Logo Polskiego Radia
Print

Апазыцыя спрабуе перахапіць уладу ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.04.2017 15:30
  • Апазыцыя спрабуе.mp3
З вотумам недаверу дзейснаму ўраду выступіла партыя “Грамадзянская плятформа”.
Foto: PAP/Paweł Supernak

Кіроўная партыя “Права й справядлівасьць” бароніцца, кажучы, што за год зрабіла больш чым папярэднікі за 8 гадоў.

Сёньня ў польскім парлямэнце разгарэлася бурная дыскусія. Прычынай стаў вотум недаверу для ўрада Бэаты Шыдла, з якім выступіла партыя “Грамадзянская плятформа”. Гэтая партыя кіравала Польшчай 8 год, пакуль восеньню 2015-га года не прайграла парлямэнцкія выбары. Таксама партыя выставіла свайго кандыдата на новага прэм’ера – старшыню партыі Гжэгажа Схэтыну.

У сваім выступе кіраўнік партыі заявіў, што новы ўрад зоймецца ўмацаваньнем дэмакратыі, дэцэнтралізацыяй і шырокай сацыяльнай палітыкай ды празаходняй арыентацыяй Польшчы.

Гжэгаш Схэтына: Мы рыхтуем акт аднаўленьня дэмакратыі, акт аднаўленьня Канстытуцыі. Адным дакладным законам мы адменім усе шкодныя законы, якія вы ўвялі. Гэта законы, якія парушылі Канстытуцыю, прававы характар дзяржавы ды падзел улады. Таксама мы адбудуем міжнароднае значэньне Польшчы. Хутка ня будзе, але я перакананы, што мы зможам. Адродзім Ваймарскі трохкутнік, як эфэктыўны інструмэнт у замежнай палітыцы, вернем павагу Вышаграду ды скончым ганебныя заляцаньні да Лукашэнкі.

У адказ прадстаўнікі партыі “Права й справядлівасьць” зазначылі, што папярэднікі за гады свайго кіраваньня манапалізавалі большасьць дзяржаўных устаноў ды адключылі мэханізмы інстытуцыянальнага кантролю. Прэм’ер-міністар Бэата Шыдла заявіла, што за год ейны ўрад зрабіў больш, чым папярэднікі за 8. Гэта і праграма фінансавай дапамогі на дзяцей 500+, бясплатныя лекі для старыкоў, рэформы мэдыцыны ды юстыцыі.

Бэата Шыдла: “Грамадзянская плятформа” выкарыстоўвала лёзунг, каб жылося лепш, і жылося лепшы толькі “Грамадзянскай плятформе”. Мы кажам, каб жылося лепш усім палякам і рэалізуем гэты плян. Каб польскія сем’і былі ў бясьпецы, каб маглі годна жыць, каб польская прамысловасьць ды фірмы разьвіваліся, а польскія інтарэсы былі адпаведна прадстаўленыя.

Што да міжнароднай ізаляцыі Польшчы, у чым абвінавачвае ўрад апазыцыя, то прэм’ер-міністар зазначыла, што Польшчы самота не пагражае.

Бэата Шыдла: Пасьля сьвятаў у ЗША на запрашэньне Дзяржсакратара ляціць міністар замежных спраў Польшчы, да якога надоечы званіла спадарыня Магерыні. Мы выпрацоўваем сумесную заяву ў справе падзей у Сырыі. У чэрвені ў Варшаве адбудзецца супольная сустрэча Вышаградзкай групы ды краін Бэнэлюксу.

Іншыя парлямэнцкія фракцыі падзеленыя ў сваім стаўленьне да ўрада. Так партыя “Сучасная” заявіла, што не падтрымае ўрад Бэаты Шыдла. Старшыня партыі Рышард Пэтру заявіў, што цяперашні ўрад руйнуе краіну.

Рышард Пэтру: Вы пераўтварылі Канстытуцыйны трыбунал у партыйны фальварак, парушылі 46 артыкулаў Канстытуцыі, пазбавілі годнасьці ўсе ўстановы, якія павінны былі бараніць свабоду дзяржавы, а дзяржаўны доўг за час вашага кіраваньня вырас на 25 мільярдаў даляраў.

“Польская сялянская партыя” заявіла, што прагаласуе супраць ураду ПіС, бо партыя стварае ў краіне атмасфэру нянавісьці. З такой заявай выступіў лідар Уладыслаў Касіняк-Камыш.

Уладыслаў Касіняк-Камыш: Асноўнае наша абвінавачаньне ў бок урада – гэта зьнішчэньне нацыянальнай супольнасьці, атмасфэра страху ды падазрэньняў, узаемнага перасьледу. Я бачу ў вас моцную хваробу нянавісьці і за апошнія 12 месяцаў стан хваробы значна пагоршыўся.

Прадстаўнікі руху Паўла Кукіза выступілі з крытыкай ураду ды апазыцыі. Лідар руху Павал Кукіз зьвінаваціў апазыцыю ў выбарчых маніпуляцыях, павышэньні падаткаў, а кіроўную партыю ў празьмернай цэнтралізацыі ўлады. Ён заявіў, што рух прагаласуе за таго, хто запрапануе зьмену канстытуцыйнага ладу ў Польшчы, бо праблема мае структурны характар, а не пэрсанальны.

Павал Кукіз: Калі нехта з вас, любая з партый выступіць з вотумам недаверу да гэтай партыякратычнай сыстэмы, я з радасьцю падтрымаю і пайду за тым, каб зьмяніць гэты рэжым ды ўвесьці інструмэнты грамадзянскага кантролю над уладай, каб аддаць дзяржаву грамадзтву.

Пасьля дэбаты адбылося галасаваньне. Вотум недаверу быў адхілены. Удзел у галасаваньні прынялі 416 дэпутатаў. За прагаласавала 174, супраць 238. Для перамогі апазыцыі трэбы было здабыць падтрымку 231 дэпутата.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт