Logo Polskiego Radia
Print

Высечка дрэў - толькі пасьля рэгістрацыі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.03.2017 15:00
Улады хочуць памяняць правілы, якія прывялі да хвалі вырубкі дрэваў у Польшчы.
Photo: pixabay.com

Грамадзянін, які захоча вырубіць дрэва, будзе прымушаны паведаміць аб гэтым муніцыпальным уладам. Гэта зьмена, якую кіроўная партыя „Права й справядлівасьць” прапануе ўнесьці ў прыняты надоечы закон, што прывёў да масавай высечкі дрэў у краіне, паведамляе „Dziennik Gazeta Prawna”.

Ужо на наступным тыдні парлямэнт павінен заняцца праектам зьменаў у Закон аб ахове навакольнага асяродзьдзя. Папраўкі будуць датычыць заканадаўчага акту, які дзейнічае з 1 студзеня бягучага году. Нагадаем, прынятыя напрыканцы мінулага году зьмены вызвалілі грамадзян ад абавязку атрымліваць дазвол на высечку дрэў або кустоў, калі гэта не зьвязанае з эканамічнай дзейнасьцю.

Тым часам аказалася, што прадпрымальнікі сталі выкарыстоўваць прабелы ў новых правілах. Напрыклад, за высечку дрэваў на будаўнічай пляцоўцы яны павінны заплаціць немалыя грошы. Каб пазьбегнуць гэтага прадпрымальнікі дамаўляюцца зь фізычнай асобай, ад якой купляюць зямлю, каб менавіта яна ачысьціла тэрыторыю ад дрэў і кустоў. Прадпрымальнік можа таксама на кароткі час перадаць права ўласнасьці зямлі фізычай асобе, якая выража дрэвы.

Кіроўная партыя плянуе спыніць такую практыку. Паводле апошняга праекту зьменаў у Закон аб ахове навакольнага асяродзьдзя, уладальнік зямлі будзе абавязаны ў любым выпадку паведаміць пра плянаваную высечку дрэў мясцовым уладам. Калі, напрыклад, высьветліцца, што пазьней на гэтым месцы ўзьнікне крама або паркоўка, то яму прыйдзецца за высечку заплаціць.

Паводле часткі экспэртаў, прапанаваныя зьмены ня спыняць высечкі дрэў, але муніцыпалітэты прынамсі будуць прымушаны весьці рэгістар колькасьці выразаных дрэваў, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт