У мінулыя 7 дзён Аляксандар Лукашэнка прыняў з візытам кіраўніка Турцыі й паабяцаў ужо праз год вярнуць заробак на ўзровень 500 даляраў. Прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду» заявілі пра тое, што прадчуваюць палітычныя перамены і намерыліся ператварыць рух у партыю. З якімі падарункамі прыехаў у Менск Эрдаган, ці ўдасца ўладам падняць заробкі на траціну і ці стане папулярнай новая апазыцыйная партыя? Пар гэта ў «Палітычным люстэрку» размаўляюць Аляксандар Папко і палітоляг Максім Руст.
Галоўнае правіла кар’еры ў дзяржапараце: «не высоўвайся»
Аляксандар Лукашэнка патрабуе ад сваёй адміністрацыі сьвежых ідэяў. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы зь яе кіраўніком Аляксандрам Косінцам 10 лістапада. «Я ўвяду ў практыку заслухоўваньне раз на квартал кіраўніцтва адміністрацыі, якое прыйдзе да мяне і раскажа нейкія новыя ідэі. Прыму я іх ці не, гэта ўжо мая справа і маё права, але ідэі гэтыя павінны быць – зямныя, прыземленыя, непрычасаная«, – заявіў Лукашэнка. Чаго павінныя датычыць гэтыя ідэі? Ці здольныя чыноўнікі праяўляць ініцыятыву?
Максім Руст: Гэта вельмі старая песьня. Маўляў, «нам патрэбныя новыя ідэі, маладыя людзі, нам патрэбная новая кроў». Насамрэч, новыя людзі ёсьць нават у сыстэме ўлады. Напрыклад, гэта Кірыл Руды ці Аляксандар Чарвякоў. Гэтых людзей шмат, але сама сыстэма не дазваляе ініцыятыўным людзям прасоўвацца наверх. Спрацоўвае так званы «фактар Рудага». Калі нехта з дзяржаўных служачых будзе прапанаваць ідэі і заклікаць да зьменаў – калегі самі хуценька яго некуды перасунуць. Таму людзі проста баяцца праяўляць ініцыятыву. Натуральна, у дзяржаўным апараце засталося яшчэ многа людзей, якія думаюць катэгорыямі мінулай эпохі.
Гандлёвы зварот з Турцыяй можа вырасьці – як і гандлёвы дэфіцыт
11 лістапада Менск наведаў прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган. Ад гэтага візыту аналітыкі чакалі сэнсацыйных заяваў і падпісаньня важных дакумэнтаў. Аднак Эрдаган толькі адчыніў мячэць і падпісаў дамову па спрыяньню ўзаемнаму гандлю й супрацоўніцтву ў галіне адукацыі. Лукашэнка на перамовах прапанаваў Турцыі адчыніць у Беларусі банк, прамзону і запрашаў на вучобу турэцкіх студэнтаў. Акрамя таго, кіраўнік Беларусі ўгаворваў турэцкія кампаніі купляць беларускія трактары, грузавікі й камбайны. Ці ўдасца МАЗу, МТЗ і «Гомсельмашу» знайсьці рынкі збыту ў Турцыі? Навошта ў Менск увогуле прыяжджаў Эрдаган?
Максім Руст: Для Эрдагана гэта іміджвавая паездка. Ён «адраджае імпэрыю», таму хоча паказаць, што супрацоўнічае нават з такімі аддаленымі краінамі, як Беларусь. Турэцкі капітал У Беларусі ёсьць. Асабліва многа яго ў будаўніцтве і фінансавых паслугах. А вось беларускага капіталу ў Турэччыне практычна няма. Турцыя – гэта вялікі рынак, на якім беларускія ўлады хочуць прысутнічаць. Таму працаваць яны спрабуюць, як з Кітаем. Яны кажуць: «Вы прыходзьце, будуйце ў нас, плаціце ў нас падаткі, мы вам дапаможам! Галоўнае – прывозьце з сабой грошы. Гандлёвы зварот паміж Беларусьсю й Турэччынай у мінулым годзе склаў амаль паўмільярда даляраў. Аднак экспарту з Беларусі ў гэтай суме было ўсяго 10%. 90% склаў турэцкі імпарт. На турэцкім рынку высокая канкурэнцыя. Ці спатрэбяцца ў Турцыі МАЗы, якія заляжаліся на беларускіх складах – вялікае пытаньне. Павялічыць гандлёвы зварот да мільярду, як плянуюць улады, магчыма. Толькі ці будзе гэта на карысьць Беларусі?
