Навошта Расеі можа спатрэбіцца 4 тыс. вагонаў з войскам
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
30.11.2016 15:45
На думку камэнтатараў, гэта прыкмета буйных вучэньняў, але таксама адна са спроб запалохаць Лукашэнку.
Расейская армія на парадзеwww.pixabay.com
На будучы год Расея плянуе значна павялічыць чыгуначныя ваенныя перавозкі ў Беларусь. Расейскае Міністэрства абароны апублікавала дадзеныя на тэму плянаваных тэндэраў на гэты від чыгуначнага транспарту. Калі сёлета тэндэры былі расьпісаныя на 50 вагонаў, то ў 2017 Расея плянуе заказаць 4162 вагоны. СМІ губляюцца ў здагадках, навошта расейцам такая вялізная колькасьць транспарту.
У верасьні будучага года ў Беларусі па традыцыі павінны адбыцца ваенныя вучэньні «Захад», якія праходзяць рэгулярна, у рамках манэўраў аднойчы расейцы нават распрацоўвалі ўяўныя пляны ядзернай атакі на Варшаву і дэсант на Прыбалтыку. Магчыма, плянаваныя манэўры будуць яшчэ больш маштабныя, паколькі сытуацыя ў Эўропе памянялася, Расея бачыць вакол сябе ўсё больш ворагаў, нарошчвае сваю ваенную моц, і таму патрэбная ёй вялікая колькасьць транспарту для перавозкі жаўнераў і тэхнікі на вучэньні. Іншая справа – магчымае разьмяшчэньне расейскай авіябазы ў Беларусі, пра што гаворыцца ўжо здаўна, але пытаньне яшчэ ня вырашана. Што магло быць прычынай такога вялізнага тэндэру, мы запыталі нашага палітычнага аглядальніка Паўла Ўсава.
П. Усаў: Першы элемэнт зьвязаны з вайсковымі вучэньнямі, якія адбываюцца ў Беларусі, а другі – рэгулярнае абнаўленьне расейскіх вайсковых абʼектаў. Іх два ў Беларусі, а таксама база ў Баранавічах. І трэба браць пад увагу той факт, што Расея ўвесь час націскае на Беларусь у пытаньні разьмяшчэньня яшчэ адной базы. Тэндэр можа быць ускосным пацьверджаньнем таго, што Беларусь пагадзілася разьмясьціць такую базу або пытаньне знаходзіцца ў фазе абмеркаваньня.
Вайсковы аглядальнік Раман Якаўлеўскі згодны, што тэндэр на чыгуначны транспарт зьвязаны з арганізацыяй ваенных вучэньняў. Няма сэнсу дадумваць нейкія агрэсіўныя пляны Расеі ў адносінах да суседзяў. Тым ня менш, інфармацыя магла зьявіцца адмыслова дзеля таго, каб запалохаць беларускага кіраўніка, у якога вельмі дрэнна складваюцца адносіны з Уладзімірам Пуціным.
Р. Якаўлеўскі: Гэта ня сьведчыць аб нейкіх прыкметах магчымай інвазіі расейскіх войскаў на Беларусь. Гэта прыкмета вучэньняў «Захад 2017», але таксама гэтая інфармацыя выкарыстоўваецца, каб напалохаць Беларусь. Адносіны паміж А.Лукашэнкам і У.Пуціным вельмі напружаныя. А рост на 40% расейскага ваеннага бюджэту сьведчыць аб тым, што Расея імкнецца палохаць усіх.
Пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы ў Беларусі гавораць здаўна. Аднак на паўнавартасную базу беларускія ўлады ня хочуць пагадзіцца. Канешне, Беларусь ня можа адмовіцца ад ваеннага супрацоўніцтва з Расеяй, паколькі яна з ёй намертва павязана ў гэтым пляне, але могуць выкарыстоўвацца ўсе сродкі, магчымыя ў псыхалягічным супрацьстаяньні. На думку Рамана Якаўлеўскага, такія сэнсацыйныя зьвесткі, як пра 4 тыс. вагонаў, могуць распаўсюджваць нават самі беларускія ўлады.
Р. Якаўлеўскі: Я не выключаю, што гэтая інфармацыя генэрыруецца, каб распаўсюдзіць думку, што Беларусь нібыта пад пагрозай расейскай інвазіі. Калі Пуцін сапраўды вырашыць нешта зрабіць з Лукашэнкам, то гэта будзе палацавы пераварот, і ніхто нікога папярэджваць ня будзе.
У Беларусі так і не была збудаваная расейская авіябаза, але, магчыма, ёй прыйдзецца разьмясьціць на сваёй тэрыторыі расейскія ракетныя ўстаноўкі – падсумоўвае камэнтатар.
Р. Якаўлеўскі: Тэма авіябазы, якая так і не зьявілася ў Беларусі, можа зьмяніцца на іншую – зьяўленьне ракетнай расейскай базы. Гэта расейскія Іскандэры. Расея зробіць у Беларусі ракетную выспу, як у Калінінградзе.
На ваенныя адносіны паміж Беларусяй і Расеяй могуць паўплываць падзеі, якія мелі месца за тысячы кілямэтраў ад нас. Гэта выбары ў ЗША, на якіх перамог Дональд Трамп. Пасьля яго ўступленьня на пасаду Расея можа актывізаваць свае дзеяньні, спадзеючыся, што Амэрыка будзе больш паблажліва глядзець на яе імпэрскія памкненьні. І таму неўзабаве можа істотна павялічыць прэсінг з боку Расеі на Беларусь, каб тая апошняя дазволіла разьмясьціць расейскую ваенную базу.
нг