patriot – гэта няпростая тэма.
Антоні Мацярэвіч знаходзіцца ў ЗША па запрашэньні кіраўніка Пэнтагону генэрала Джэймса Мэціса. Сёньня кіраўнік мінабароны правядзе сустрэчу з амэрыканскім генэралам. Мацярэвіч распавёў, якія тэмы ён хоча закрануць падчас перамоў.
А.Мацярэвіч: Для нас павелічэньне лічбы амэрыканскіх войск у Польшчы – гэта прыярытэт, прынамсі да моманту завяршэньня мадэрнізацыі нашай арміі. Нагадаю, што прысутнасьць ЗША, НАТО ў Польшчы – гэта гарантыя нашай мілітарнай бясьпекі. І гэтае пытаньне зьяўляецца заўсёды галоўным падчас маіх перамоў з нашымі саюзьнікамі.
Як неаднойчы мы паведамлялі, Польшча праводзіць мадэрнізацыю сваёй арміі, у ходзе якой закупляецца ўзбраеньне й ваенная тэхніка як айчыннай, так і замежнай вытворчасьці. У прыватнасьці, цяпер адбываюцца два вялікія тэндары па выбары шматмэтавых верталётаў і падводных лодак.
На працягу некалькіх бліжэйшых месяцаў польскі ўрад прыме рашэньне, датычнае набыцьця падводных лодак.
У пытаньні куплі падлодак Польшчы трэба будзе выбраць адну з трох прапаноў, вылучаных кампаніямі са Швэцыі, Францыі й Германіі. Неафіцыйна гаворыцца, што фаварытам Варшавы зьяўляюцца францускія падводныя лодкі тыпу “Скарпэн”.
вс