Найбольш разьвітыя краіны абмяркоўвалі пытаньні пашырэньня гандлю ды пераадоленьня эканамічнага крызысу. Некаторыя кажуць, што дадзены саміт паказаў слабасьць Захаду, рост магутнасьці Кітая ды выхад Расеі з міжнароднай ізаляцыі.
Лідары 19 буйнейшых эканомік сьвету ды прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу сабраліся ў кітайскім горадзе Ханчжоў, каб абмеркаваць мэханізмы інтэнсыфікацыі міжнароднага гандлю ды эканамічнага росту.
Кітайскія ўлады -- гаспадары сустрэчы – заявілі, што найбольш іх цікавіць аднаўленьня росту сусьветнай эканомікі. Адзін са шляхоў яны бачаць у тэхналягічным прарыве ды новай прамысловай рэвалюцыю, што можа даць новы віток глябальнага росту. Дзеля гэтага яны прапануюць выпрацаваць праграму сумесных дзеяньняў. Пра гэта казаў у сваім выступе кітайскі прэзыдэнт Сі Цзыньпін
Сі Цзыньпін: G20 – гэта як мост, які злучае разам розныя часткі сьвету. Гэта мост сяброўства для ўсяго сьвету. Адсюль мы высылаем сыгнал, каб умацаваць узаемны давер, ды зблізіць народы. Гэта мост супрацоўніцтва. Мы абмяркоўваем пляны, узмацняем каардынацыю ды паглыбляем супрацоўніцтва на карысьць усіх.
Гэтыя заявы пакуль засталіся на ўзроўні дэклярацый. Рэальная палітыка адбывалася ў рамках двухбаковых сустрэч сусьветных лідараў. Напрыклад, двухбаковая сустрэча кітайскага ды амэрыканскага прэзыдэнтаў, правяла да ратыфікацыі ЗША ды Кітаем кліматычнага пагадненьня. Больш падрабязна з Кітаю перадае карэспандэнт Польскага радыё Тамаш Саевіч.
Тамаш Саевіч: З заклікам да сумесных дзеяньняў на карысьць аднаўленьня эканамічнага росту да прысутных у Ханчжоў зьвярнуўся гаспадар сустрэчы прэзыдэнт Кітаю Сі Цзыньпін. Ён казаў пра патрэбу ўзмацненьня макраэканамічных інструмэнтаў ды забесьпячэньня фінансавай стабільнасьці. 20 найбольш разьвітых краін павінны выпрацаваць канкрэтныя мэханізмы, якія павінны гэтаму паспрыяць. Істотнае месца саміту занялі двухбаковыя сустрэчы ды размовы ў кулюарах. Асаблівую ўвагу выклікалі размовы кітайскага кіраўніка з лідарамі Паўднёвай Карэй ды Японіі. Кітай пратэстуе супраць разьмяшчэньня ў Карэі амэрыканскай супрацьракетнай сыстэмы. Таксама ўскладняецца сытуацыя на Паўднёвакітайскім моры, дзе Пэкін і Токія спрачаюцца за валоданьне шэрагам выспаў.
Журналісты зазначылі, што гэтыя крокі могуць сьведчаць пра тое, што цяперашні кітайскі урад хацеў бы перагледзець міжнародны парадак у рэгіёне, які грунтуецца на шырокай прысутнасьці ЗША. Свой уплыў ў сьвеце хацела бы павялічыць і Расея. На саміце ў Кітаі Ўладзімір Пуцін змог прарваць сымбалічную ізаляцыю, якая цягнулася два гады. На папярэднім саміце групы ў Аўстраліі расейскі лідар быў ігнараваны. У Кітай ён правёў размовы з лідарамі Кітаю, Францыі, Турэччыны, Эгіпту, прэм’ерам Вялікабрытані, канцлерам Нямеччыны ды з прэзыдэнтам ЗША. Апошняя размова доўжылася дзьве гадзіны й тычылася сытуацыі ва Ўкраіне ды Сырыі. Больш падрабязна перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэмбскі.
Мацей Ястжэмбскі: Ініцыятарам сустрэчы стаў амэрыканскія прэзыдэнт. Бакі ўзгаднілі яе за суткі да размовы. Пуцін ды Абама сустрэліся ў прысутнасьці сваіх міністраў замежных спраў. Масква хоча, каб Асад захаваў пасаду. Белы дом дамагаецца яго адстаўкі, але ня можа прасунуць сваю пазыцыю. Таксама ЗША хацелі б спыненьня вайны ва ўсёй Сырыі, але Крамль задаволены перамір’ем толькі ў некаторых рэгіёнах.
Па выніках сустрэчы афіцыйны Вашынгтон заявіў, што бакі гатовы да падпісаньня пагадненьня ў справе Сырыі. Пра гэта паведаміў кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі Джон Кэры.
Джон Кэры: Вырашана вельмі шмат тэхнічных пытаньняў, працягваюцца перамовы па некаторым больш складаным справам. Мы працуем над пагадненьнем, якое задаволіць абодва бакі.
У сваю чаргу расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў пасьля сустрэчы, што Масква хацела бы мець большы ўплыў на падзеі ў сьвеце. Магчыма ў Кітаі расейскаму кіраўніцтву ўдалося дамагчыся большага ўплыву на падзеі ва Ўкраіне. Масква дабілася перамоваў з Захадам на тэму Ўкраіны без удзелу афіцыйнага Кіева, гаворыць беларускі палітоляг Юры Шаўцоў.
Юры Шаўцоў: Адбыліся ня проста сустрэчы з лідарамі ЗША, Францыі ды Германіі. Гэтыя сустрэчы адбыліся пасьля выхаду Расеі з “нарманскага фармату” па крымскім інцыдэнце. Масква пасьля гэтага адмовілася ад размоў з Украінай. У Кітай Украіну не запрасілі, але там размаўлялі пра выкананьне “менскіх пагадненьняў”. Гэта значыць, што вяліся размовы пра рэгуляваньне сытуацыі без удзелу Ўкраіны, якую проста паінфармуюць пра вынікі размоў.
Калі дадаць да гэтага няздольнасьць Захаду паўплываць на пазыцыю Пэкіну ў справе дэвальвацыі юаня, можна сказаць, што заходнія лідары вяртаюцца аслабленымі з Кітаю.
Юры Ліхтаровіч