Logo Polskiego Radia
Print

«Скарачэньне паставак расейскай нафты – не такая катастрофа, як падавалася»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.01.2017 21:03
  • Скарачэньне паставак расейскай нафты – не такая катастрофа, як падавалася.mp3
Беларускі бюджэт заплянаваны, зыходзячы з цаны нафты ў 35 даляраў за барэль, а яна можа каштаваць каля 50 – мяркуе палітоляг.
pixabay.com

У Беларусі рыхтуюцца сурʼёзныя перамены ў гістарычнай палітыцы, зьнешняй палітыцы й эканоміцы. Прынамсі, такія заявы рабілі беларускія палітыкі ў апошнія 7 дзён. Ці беларускія ўлады пачнуць глядзець на мінулае з несавецкай пэрспэктывы? Ці пачнецца маштабная лібэралізацыя эканомікі? Ці вернецца Менск на эўрапейскую палітычную арэну? Гэтыя патаньні ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць палітоляг Максім Руст і Аляксандар Папко.

Катастрофы сапраўды няма, але і альтэрнатывў таксама

«Катастрофы няма, але скарачэньне паставак нафты ад Расейскай Фэдэрацыі павінна быць замешчана альтэрнатыўнымі варыянтамі», – заявіў 20 студзеня Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам віцэпрэмʼера Ўладзімера Сямашку. Якія могуць быць альтэрнатывы расейскай нафце?

Максім Руст: Беларуская эканоміка і беларуская энэргетычная інфраструктура вельмі залежаць ад расейскай нафты й газу. Канешне, мы можам прывесьці камічны прыклад нафты з Вэнэсуэлы ці прыгадаць пра ўласныя радовішчы нафты, якія вельмі мала. Ёсьць магчымасьць прывозіць нафту з Азэрбайджану й Блізкага Ўсходу – але гэтыя варыянты вельмі дарагія. Бюджэт Беларусі на гэты год плянаваўся з разьліку цаны нафты ў 35 даляраў за барэль. Цяпер жа цана нафты перавышае 40 даляраў і можа ў гэтым годзе дасягнуць 50. Таму скарачэньне паставак нафты можа ня стаць такой катастрофай для бюджэту Беларусі, як многія думалі. Аднак нават калі дапусьціць, што Беларусь знойдзе эканамічна выгадную альтэрнатыву расейскай нафце, то эканамічныя дывідэнды ад гэтага сёньня не пакрыюць стратаў ад пагаршэньня адносінаў з Расеяй. Таму сапраўднай альтэрнатывы расейскім энэрганосьбітам пакуль няма.

Да БССР дададуць гісторыю ВКЛ

Міністэрства замежных справаў Беларусі зьбіраецца абмеркаваць з Нацыянальнай акадэміяй навук пытаньні гістарычнай палітыкі. Пра гэта заявіў 20 студзеня Ўладзімер Макей, адкрываючы мэмарыяльную дошку на доме, дзе ў лютым 1919 году знаходзіўся Камісарыят па замежных справах Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь – як пазначана на табліцы, «першай зьнешнепалітычнай установы дзяржавы». «Мы павінны зрабіць так, каб наш народ бачыў, што мы зьяўляемся дзяржавай зь вялікімі даўнімі традыцыямі» – падкрэсьліў Макей. Наколькі моцна зьмяніцца гістарычная палітыка? Адкуль будзе пачынацца гісторыя беларускай дзяржавы: ад часоў БНР, БССР, Вялікага Княства?

Максім Руст: Думаю, падыход ня надта зьменіцца. Рэспубліку Беларусь будуць разглядаць як пераемніцу БССР. Гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі застанецца, як і цяпер, нейкім фактам у падручніках, аднак істотнага значэньня яму ўлады надаваць ня будуць. Думаю, большы націск будзе рабіцца на гісторыю ВКЛ, каб паказаць Расеі, што Беларусь мае доўгую гісторыю, а таксама паказаць Захаду, што мы былі часткай Эўропы. Паглыбленага вывучэньня гісторыі ХХ стагодзьдзя таксам ня будзе. Як і цяпер, тэмай калектывізацыі ці рэпрэсіяў будуць займацца недзяржаўныя арганізацыі.

Штрафы не адменяць – няма чым папаўняць бюджэт

Беларусь чакаюць рэвалюцыйныя эканамічныя рэформы. Прынамсі, так прадугледжвае праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2016–2020 гады, якую зацьвердзіў урад. Сярод мерапрыемстваў, расьпісаных бліжэйшыя 3 гады, знаходзяцца: зьняцьце абмежаваньняў на адкрыцьцё рахункаў у замежных банках, адмена абавязковага продажу валютнай выручкі, меры скіраваныя на тое, каб зрабіць прыватызацыю дзяржмаёмасьці незваротнай, скарачэньне штрафаў для малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Ці гэтыя меры сапраўды ўвойдуць у жыцьцё?

Максім Руст: Гэтыя захады цяжка назваць рэвалюцыйнымі. Калі мы кажам пра магчымасцьць адкрыцьця разхункаў у замежных банках ці замацаваньне вынікаў прыватызацыі – так, на такія крокі могуць пайсьці. Аднак усё роўна гэта ня зьменіць інвэстыцыйнай прывабнасьці Беларусі. Інвэстары пакуль ня бачаць у Беларусі патэнцыялу й баяцца прыходзіць на рынак. Варта памятаць што дзяржаўная запазычанасьць у стасунку да ВУП за апошнія 3 гады вырасла на 20%. Яна складае 50% ад валавога ўнутранага прадукту. Мне падаецца, у такой сытуацыі штрафы наўрад ці будуць меншымі. Я ня думаю, што адменяць абавязак прадаваць выручку ў замежнай валюце, бо з дзяржаўнай запазычанасьцю трэба неяк разьлічвацца. Будуць зробленыя некаторыя рэформы, аднак, яны не прывядуць да трансфармацыі беларускай эканомікі.

Выбарчую сыстэму не рэфармуюць, але выкананьне сьмяротных прысудаў могуць спыніць

Беларускія ўлады хочуць вярнуць статус спэцыяльнага запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Пра гэта 24 студзеня заявіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Навошта Менску вяртацца ў арганізацыю, якая вызначае стандарты дэмакратыі, займаецца абаронай правоў чалавека і ўкараненьнем прынцыпаў прававой дзяржавы? Вядома, што беларускія ўлады будуць на гэтым форуме крытыкаваць…

Максім Руст: Гэта іміджавы крок, адзін з крокаў у рэчышчы паляпшэньня стасункаў з Захадам, якое мы назіраем ужо 2 гады. Галоўныя праблемы для Менска – гэта праблемы сьмяротнага пакараньня й рэформа выбарчай сыстэмы. Вядома, што рабіць выбарчы працэс празрыстым улады цяпер не зьбіраюцца. А вось мараторый на сьмяротнае пакараньне могуць увесьці – гэта ня так важна для ўладаў. Пры гэтым Менск будзе дакладна пралічваць, колькі дывідэндаў ён атрымае за кожную дэклярацыю. Пакуль ён робіць заявы, а не рэформы.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт