Польскі ўрад узяўся за праблему забруджваньня паветра
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
16.12.2016 13:21
Спальваньне аўтамабільных шын у печцы – гэта малая ашчаднасьць, а вялікая шкода для здароўя.
pixabay.com/Public Domain CC0
Як мы паведамлялі, учора ў сталіцы Польшчы можна было бясплатна карыстацца гарадзкім транспартам па прычыне высокай канцэнтрацыі шкодных рэчываў у паветры. Здаецца, кіруючыя сілы ўрэшце сур’ёзна пачынаюць разважаць, як палепшыць якасьць паветра. Адзін з важных элемэнтаў гэтай праблемы – спальваньне сьмецьця ў хатніх печках – піша выданьне «Puls Biznesu». Урад пачаў адукацыйную кампанію, якая вучыць, што спальваньне аўтамабільных шын у печцы – гэта малая ашчаднасьць, а вялікая шкода для здароўя. Сама адукацыя – гэта замала. Міністэрства энэргіі вырашыла падыйсьці ды пытаньня комплексна. Віцэ-міністар Анджэй Пятроўскі адзначае, што адпаведнымі льготамі ўрад намераны заахвоціць палякаў абаграваць дамы электрычнай энэргіяй.
Ведамства падлічыла, што падчас вырабу аднаго кілявата электраэнэргіі на вугальнай электрастанцыі ў атмасфэру выкідваецца ў 10 разоў менш пылу, чым падчас вырабу той жа колькасьці энэргіі ў хатніх печках, нават самых сучасных. Вугалем і сьмецьцем дамы абагравае каля 3 мільёнаў хатніх гаспадарак. І да іх урад кіруе сваю прапанову. Ён намераны стварыць на столькі прывабныя фінансавыя ўмовы, каб маглі імі скарыстацца нават небагатыя асобы. Гаворка ідзе пра танны начны тарыф, прызначаны толькі на абагрэў. Аўтары прапановы разьлічваюць, што міністар фінансаў адмовіцца ад абкладаньня гэтай паслугі акцызным зборам. Калі ўрад рашыцца на такі крок, неабходна будзе прыняць новыя законы. Магчыма, неабходна будзе зьвярнуцца па згоду да Эўрапейскага Зьвязу.
Польшча, Нямеччына ды Італія выкідваюць найбольш пылу ў паветра ў Эўропе. Зьмяншэньне выкідаў значна палепшыць стан здароўя палякаў, – кажа Анджэй Пятроўскі. Ідэя Міністэрства энэргіі патрабуе высокіх выдаткаў. Найбольш будзе каштаваць абмен абагравальных печак – адна каштуе каля 15 тыс. злотых. Акрамя таго, будаўніцтва абагравальнай сеткі на базе электраэнэргіі будзе патрабаваць мадэрнізацыі некаторых энэргетычных ліній. Сетка перадачы павінна быць вельмі надзейнай, каб не аказалася, што ў сярэдзіне зімы хтосьці акажацца безь цяпла.
Puls Biznesu/нг