З учорашняга дня праз Польшчу праходзіць арктычны фронт: па ўсёй краіне дзьме моцны вецер, ідзе сьнег, рэзка пахаладала. Удар стыхіі азначае клопаты для жыхароў ды дзяржаўных службаў. Ратаўнікі і паліцыянты змагаюцца з заторамі на дарогах, парванымі электрасеткамі ды паводкай.
Сёньня ў Польшчы марозна. Тэмпэратура апусьцілася з 2-5 С да -4-9 С. У бліжэйшыя дні абяцаюць маразы нават на ўзроўні -20-25 градусаў Цэльсія. У дадатак да гэтага падае сьнег ды дзьме моцны вецер. Усё гэта прывяло да таго, што дзяржаўныя ды гарадзкія службы пастаўленыя ў стан найвышэйшай гатоўнасьці. Урадавы цэнтар бясьпекі інфармуе, што ратаўнікі ды рамонтнікі не перастаюць выяжджаць на акцыі ва ўсёй Польшчы.
Адна зь першых патрэб – рамонт паваленых ветрам электрасетак. Як паведамляе Бажэна Высоцка з Урадавага цэнтру бясьпекі, на сёньняшні дзень у Польшчы без электрычнасьці засталіся каля 18 тысяч чалавек.
Бажэна Высоцка: Найбольш праблем у Падляскім ваяводзтве, там каля 5 тысяч адрасатаў ня маюць электрычнасьці. У Варміньска-Мазурскім ваяводзтве падобная колькасьць. Яшчэ тры тысячы адрасатаў у Заходне-Паморскім ваяводзтве і каля 2 тысяч 600 чалавек у Паморскім ваяводзтве.
На поўначы краіны ратаўнічыя службы змагаюцца з праблемай паводкі. З-за моцнага ветру вада ў рэках пачала вяртацца, абвешчаная штармавая трывога ў партах на балтыйскім узьбярэжжы. Так, у Устцы на 20 сантымэтраў узровень вады перакрочыў трывожны стан. Драматычная сытуацыя склалася ў рэгіёне Жулаў. На тутэйшых выспах людзям пагражала эвакуацыя, а пажарнікам давялося выкарыстаць 3 тысячы мяшкоў з пяском, каб умацаваў супрацьпавадкавыя валы. Пад вадой апынуўся стары горад у Эльблёнгу. Цяжкую ноч мелі жыхары вёскі Дольна Кэмпа, якая месьціцца пры зьліваньні дзьвюх рэк: Цепліцоўкі ды Нагата. Гаворыць гарадзкі камэндант ратаўнічай службы ў Эльблёнгу Лукаш Кохан.
Лукаш Кохан: Актуальны стан вады, які цяпер трымаецца ў Дольнай Кэмпе – гэта 639 сантымэтраў, а ўзровень небясьпечны – гэта 539. То бок, вады нашмат больш. Мы вялі ратаўнічыя акцыяў у прыбліжаных вёсках.
У сваю чаргу на поўдні Польшчы пагрозай стала не вада, а мароз. Трывогу б’юць у Сылескім ваяводзтве. Справа ў тым, што тут найбольш за ўсё жыве бяздомных у Польшчы. Толькі ў Катовіцэ налічваецца каля 800 бяздомных. Дапамагчы ім заклікаюць працаўнікі гарадзкіх цэнтраў сацыяльнай дапамогі. Гаворыць Яцэк Марціняк з катавіцкага цэнтра.
Яцэк Марціняк: Цяпер ладзіцца акцыя па зборы шапак, шалікаў, адзежы. Усе гэтыя рэчы трапяць да бяздомных ды ўстановаў сацыяльнай дапамогі. Грамадзтва рэагуе на праблему бяздомнасьці. Да нас многія звоняць, людзі паведамляюць, што бачылі кагосьці на вуліцы, у пад’езьдзе ці вакол дома.
У сылескіх гарадах мясцовыя ўлады пачала расстаўляць на вуліцах гарадоў печкі, прытулкі для бяздомных працуюць круглыя суткі, а вуліцы патрулююць дадатковыя нарады паліцыі ды гарадзкой варты.
Яшчэ адной праблемай, якую прынесла зіма, стала закаркаванасьць дарог. Сьлізкая паверхня ды вялікія сьнегапады прывялі да таго, што ўчора былі закрытыя нават аўтамагістралі. Так, заблякаваная была аўтамагістраль А2 каля Лодзі ды аўтамагістраль А11 на выезд з Польшчы ў Нямеччыну. З-за пагаршэньня надвор’я вырасла колькасьць аварый ды здарэньняў на дарозе. Дарожная паліцыя зьвярнулася з заклікам да кіроўцаў, каб яны дапасоўвалі хуткасьць язды да ўмоваў надвор’я. Гаворыць інспэктар дарожнай паліцыі Марыюш Цярка.
Марыюш Цярка: Мы заклікаем кіроўцаў, каб яны кіравалі разважліва ды асьцярожна. Надвор’е не спрыяе кіроўцам. Сьнег ды мароз прывялі да таго, што на дарогах пануе галалёдзіца. У выніку вырасла колькасьць аварый. Мы заклікаем, што нават калі знакі дазваляюць ехаць хутчэй, трэба ў першую чаргу зьвяртаць увагу на ўмовы, якія назіраюцца на дарозе.
Дзяржаўны цэнтар бясьпекі Польшчы выступіў сёньня з заявай, што мэтэаралягічная сытуацыя стабілізуецца. Аднак ліквідаваць наступствы буйства стыхіі ратаўнікам давядзецца яшчэ некалькі дзён.
Юры Ліхтаровіч