Logo Polskiego Radia
Print

Пасьведчаньне асобы ў смартфоне!?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.11.2016 13:51
Гэткай магчымасьцю палякі змогуць скарыстацца ўжо ў 2017 годзе.
Photo: pixabay.com

Пасьведчаньне асобы ў выглядзе плястыкавай картачкі яшчэ доўга будзе знаходзіцца ў выкарыстаньні ў Польшчы, але Міністэрства інфарматызацыі з будучага году плянуе ўвесьці сыстэму, якая дазволіць не насіць з сабой дакумэнтаў. Зразумела, калі ў нас ёсьць мабільны тэлефон, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

У траўні 2017 году стартуе пілятажная праграма, якая дазволіць паліцыі або чыноўнікам праводзіць ідэнтыфікацыю асобы онлайн. Пра гэта паведаміла міністар інфарматызацыі Анна Стрэжыньска (Anna Streżyńska). У палове году праграмай змогуць скарыстацца ўсе жадаючыя.

Гэтак званыя мДакумэнты (mDokumenty), якія будуць уведзеныя за кошт 4,5 млн злотых, зручныя перш за ўсё для тых, хто ня любіць насіць з сабой традыцыйных дакумэнтаў, як, напрыклад, пасьведчаньне асобы, пасьведчаньне правоў кіроўцы, карта транспартнага сродку або дакумэнт, які пацьвярджае страхоўку.

Міністэрства інфарматызацыі запэўнівае, што паасобныя дакумэнты будуць уключаныя ў сыстэму паэтапна да канца наступнага году.

„Выходзячы з дому, можна будзе ўзяць з сабой толькі ключы ад аўтамабіля й сотавы тэлефон”, - пераконвае міністар Стрэжыньска.

Хоць сыстэма бярэ пад увагу выкарыстаньне мабільнага тэлефона падчас ідэнтыфікацыі асобы, то на дадзены момант цяжка казаць пра „пасьведчаньне асобы ў смартфоне”. Тэлефон патрэбны дзеля таго, каб атрымаць смс-паведамленьне з кодам, які неабходны паліцыянту або чыноўніку для доступу да віртуальных дакумэнтаў дадзенай асобы, напрыклад, пасьведчаньня правоў кіроўцы ці пасьведчаньня страхоўкі.

У сытуацыі, калі тэлефон знаходзіцца па-за зонай доступу або ён разраджаны, можна будзе скарыстацца іншымі працэдурамі для наладжаньня сувязі з сыстэмай, адзначаюць у Міністэрстве інфарматызацыі.

Пакуль аднак міністэрства не называе тэрміну, калі мДакумэнтамі можна будзе скарыстацца, напрыклад, у гасьцініцы або на лётнішчы. „Гэта чарговы этап у разьвіцьці гэтай паслугі”, - кажа міністар Анна Стрэжыньска, супакойваючы, што традыцыйнае пасьведчаньне асобы будзе выкарыстоўвацца паралельна з электронным, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт