С.Цэнцкевіч: Ёсьць сувязь паміж паездкай Валэнсы ў Маскву й адстаўкай ураду
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
08.06.2017 12:55
Прэзыдэнт хацеў падпісаць пагадненьне пра разьмяшчэньне ў былых савецкіх базах у Польшчы прадстаўніцтваў расейскай выведкі.
www.pixabay.com
5 чэрвеня споўнілася 25 гадоў з гэтак званай «Начной зьмены». Так у Польшчы называюць расфармаваньне ўраду Яна Альшэўскага ноччу з 4 на 5 чэрвеня 1992 году – нагадвае niezalezna.pl. Раней парлямэнт прыняў закон, які ўсклаў на міністра ўнутраных спраў абавязак выдаць поўную інфармацыю пра вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, а таксама дэпутатаў, якія супрацоўнічалі са спэцслужбамі ў 1945-1990 гг. Новыя факты пра гэтыя падзеі апісвае дырэктар Вайсковага гістарычнага бюро Славамір Цэнцкевіч.
У эфіры Польскага радыё Цэнцкевіч згадаў пра тры асноўныя прычыны адстаўкі ўраду Яна Альшэўскага. Першай прычынай было тое, што для кабінэту міністраў стратэгічным вэктарам было супрацоўніцтва з NATO. Альшэўскі ад самага пачатку казаў пра важнейшую мэту – уступленьне ў альянс, і напаткаў контрканцэпцыю – NATO-біс.
Гісторык распавёў таксама, што ў траўні 1992 году тагачасны прэзыдэнт Лех Валэнса адправіўся ў Маскву, каб абмеркаваць польска-расейскае пагадненьне. Па словах Цэнцкевіча, ён хацеў падпісаць пагадненьне, у якім ішла гаворка пра разьмяшчэньне ў былых савецкіх базах у Польшчы прадстаўніцтваў расейскай выведкі. Акрамя таго, кіраўнік контрвыведкі Ведамства аховы дзяржавы перадаў міністрам Наімскаму і Мацярэвічу дакумэнт, з якога вынікала, што расейцы маюць у сваім распараджэньні матэрыялы, якія кампрамэтуюць Валэнсу, і яны могуць быць выкарыстаныя падчас перамоваў на тэму пагадненьня.
Ёсьць непасрэдная сувязь паміж падарожжам Валэнсы ў Маскву й адстаўкай ураду. Пасьля вяртаньня, 23 траўня, прэзыдэнт выслаў ліст старшыні Сэйму, у якім напісаў, што адмаўляецца падтрымліваць урад Яна Альшэўскага, – адзначыў Славамір Цэнцкевіч.
niezalezna.pl/нг