Logo Polskiego Radia
Print

Турцыя патрабуе ад Польшчы закрыць школы, зьвязаныя з Гюленам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.02.2017 14:25
Багуслаў Хработа: "У свабоднай Польшчы даўно ўжо перасталі паляваць на вядзьмарак".
pixabay.com/Public Domain CC0

Турцыя хацела б, каб Польшча дэпартавала людзей Гюлена, якога вінавацяць у тэрарызьме, і зачыніла ВНУ, зьвязаныя з імі – паведамляе «Rzeczpospolita». Пра гэтыя патрабаваньні заявіў турэцкі міністар па эўрапейскіх справах Омэр Чэлік, які наведаў у сераду Варшаву. Ягоным меркаваньнем, рух Гюлена зьяўляецца для Польшчы большай пагрозай, чым Ісламская дзяржава.

Фэтхулах Гюлен – гэта мусульманскі багаслоў, які пражывае ў ЗША. У яго мільёны прыхільнікаў ня толькі ў Турцыі. На думку турэцкіх уладаў, ён зьяўляецца арганізатарам дзяржаўнага перавароту, які адбыўся ў ліпені мінулага году. Дзесяткі тысяч яго прыхільнікаў былі звольненыя з працы, многіх пасадзілі ў турму.

Пра якія школы ідзе гаворка? Чэлік іх не назваў, але неафіцыйна стала вядома, што гэта варшаўскі комплекс Мэрыдыян (у яго склад уваходзіць дзіцячы садок і школы ўсіх узроўняў), Акадэмія фінансаў і бізнэсу Vistula і Галоўная школа турызму і адпачынку. Кіраўніцтва дадзеных школ заяўляе, што яны ня маюць нічога супольнага з рухам Гюлена і агулам з турэцкай апазыцыяй. У сваю чаргу ў кантактах з Гюленам прызнаецца Фундацыя Дунай Інстытут дыялёгу, якая перакладае кніжкі багаслова на польскую мову.

У камэнтары Багуслаў Хработа піша, што Турцыя пераўтварылася ў жорсткую рэгіянальную дыктатуру, а чысткі, праведзеныя пасьля ўяўнага перавароту, можна параўнаць са сталінскімі рэпрэсіямі. А на патрабаваньні турэцкіх уладаў выдаць людзей Гюлена і зачыніць зьвязаныя з ім школы трэба адказаць: у свабоднай Польшчы даўно ўжо перасталі паляваць на вядзьмарак.

Rzeczpospolita/нг



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт