Logo Polskiego Radia
Print

13-гадовая брытанка стала донарам органаў для васьмі чалавек

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 10.09.2017 08:34
Дзяўчынка аддала сваё сэрца, падстраўнікавую залозу, лёгкія, ныркі, тонкую кішку й пячонку.
pixabay.com/Public Domain CC0

Тыднёвік “Wprost” паведамляе, што органы 13-гадовай дзяўчынкі выратавалі жыцьцё васьмі чалавекам. Хоць гэтая гісторыя здарылася ў 2012 годзе, то Нацыянальная служба аховы здароўя Вялікабрытаніі (National Health Service) пра гэта паведаміла толькі цяпер. Гісторыю распавялі таксама бацькі дзяўчынкі.

Джэмайма Лэйзэл (Jemima Layzell) трапіла ў шпіталь з анэўрызмай галаўнога мозга, бо ў сваім доме страціла прытомнасьць. Праз чатыры дні яна памерла ў шпіталі, але перад сьмерцю дзяўчынка заявіла, што хоча, каб яе органы былі перасаджаныя іншым грамадзянам.

У той час, калі тыповы донар пасьля сьмерці дае два ці тры трансплянтанты, Джэмайма аддала сваё сэрца, падстраўнікавую залозу, лёгкія, ныркі, тонкую кішку й пячонку ды здолела дапамагчы выжыць пяці іншым дзецям і тром дарослым.

Праз пяць гадоў пасьля апэрацыі лекары паведамілі бацькам Джэмаймы, што ўсе пацыенты, якім былі перасаджаныя органы яе дачкі, здаровыя й жывыя. Бацька сказаў журналістам, што спачатку вагаўся, ці даць згоду на перасадку органаў, але, паводле яго, калі ўбачыў сьпіс дзяцей, якія б памерлі, калі б не перасадка, то зьмяніў свой падыход. Дарэчы, восем чалавек, якія атрымалі органы ад аднаго пацыента – гэта рэкорд у сусьветным маштабе.

Паводле бацькоў Джэмаймы Лэйзэл, яны вырашылі падзяліцца сваёй гісторыяй са сьветам у надзеі заахвоціць іншых далучыцца да рэгістра донараў, паведамляе тыднёвік “Wprost”.

Паводле дадзеных, у мінулым годзе ў чаканьні перасадкі ў Вялікабрытаніі загінула 457 чалавек, у тым ліку 14 дзяцей. У цяперашні час у сьпісе чаканьня перасадкі налічваецца 6 414 чалавек, у тым ліку 176 дзяцей.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт