Logo Polskiego Radia
Print

Przewozy Regionalne ўпершыню атрымалі прыбытак

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.01.2017 13:16
Чыгуначная кампанія плянуе пашырэньне супрацы з аўтаперавозчыкамі.
Photo:pixaby. com/ CC0 Public Domain

Чыгуначнае прадпрыемства Przewozy Regionalne („Рэгіянальныя перавозкі”) упершыню ў гісторыі зафіксавала фінансавы прыбытак. Старшыня прадпрыемства Кшыштаф Маміньскі (Krzysztof Mamiński) паведаміў, што ў мінулым годзе прадпрыемства зарабіла на дзелавой актыўнасьці 50 мільёнаў злотых (гэта больш за 11 мільёнаў 441 тысячу эўра).

У 2016 годзе таксама павялічылася колькасьць пасажыраў.

Кшыштаф Маміньскі: Нам удалося палепшыць прапанову й перавезьці больш кліентаў. У 2016 годзе нашымі паслугамі скарысталіся на 5 мільёны больш пасажыраў, чым годам раней. У сваю чаргу кантракты на перавозкі, заключаныя на 2017 год на 5% большыя, чым у мінулыя гады.

Старшыня прадпрыемства абвясьціў, што ў гэтым годзе пасажыраў будзе яшчэ больш. Прадпрыемства Przewozy Regionalne („Рэгіянальныя перавозкі”) абслугоўвае ў асноўным рэгіянальныя маршруты. Кампанія знаходзіцца ў працэсе рэструктурызацыі. Перавозчык робіць стаўку на скарачэньне выдаткаў, плянуе набыцьцё новых цягнікоў і мадэрнізацыю старых.

Апрача таго, чыгуначнікі намерваюцца супрацоўнічаць з аўтаперавозчыкамі. З гэтай мэтай Przewozy Regionalne падпісалі ліст аб намерах супрацы зь сямю дзяржаўнымі дарожна-транспартнымі кампаніямі, у тым ліку з кампаніямі Polonus, PKS і Polbus.

Пляны прадугледжваюць каардынацыю графікаў, прыпынкі на чыгуначных вакзалах, а таксама спалучэньне тарыфаў. Паводле Кшыштафа Маміньскага, вынікаў пагадненьня можна чакаць на працягу некалькіх месяцаў.

Кшыштаф Маміньскі: Гэта напэўна дасьць больш магчымасьцяў карыстацца паслугамі абодвух перавозчыкаў. Гэта першы крок. Далей, то бок з 1 красавіка на адной інтэрнэт-плятформе можна будзе купіць спалучаны білет, то бок квіток на рэйс аўтобусам і цягнікамі прадпрыемства Przewozy Regionalne.

Старшыня кампаніі Polbus Кшыштаф Балявайдэр (Krzysztof Balawajder) заявіў пасьля падпісаньня дамовы, што гэтае супрацоўніцтва прынясе карысьць таксама пасажырам.

Кшыштаф Балявайдэр: Мы апынуліся тут таксама таму, каб паказаць, што некаторыя стэрэатыпы можна пераадолець. Напрыклад, што дзяржаўныя кампаніі могуць супрацоўнічаць паміж сабой, што могуць прымаць рашэньні з мэтай паляпшэньня якасьці падарожжа й камфорту пасажыраў, менавіта таму празь некалькі месяцаў ва Ўроцлаве, на захадзе Польшчы, будзе адкрыты найбольш сучасны аўтобусны вакзал у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Чыгуначнікі й аўтаперавозчыкі не выключаюць магчымасьці ўвядзеньня адзінага білета.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт