Польшча вельмі зацікаўленая ў тым, каб разьвіваць добрыя адносіны са сваімі суседзямі. Дарэчы, існуе польская прыказка «Шукай сяброў блізка, а ворагаў далёка». І згодна гэтаму правілу Польшча старалася паляпшаць адносіны з суседзямі за ўсходняй мяжой – Беларусяй, Украінай, Летувой, але гэтыя кантакты не на столькі добрыя, як хацелася б.
Польскія палітыкі бачаць пагрозы, якія могуць прыйсьці з-за ўсходняй мяжы – Расея выкарыстоўвае ўсё больш агрэсіўную рыторыку ў адносінах да сваіх суседзяў, кантакты з Украінай пакідаюць жадаць лепшага, тут шмат непаразуменьняў перш за ўсё на гістарычнай глебе. Толькі зь Беларусяй польскаму ўраду ўдалося палепшыць стасункі, але і яны хутчэй за ўсё будуць зноў замарожаныя з-за апошніх рэпрэсій менскіх уладаў супраць удзельнікаў пратэстаў.
Дэпутаты польскіх Сэйму і Сэнату імкнуцца, каб парлямэнты паасобных дзяржаў адыгрывалі больш важную ролю ў міжнароднай палітыцы. Нядаўна закончылася чарговая сэсія парлямэнцкай асамблеі Польшчы, Летувы і Ўкраіны. Адно з важнейшых пытаньняў – падтрымка інтэгральнай цэласнасьці Ўкраіны. Неабходна супрацьставіцца тэндэнцыям, якія назіраюцца ў некаторых заходніх краінах, – адзначае старшыня Сэнату Станіслаў Карчэўскі.
С. Карчэўскі: Нядаўна я быў на саміце сьпікераў парлямэнтаў, і там шмат гаварылася пра адмену або зьмяншэньне санкцый супраць Расеі. Але сытуацыя ва Ўкраіне не мяняецца, таму мы хацелі б, каб наш голас, меркаваньне трох краін, было пачутае ў Эўропе: незалежнасьць і бясьпека Ўкраіны зьяўляецца гарантыяй бясьпекі Эўропы.
Другі важны дакумэнт, прыняты падчас сэсіі парлямэнцкай асамблеі Польшчы, Украіны і Летувы – гэта зварот да ўладаў Беларусі з заклікам шанаваць асноўныя правы чалавека, якія парушаюцца цяпер у краіне. Карчэўскі ня так даўно пабываў у Беларусі, быў у захапленьні ад краіны і ад самога Лукашэнкі, якога назваў «цёплым чалавекам». Польскія СМІ пісалі пра адлігу ў польска-беларускіх адносінах, маўляў, Лукашэнка павярнуўся тварам да захаду, бо ў яго не складваюцца кантакты з Расеяй. А беларускі кіраўнік абвінаваціў Польшчу, што яна фінансуе арганізацыі, якія імкнуцца да ўзброенага перавароту.
С. Карчэўскі: Так, я быў у сьнежні з афіцыйным візытам у Менску. На маю думку, гэта быў вельмі плённы візыт. Дарэчы, паляпшаць адносіны пачаў Эўрапейскі Зьвяз, адмяняючы санкцыі. Беларусь для нас – натуральны партнэр, сусед, з якім нас яднае гісторыя, там пражывае вялікая польская дыяспара. Мы павінны клапаціцца пра нашых суайчыньнікаў. Нават заўтра ў мяне сустрэча з прадстаўнікамі беларускіх палякаў. Ёсьць праблемы, пра якія мы гутарылі і з прэзыдэнтам, з іншымі прадстаўнікамі ўладаў. Але гэтая адліга была патрэбная. Калі мы абмяркоўвалі пытаньні, якія закранем падчас паседжаньня парлямэнцкай асамблеі Польшчы, Украіны і Летувы, мы нават плянавалі запрасіць на наступную сустрэчу прадстаўнікоў беларускага парлямэнту. Аднак сытуацыя зьмянілася, і мы цьвёрда заявілі, што выступаем супраць таптаньня правоў чалавека.
Сьвежая навіна – сёньня ноччу хтосьці абстраляў польскае консульства ў Луцку на захадзе Ўкраіны. Гэта ня першы выпадак. Ва Ўкраіне невядомыя зламысьнікі зьнішчаюць польскія помнікі, было некалькі выпадкаў. Ці магчыма, што гэта робіць трэці бок, каб пагоршыць адносіны Польшчы з Украінай?
С. Карчэўскі: Я ў гэтым перакананы. Мяне цешыць тое, што нашы адносіны з украінскімі ўладамі застаюцца добрымі, мяне радуе таксама тое, што кантакты на ніжэйшым узроўні, паміж звычайнымі людзьмі, таксама вельмі добрыя. Адзін са зьнішчаных польскіх помнікаў быў адноўлены простымі грамадзянамі, гэта была ініцыятыва, якая ішла з нізоў. Мы бачым, што і польскае грамадзтва, і ўкраінскае імкнуцца да таго, каб такіх інцыдэнтаў больш не было.
Ноччу невядомыя абстралялі польскае консульства ў Луцку з гранатамёта. Ніхто не пацярпеў, пашкоджаныя дах і столь. Польскія ўлады заявілі пра намер правесьці дакладнае сьледзтва. Пра яго па тэлефоне размаўлялі прэзыдэнты Анджэй Дуда і Пётр Парашэнка. Да таго часу, пакуль ня будзе ўзмоцнена ахова аб’ектаў, усе консульскія ўстановы Польшчы ва Ўкраіне ня будуць працаваць.
І ПР. ПР/нг