Logo Polskiego Radia
Print

«Арышты алігархаў, банкіраў і IT-шнікаў – зьвёны аднаго ланцугу»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.08.2016 22:48
  • Арышты алігархаў, банкіраў і IT-шнікаў – зьвёны аднаго ланцугу.mp3
У часы крызысу ўлады паказваюць, што бізнэс павінен бясспрэчна ім падпарадкоўвацца – тлумачыць палітоляг Максім Руст.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Зь якой мэтай улады ў самы разгар крызысу арыштоўваюць буйных бізнэсмэнаў? Ці ў дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў у Менску могуць адбыцца пратэсты? Чаму ані апазыцыянэры, ані заходнія дыпляматы не заступаюцца за Эдуарда Пальчыса ды іншых палітвязьняў, якія зьявіліся ў Беларусі ў апошні год? Гэтыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць палітоляг Максім Руст і Аляксандар Папко.

Улады паказалі, хто ў Беларусі сапраўдны гаспадар

Мінулыя 7 дзён адзначыліся чарговымі арыштамі прадпрымальнікаў. 10 жніўня беларускія СМІ паведамілі, што былі затрыманыя некалькі топ-мэнэджэраў «Беларусбанку», у тым ліку выканаўчы дырэктар банку Анатоль Багавік. А праз 6 дзён стала вядома, што арыштаваны Сяргей Акуліч – адзін з кіраўнікоў фірмы IBA Group – буйнога беларускага вытворцы праграмнага забесьпячэньня. У крызысныя часы ўлады, здавалася б, павінныя дбаць пра працоўныя месцы і інвэстыцыйную прывабнасьць краіны. Які сэнс маюць гучныя арышты? Як такія дзеяньні паўплываюць на разьвіцьцё ІТ-сэктару?

М. Руст: Як і ў выпадку з арыштамі так званых беларускіх алігархаў дзяржава паказала, што «яна тут гаспадар» і ня важна, колькі ў цябе фінансавых сродкаў – дзяржава ўсё можа вырашыць за цябе. Зь іншага боку, у непразрыстай сыстэме беларускага бізнэсу вельмі цяжка сказаць, што было сапраўднай прычынай арыштаў – ці гэта быў падзел сфэраў уплыву, ці гэта была помста, ці нежаданьне арыштаваных прадпрымальнікаў «дзяліцца» з дзяржавай, ці звычайнае эканамічнае злачынства. Кожная з гэтых вэрсіяў можа быць праўдзівай. Я думаю, арышт «алігархаў», працаўнікоў банкаўскай сфэры, а затым кіраўнікоў ІТ-кампаніяў з часам выбудуецца ў адзін лягічны ланцуг.

Калі казаць пра разьвіцьцё ІТ-сэктару, то мне падаецца, што арышты яго не запаволяць. Арышты закранулі ўласьнікаў беларускіх кампаній. А праграмісты – гэта ўжо людзі іншай катэгорыі. Ім ня важна, дзе яны знаходзяцца і на кампанію якой краіны яны працуюць зь Беларусі. Аднак гэтыя арышты могуць паўплываць менавіта на структуру ІТ-сэктару ў Беларусі.

Стратныя прадпрыемствы будуць прадаваць

13 жніўня Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Гарадзенскую вобласьць і востра раскрытыкаваў яе кіраўніцтва за правал плянаў эканамічнага разьвіцьця. Кіраўнік дзяржавы наведаў хранічна стратны завод кровельных і будаўніча-аддзелачных машынаў у Ваўкавыску. Ён паабяцаў прадаць завод турэцкаму інвэстару, якія наладзіў у адным з цэхаў даўно мёртвага прадпрыемства пасьпяховую вытворчасьць. Ці можна меркаваць, што ў часы крызысу ўлады будуць масава прадаваць стратныя прадпрыемствы замежным фірмам? Ці правільны гэта шлях?