Партыя можа атрымаць папулярнасьць. Калі толькі яе зарэгіструюць
12 лістапада дэлегаты форуму грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» прынялі рашэньне ператварыць яе ў палітычную партыю. Партыя зьявіцца праз два гады й будзе цэнтрысцкай – «для людзей, якія плацяць падаткі, але ня ведаюць сёньня, на што гэтыя падаткі ідуць» – заявіла Тацьцяна Караткевіч. «Гавары праўду» рыхтуецца ўвайсьці ў парлямэнт 2020 году – прызнаўся актывіст кампаніі Сяргй Вазняк. Ён лічыць, што ў Беларусі адбываецца «карэкцыя палітычнай сыстэмы». Ці стане папулярнай новая апазыцыйная партыя? Ці не занадта аптымістычныя прагнозы сябраў «Гавары праўду»?
Максім Руст: Такая эвалюцыя мне падаецца натуральнай. Спачатку зьяўляецца грамадзянская кампанія. Пазьней яна ператвараецца ў партыю, якая змагаецца за ўладу. Аднак трэб памятаць, што партыі ў беларускім парлямэнце амаль не прадстаўленыя й прыналежнасьць да партыі ня мае для ўладаў ніякага значэньня. Таксама трэба памятаць, што для грамадзтва партыйная ідэалёгія таксама ня мае амаль ніякага значэньня. Калі новая партыя будзе казаць, што яна апазыцыйная – то гэта можа ёй пашкодзіць. Беларускія выбарцы інакш, чым палітычныя актывісты глядзяць на само слова «апазыцыя». Калі партыя будзе займацца ня Менскам, а малымі гарадамі й лякальнымі праблемамі, то яна можа стаць папулярнай. Патрапіць у Палату прадстаўнікоў тэарэтычна магчыма. Аднак ці зьменіцца выбарчая сыстэма, і ці выбары пройдуць па партыйных сьпісах? Мне падаецца, што не. Застаецца яшчэ пытаньне ці «Гавары праўду!» увогуле зарэгіструюць як палітычную партыю.
Друкавальны станок ужо не запусьцяць
«Рыхтуйцеся набраць сярэдні заробак у 500 даляраў у наступным годзе», – даручыў Лукашэнка чыноўнікам падчас сваёй паездкі ў Магілёўскую вобласьць 14 лістапада. Разам з тым ён заявіў, што павышаць заработную плату без росту прадукцыйнасьці працы немэтазгодна. Ці рэальна за год павысіць сярэднюю зарплату на 30%? Ці азначае гэтая заява, што беларускі ўрад адыдзе ад жорсткай фінансавай палітыкі й зноў пачне друкаваць грошы?
Максім Руст: Мне падаецца, што гэта гульня на публіку. Калі Лукашэнка заяўляе: «давайце павышаць заробкі, але толькі пасьля таго, як вырасьце прадукцыйнасьць працы» – ён супярэчыць сам сабе. Мы ведаем якая нізкая ў Беларусі прадукцыйнасьць працы нават паводле афіцыйных дадзеных. Я ня думаю, што ўлады запусьцяць друкарскі станок, а калі і пачнуць эмісію – то не ў такіх памерах, як гэта было раней. Улады ведаюць, што друкаваньне грошай без пакрыцьця ня толькі прывядзе да фінансавага й эканамічнага крызысу, але на гэта яшчэ й адрэагуе Міжнародны валютны фонд, а таксама іншыя міжнародныя структуры, ад якіх Менск спадзяецца атрымаць грошы.
Размаўляў Аляксандар Папко