Аб тым, што ў польскай сыстэме адукацыі рыхтуюцца зьмены, было вядома здаўна. Яшчэ перад выбарамі дэпутатаў парлямэнту ў мінулым годзе палітыкі партыі «Права і справядлівасьць» абяцалі правесьці грунтоўную рэформу ў школьніцтве, калі ўдасца ім заваяваць уладу. Цяпер у дадзенай групоўкі поўная ўлада ў руках – як большасьць у парлямэнце, так і прадстаўнік партыі на пасадзе прэзыдэнта. Таму і рэформы пайшлі хутка.
Аднак рэвалюцыя ў адукацыі крыху прытармазіла, паколькі супраць зьменаў, асабліва ліквідацыі гімназій, даволі нечакана пачалі выступаць настаўнікі. Таму прэзыдэнт літаральна да апошняй хвіліны вагаўся, ці падпісваць законы, якія ўводзяць рэформу адукацыі. І ўрэшце ў панядзелак подпіс галавы дзяржавы быў пастаўлены пад дакумэнтамі.
Канешне, ліквідацыя гімназій – гэта не адзіны элемэнт рэформы адукацыі, але самы важны, які перш за ўсё прыцягвае ўвагу грамадзтва, асабліва бацькоў дзяцей у школьным узросьце. У агульным пляне грамадзяне Польшчы як правіла падтрымліваюць ідэю вярнуцца да 8-гадовай базавай школы і 4-гадовага ліцэя, аднак існаваў шэраг праблемных пытаньняў, якія затрымлівалі рашэньне прэзыдэнта. Тым ня менш, на думку Анджэя Дуды, рэформа вельмі патрэбная польскай школе. Гаворка ідзе перш за ўсё пра дабро вучняў.
А. Дуда: Каб польская школа была лепшай, каб добра вучыла, каб настаўнікі адчувалі сябе ў такой школе камфортна, але перш за ўсё каб камфортна адчуваў сябе ў такой школе вучань. Бацькі, а часам і самі настаўнікі падкрэсьліваюць: сёньня польская школа вучыць школьнікаў, хаця не заўсёды ідэальна, але напэўна нельга сказаць, што школа дзяцей выхоўвае. А мы хочам, каб бацькі мелі ўпэўненасьць: цяпер школа добра вучыць, але перш за ўсё добра выхоўвае.
На думку апазыцыі, прэзыдэнт мэтанакіравана зацягваў падпісаньне дакумэнтаў, каб даць муніцыпальным органам як мага менш часу на падрыхтоўку рэформы. Яны павінны падрыхтаваць зьмены да канца лютага, часу вельмі мала, таму нельга спадзявацца, што ўсё будзе падрыхтавана ідэальна. А тады гнеў людзей будзе накіраваны менавіта на органы мясцовага самакіраваньня, у якіх яшчэ партыя «Права і справядлівасьць» пераважна ня мае большасьці. А ў будучым годзе павінны адбыцца муніцыпальныя выбары.
Кіруючыя сілы пераконваюць, што рэформа адукацыі вельмі патрэбная, што яна прынясе пазытыўныя вынікі. Ня згодныя з імі ў пераважнай ступені настаўнікі. Многія кажуць, што зьмены ўводзяцца надта хутка, непрадумана, і што многія пэдагогі страцяць свае працоўныя месцы. Гаворка ідзе пра ліквідацыю нават некалькіх дзесяткаў тысяч штатаў настаўнікаў. Зусім ня згодная з гэтымі падлікамі міністар адукацыі Анна Залеўска, якая падкрэсьлівае, што звальненьні неабходныя, але яны выкліканыя меншай колькасьцю школьнікаў у выніку дэмаграфічнага спаду.
А. Залеўска: Апошнімі гадамі тысячы настаўнікаў былі звольненыя ў выніку зьмяншэньня колькасьці вучняў. Але новы закон аб асьвеце прадбачвае стварэньне 5,5 тыс. новых працоўных месцаў. Трэба таксама згадаць пра карысьці, якія прынясе рэформа школьнікам. Гімназіі стануць пачатковымі школамі, такім чынам пачатковых школ будзе значна больш, а гэта дазволіць зьменшыць колькасьць вучняў у адным клясе. Нельга забываць пра гэтыя плюсы: меншыя клясы, вучоба ў адну зьмену, малыя школы.
У сваю чаргу апазыцыя палітычнай сцэны Польшчы мяркуе, што рэформа вядзе да пагаршэньня якасьці адукацыі. На думку дэпутата партыі «Сучасная» Катажыны Любнаўэр, самая вялікая небясьпека новай адукацыйнай сыстэмы – гэта абмежаваньне шанцаў на зраўнаньне ўзроўню навучаньня для дзяцей на правінцы. Яны будуць вучыцца ў малых, слаба фінансаваных школах, а гімназіі давалі ім магчымасьць падцягнуцца зь ведамі да равесьнікаў з вялікіх гарадоў.
Цяпер школы чакае пяцігадовы пераходны пэрыяд. У канчатковым варыянце ў 2022/2023 навучальным годзе сыстэма будзе ўжо складвацца з абавязковага дзіцячага садка для шасьцігадовых дзяцей, васьмігадовай пачатковай школы і чатырохгадовага ліцэя, пяцігадовага тэхнікуму або прафэсійнага вучылішча. Прыватныя гімназіі павінны стаць або пачатковымі школамі, або ліцэямі.
Але нельга сказаць пра спакойнае ўвядзеньне рэформы. Прафсаюзы настаўнікаў ужо заявілі пра намер правесьці генэральны страйк.
нг