М. Руст: У крызыснай сытуацыі стратныя прадпрыемствы будуць прадаваць. Улады разумеюць, што іншага выйсьця проста няма. Аднак гэта ня будзе нейкі масавы рух. І нават пры продажы прадпрыемстваў дзяржава будзе патрабаваць ад уласьнікаў захаваць сацыяльныя гарантыі працаўнікоў. Ці правільны такі шлях? Мне падаецца, што для Беларусі натуральнай будзе прыватызацыя прадпрыемстваў з захаваньнем вялікай іх часткі ў руках дзяржавы. Стратэгічныя прадпрыемствы ўсё ж-такі павінныя застацца ў руках беларускага ўраду. Аднак нават гэтую дзяржаўную ўласнасьць трэба дывэрсыфікаваць – частку акцыяў прадпрыемстваў трэба прадаць у рукі прыватнага, але беларускага капіталу. Мне падаецца, што дзяржава павінна заахвочваць менавіта прыватны беларускі капітал, каб ён набываў стратныя прадпрыемствы.

Ярмошына страшыць дарма – пратэстаў ня будзе

У Беларусі завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў. Кіраўнік Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканалу АНТ запэўніла, што выбарчы працэс «знаходзіцца пад кантролем» і ўлады «з усім справяцца». Пры гэтым самай вялікай пагрозай «выбарам» кіраўніца ЦВК лічыць магчымыя пратэсты апазыцыі. «Удзельнікі падзеяў 2010 году нічога не вывучылі нават у турме. Яны спрабуюць справакаваць нейкія акцыі непадпарадкаваньня. Гэта зьяўляецца самай вялікай пагрозай», – заявіла Лідзія Ярмошына. Ці сапраўды 11 верасьня могуць адбыцца нейкія пратэсты?

М. Руст: Заява старшыні ЦВК – гэта сыгнал грамадзтву: «Вы, маўляў, не пратэстуйце. Мы тут выбары праводзім і дыялёг з Захадам вядзем!» Калі нават пасьля прэзыдэнцкіх выбараў масавых пратэстаў не было, то пасьля парлямэнцкіх выбараў яны дакладна не пагражаюць. Магчымы нейкія маленькі акцыі, ці нават пратэсты сярэдняга маштабу. Аднак мнагалюдных пратэстаў, якія былі раней, ня будзе.

Заходнім палітыкам ужо не да беларускіх палітвязьняў?

Крымінальная справа ў дачыненьні да заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса перададзеная ў суд. Пра гэта стала вядома 16 жніўня. Блёгера, які абвясьціў бой расейскай нацыяналістычнай прапагандзе, абвінавачваюць у «распальваньні міжнацыянальнай варожасьці» і нават «распаўсюдзе парнаграфіі». Які прысуд чакае Эдуарда Пальчыса? Чаму імя палітвязьня, які, дарэчы імя Дзьмітрыя Паліенкі, арыштаванага за арганізацыю роварнай «крытычнай масы», ці чатырох сябраў менскай суполкі «Антыфа», якіх трымаюць у СІЗА, не фігуруе ў перамовах заходніх структураў з Менскам і нават не агучваецца апазыцыяй?

М. Руст: Як я казаў у адной з папярэдніх перадачаў, Эдуарду Пальчысу, хутчэй за ўсё, дадуць турэмны тэрмін, аднак ён ня будзе вельмі вялікі. Калі дзяржава вырашыць зрабіць прысуд вельмі жорсткім ці вельмі мяккім, я моцна зьдзіўлюся. Абвяшчэньня прысуду, аднак трэба будзе пачакаць пэўны час. Думаю, беларускія ўлады пастараюцца выкарыстаць гэты козыр у стасунках як з Захадам, так і з Расеяй.

Што тычыцца прадстаўнікоў такіх рухаў, як анархісты ці «Антыфа» – то яны не зьяўляюцца чальцамі палітычнай апазыцыі, якіх проста залічыць да палітвязьняў. Гэтым павінныя заняцца беларускія праваабарончыя арганізацыі. У Захаду на дадзены момант ёсьц уласныя зьнешнія і ўнутраныя праблемы. У дыялёгу зь Менскам заходніх палітыкаў цікавяць зусім іншыя тэмы, а ня ўнутраныя беларускія палітычныя пытаньні. Апазыцыя цяпер займаецца выбарчай кампаніяй, і ёй не да таго, каб займацца новымі палітвязьнямі. Галоўная яе мэта – гэта выжываньне ў беларускай палітычнай сыстэме.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт