Logo Polskiego Radia
Print

Ці ведаюць улады, як спыніць згасаньне рэгіянальных гарадоў?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.05.2017 20:53
  • Ці ведаюць улады, як спыніць згасаньне рэгіянальных гарадоў.mp3
Пасьля «Маршу недармаедаў» праблемы Воршы, Бабруйска і Баранавічаў пастанавілі вырашыць у рэжыме «ручнога кіраваньня».
pixabay.com/CC0

Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся «навесьці жалезны парадак» у сярэдніх гарадах і адчыняць школы не раней за 9 гадзіну, а пасьля адправіўся ў Кітай з мэтай заваяваць прыхільнасьць кітайскіх інвэстараў. Як спыніць згасаньне рэгіянальных цэнтраў? Ці беларускія малакапрадукты праб’юцца на кітайскі рынак? Гэтыя ды іншыя пытаньня, узьнятыя падзеямі мінулага тыдня абмяркоўваюць у «Палітычным люстэрку» Аляксандар Папко і экспэрт EAST Center Андрэй Елісееў.

Пасьля хакею й мовы Аляксандар Лукашэнка ўзяўся за школу...

12 траўня Аляксандар Лукашэнка даручыў зьмяніць графік працы школаў. «Раней за 9 гадзінаў урокі пачынаць ня трэба», – заявіў ён на нарадзе, прысьвечанай каравым пытаньням. Сваё патрабаваньне кіраўнік дзяржавы патлумачыў тым, што дзеці не высыпаюцца. Ці пачнуць установы адукацыі адчыняцца пазьней? Чаму кіраўнік дзяржавы даволі нечакана зацікавіўся сном школьнікаў? Як гэтая сытуацыя характарызуе ўсю сыстэму прыняцьця рашэньняў у Беларусі?

Андрэй Елісееў: Такая сытуацыя цудоўна адлюстроўвае сутнасьць палітычнай сыстэмы ў краіне, а менавіта пэрсаналісцкі аўтарытарызм. Любоў да хакею Лукашэнкі вылілася ў масавае будаўніцтва лядовых палацаў. Ягоная нелюбоў да беларускай мовы прывяла да поўнага выцясьненьня нацыянальнай мовы з публічнай прасторы. Цяпер школьны пэрыяд ягонага малодшага сына выклікае розныя, нярэдка спрэчныя, прапановы ў адукацыйная сфэры.

Ужо зьявілася інфармацыя, што мясцовыя аддзелы адукацыі патрабуюць ад школаў вытлумачэньня, чаму яны пачынаюць заняткі раней за 9. Цалкам верагодна, што частка ўстановаў сярэдняй адукацыі, асабліва тыя, што не маюць другой зьмены, пяройдуць на новы графік з наступнага году. Установа, дзе такая верагоднасьць найбольшая, – Астрашыцка-Гарадоцкая школа. Вельмі важна, што розныя перамены ў графіку ці ў умовах цэнтралізаваных тэстаў ніяк не вырашаюць праблемаў забюракратызаванай састарэлай сыстэмы адукацыі ў краіне.

«Маршы недармаедаў» прымусілі ўлады паглядзець на рэгіянальныя гарады

У гэты ж самы дзень, 12 траўня, кіраўнік Беларусі даручыў навесьці «жалезны парадак» і вырашыць сацыяльна-эканамічныя праблемы такіх гарадоў як Ворша, Бабруйск, Барысаў і Баранавічы. Чаму ўвагу ўладаў прыцягнулі менавіта гэтыя гарады? Наколькі высокія шанцы таго, што эканамічная сытуацыя ў сярэдніх беларускіх гарадах палепшыцца?

Андрэй Елісееў: У гэтых гарадах (плюс Пінск) жыве болей за ўсё людзей пасьля абласных цэнтраў. У Воршы, Бабруйску і Баранавічах адбыліся масавыя пратэстныя акцыі з нагоды скандальнага дэкрэта. А Барысаў быў названы, мабыць, дзеля таго, каб асацыяцыі з пратэстамі не былі відавочнымі. Адным загадам сацыяльна-эканамічнае становішча ў гэтых ды іншых гарадах не палепшыцца.

