Logo Polskiego Radia
Print

ІНП патрабуе ў ЗША выдачы ўкраінскага ваеннага злачынцы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.03.2017 13:31
Пракуроры абвінавачваюць украінскага нацыяналіста ў разьні ў дзьвюх вёсках ля Любліна.
Photo: Muzeum Historyczne Sanok/pl.wikipedia.org/Domena publiczna

Інстытут нацыянальнай памяці зьвернецца да Злучаных Штатаў Амэрыкі з просьбай аб выдачы Майкла Каркоца, то бок украінца, які адказвае за крывавую разьню ў вёсках пад Люблінам падчас Другой сусьветнай вайны.

У панядзелак суд ў Любліне атрымаў заяву з патрабаваньнем затрыманьня Майкла Каркоца - 98-гадовага грамадзяніна ЗША ўкраінскага паходжання, паведамляе „Rzeczpospolita”.

„У нас няма сумненьняў, што ён камандаваў падразьдзяленьнем, якое падчас вайны зьдзейсьніла разьню ў вёсках пад Люблінам, забіваючы 44 асобы, у тым ліку дзяцей”, - кажа ў размове з журналістам пракурор Робэрт Яніцкі з Галоўнай камісіі па расьсьледаваньні злачынстваў супраць польскага народу.

Польскія пракуроры абвінавачваюць украінца ва ўдзеле ў ваенных злачынствах і плянуюць зьвярнуцца да ЗША з просьбай аб яго выдачы.

На сьлед Майкла Каркоца натрапіў у 2013 годзе журналіст агенцтва The Associated Press. Ён даведаўся, што ўкраінец жыве ў Мінэапалісе ў штаце Мінэсота. У вызначэньні месца пражываньня нацыста журналісту дапамог брытанскі фармацэўт Стывэн Энкер (Stephen Ankier), які па-аматарску займаецца пошукам былых ваенных злачынцаў.

Каркоц падчас Другой сусьветнай вайны карыстаўся псэўданімам „Wołk vel Wolf”. У 1943 годзе ён далучыўся да Украінскага легіёну самаабароны, добраахвотніцкага падразьдзяленьня, якое супрацоўнічала з „СС”. У 1944 годзе ён камандаваў акцыяй у вёсцы Хланяў (Chłaniów) і Калёнія Ўладыславін (Kolonia Władysławin). Перад пачаткам акцыі ён загадаў, што ніхто ня можа застацца ў жывых. Украінцы й немцы забілі тады 44 палякаў, у тым ліку дзяцей. Маёмасьць забітых была разрабаваная, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт