21 лістапада 2013году ў Кіеве сабралася акцыя пратэсту супраць адмовы тагачаснага ўкраінскага ўраду падпісваць дамову аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам. Празь некалькі месяцаў студэнцкі пратэст перарос у рэвалюцыю, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай Эўрамайдан альбо Рэвалюцыя годнасьці. Якіх вынікаў дасягнула Ўкраіна за тры гады? Як падзеі ў ва Ўкраіне зьмянілі рэгіён? Пра гэта мы запыталіся ў палітыкаў, экспэртаў і грамадзкіх актывістаў з Украіны, Польшчы й Беларусі.
На трэцюю гадавіну пачатку рэвалюцыі пад украінскай амбасадай у Варшаве прайшла акцыя памяці, удзел у якой прынялі грамадзкія актывісты й палітыкі з Украіны й Польшчы, а таксама простыя жыхары польскай сталіцы. Удзельнікі акцыі запалілі зьнічы ў памяць пра «Нябесную сотню» – 107 чалавек, якія першымі аддалі сваё жыцьцё за тое, каб Украіна разьвівалася як дэмакратычная прававая дзяржава.
Шлях да пераменаў цяжкі, ён забраў і забірае сотні жыцьцяў. Трэба памятаць пра іх і давесьці справу да канца – растлумачыла сэнс акцыі старшыня фонду «Эўрамайдан-Варшава» Натальля Панчанка.
Натальля Панчанка: Гэтыя людзі аддалі на Майдане самае дарагое, што ў іх было – сваё жыцьцё. У дзень пачатку рэвалюцыі, які тры гады таму быў вясёлым, і, як многім падавалася, мог бы скончыцца на мажорнай ноце, мы прыгадваем перш за ўсё іх. Дзякуючы такім, як яны, Украіна выстаяла, яна зьмяняецца, змагаецца й ваюе. У Рэвалюцыі годнасьці ёсьць многа момантаў, якія натхняюць, даюць аптымізм, якія мы будзем заўсёды прыгадваць з удзячнасьцю й радасьцю. Але для мяне абавязкам зьяўляецца прыгадаць тых, хто назаўсёды застанецца ў гэтай рэвалюцыі. Мы перажывем гэтую эпоху пераменаў, будзем жыць далей і нам будзе лепш, а яны назаўсёды застануцца ў гэтых днях.
Якіх вынікаў дасягнула Ўкраіна за тры гады? Украінцам удалося зьмяніць уладу і ня даць карумпаванаму кляну Януковіча ўсталяваць аўтарытарны рэжым. Яны змаглі ўвесьці ў жыцьцё дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам, правесьці новыя выбары, з нуля стварыць армію. Была ліквідаваная энэргетычная залежнасьць ад Расеі, а вытворцы пачалі пераарыентоўвацца на эўрапейскія рынкі. Нарэшце, хоць зь вялікімі цяжкасьцямі, але пачалася барацьба з карупцыяй. Было створанае нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро, бюджэт стаў празрыстым.
Акцыя памяці ў гадавіну пачатку Рэвалюцыі годнасьці, амбасада Ўкраіны ў Варшаве, лістапад 2016г.
Крэмль адказаў на рэвалюцыю ва Ўкраіне анэксіяй Крыму і вайной. Акрамя вайны ў Данбасе, украінскае грамадзтва лічыць надзвычай важнай праблемай высокую карупцыю і злачыннасьць. У эканамічнай сфэры надалей патрэбнае зьнішчэньне манаполіяў, усталяваньне справядлівага й непадкупнага суду й праваахоўнай сыстэмы.
Пабудова прававой дзяржавы зойме не адзін год. Аднак адбыліся калясальныя мэнтальныя зьмены – кажа амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дэшчыца.
Андрэй Дэшчыца (у цэнтры) на акцыі памяці ў гадавіну пачатку Эўрамайдану.
Андрэй Дэшчыца: Посьпех у тым, што ўкраінцы паверылі ў сябе, у тое, што яны могуць зьмяніць гісторыю, змагацца за сваю будучыню. Нам удалося давесьці да падпісаньня дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам і пачаць рэалізоўваць тыя ідэалы, за якія людзі выйшлі на Майдан. Канешне, пакуль удалося зрабіць ня ўсё, аднак барацьба працягваецца. Я аптыміст, і веру, што нам удасца давесьці гэтую справу да канца.
Тры гады таму краінай, якая больш за ўсё падтрымлівала памкненьні ўкраінцаў да эўрапейскай інтэграцыі, была Польшча. За апошнія некалькі гадоў кантакты паміж Варшавай і Кіевам відавочна аслаблі. Гэта часовая зьява – пераконвае дэпутат польскага сэйму ад партыі «Грамадзянская плятформа» Марцін Сьвянціцкі.
Марцін Сьвенціцкі: Ахалоджваньне стасункаў адбылося толькі ў дыялёгу па гістарычных пытаньнях – з-за рознагалосьсяў у ацэнцы пэўных гістарычных падзеяў. Таксама ахалоджваньне адбылося з-за таго, што голас Польшчы ў эўрапейскіх структурах аслабеў. Гэта мая ацэнка як дэпутата апазыцыі. Аднак усе палітычныя сілы Польшчы надалей падтрымліваюць імкненьне Ўкраіны далучыцца да Эўрапейскага зьвязу. Цяперашні польскі ўрад не адмовіўся ад задачы падтрымліваць праэўрапейскі курс Украіны.
Падзеі трохгадовай даўніны зьмянілі ня толькі Украіну, але й Беларусь – кажа публіцыст украінскага парталу hvylya.net беларускі аналітык Ігар Тышкевіч. Крамлёўская агрэсія ва Ўкраіне ўстрывожыла беларускае кіраўніцтва. Менск крыху дыстанцыяваўся ад Масквы, палепшыў свае стасункі з Эўразьвязам і Кітаем. Урад задумаўся пра неабходнасьць рэфармаваць эканоміку й зьменшыць залежнасьць Беларусі ад расейскай нафты. Нарэшце, пачалася «мяккая беларусізацыя».
Ігар Тышкевіч: Яе можна назваць «абарончай інфармацыйнай апэрацыяй». Беларуская мова прывіваецца як мова посьпеху, мова адукаваных людзей. Гэтага раней не было. Беларускую культуру рэклямуюць спартоўцы, міжнародныя карпарацыі, беларускія бізнэсоўцы, якія зрабілі сябе самі. Адбываецца акуратнае прышчэпліваньне культурных маркераў на падставе посьпеху.
Украіна цяпер імкліва сталее. Вынікі рэвалюцыі можна будзе дакладна ацаніць праз два-тры гады – лічыць беларускі аналітык. Беларусь таксама паволі ўмацоўвае сваю незалежнасьць. «Гэты працэс ня можа быць хуткім – ён разьлічаны па пяць-дзесяць гадоў. Застаецца пытаньне: ці хопіць у беларускіх уладаў жаданьня гэты працэс працягваць?» – цікавіцца Ігар Тышкевіч.
Аляксандар Папко