Сёлета будзе ўжо трэці чарговы год эканамічнага спаду. Па ўсім сьвеце краінаў, дзе з 2015-га года штогод зьмяншаецца ўнутраны валавы прадукт, усяго каля дзесятка. Замест сурʼёзнай публічнай дыскусіі пра замену эканамічнай мадэлі і сурʼёзныя перамены ў розных сфэрах дзяржаўнага кіраваньня, адбываецца простае агучваньне патрэбаў. Вялікія сацыяльна-эканамічныя праблемы ў гэтых гарадах і так вядомыя, пра гэта і казаць няма чаго. Пытаньне без адказу – калі будзе сурʼёзная грамадзкая й экспэртная дыскусія й распрацоўка пляну па іх вырашэньні?

На кітайскім рынку ў беларускага малака ёсьць вельмі сур’ёзны канкурэнт

13 траўня Аляксандар Лукашэнка адправіўся ў Кітай на ўдзел у саміце «Адзін пояс-адзін шлях», дзе абмяркоўваюцца пытаньні пабудовы транспартнага калідору з Кітая ў заходнюю Эўропу. А 14 траўня прадстаўнікі Мінсельгасхарчу заявілі, што кітайская кампанія DRex падпісала з урадам пратакол аб намерах інвэставаць каля 1 мільярда даляраў у малочную вытворчасьць у Беларусі. Ці дэклярацыя аб намерах ператворыцца ў сапраўдныя інвэстыцыі і якія шанцы маюць беларускія малочныя прадукты на вялікім кітайскім рынку?

Андрэй Елісееў: Беларусь робіць малака ў тры разы болей, чым спажывае. Натуральна, лішак трэба прадаваць за мяжу, і болей за 90% экспарту прыпадае на Расею. Беларусь даўно хоча нарасьціць вытворчасьць і продажы малака. Раней былы прэмʼер-міністр Мясніковіч казаў, што ў 2015-ым годзе Беларусь будзе вырабляць 10 мільёнаў тонаў малака, і з іх прадаваць – шэсьць з паловай. Цяпер дзяржаўная праграма прадугледжвае на 2020 год 9,2 мільёнаў тонаў. Пакуль жа рэальная лічба каля 7 мільёнаў. На добры лад, Беларусь сапраўды можа ўвайсьці на кітайскі рынак. Тым больш, што экспартаваць у Эўразьвяз стала цяжэй, бо пару гадоў таму ЭЗ скасаваў квоты на вытворчасьць малочнай прадукцыі, і канкурэнцыя там павялічылася. Але ж і кітайскі рынак не рай – там высокая канкурэнцыя з боку Новай Зэляндыі – самым эфэктыўным вытворцам малочнай прадукцыі ў сьвеце.

«Гэта не лібэралізацыя, а новы прыклад «ручнога кіраваньня»

У панядзелак стала вядома, што ўлады дазволілі прадаваць у кіёсках «Белсаюздруку» газэту «Свободные Новости Плюс». А ў аўторак было зарэгістраваная грамадзкае абʼяднаньне «Гавары праўду». Улады зноў пачынаюць палітычную лібэралізацыю? Ці перастануць яны караць штрафамі й арыштамі ўдзельнікаў мітынгаў і ці выпусьцяць з-за кратаў фігурантаў «справы патрыётаў»?

Андрэй Елісееў: Гэта касмэтычныя крокі, каб паказаць невялікі прагрэс заходнім партнэрам, а ўсурʼёз казаць пра нейкую лібэралізацыю не выпадае. Гэта ж той самы стары й правераны ручны рэжым кіраваньня. Паступіў сыгнал з Адміністрацыі прэзыдэнта – нейкую арганізацыю зарэгістравалі ці не зарэгістравалі, а газэту дапусьцілі да дзяржаўнай сеткі распаўсюду – ці не. Гэта ж не зьмена нормаў і правілаў для ўсіх. Неабходна зрабіць так, каб любое выданьне незалежна ад формы ўласнасьці пры выкананьні простых умоваў магло б прадавацца ў кіёсках «Белсаюздруку». Ці каб рэгістравалі любую арганізацыю, калі яе мэты не парушаюць Канстытуцыі ды выкананыя не занадта цяжкія працэдурныя патрабаванні. Тады б гаворка ішла пра сапраўдную лібэралізацыю ў сфэры свабоды асацыяцый і распаўсюду інфармацыі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт