Logo Polskiego Radia
Print

Палітоляг: Джона Сільвера пасадзяць, але многа не дадуць

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.06.2016 19:32
  • Палітоляг Джона Сільвера пасадзяць, але многа не дадуць.mp3
М. Руст: «Я думаю, што Эдуарда Пальчыса Расея перадала ў Беларусь з неафіцыйнай дамовай пра тое, што яго павінны пасадзіць».
Скрыншот сайту 1863x.com Скрыншот сайту 1863x.com 1863x.com

Расейскія ўлады перадалі Менску папулярнага беларускага блёгера Эдуарда Пальчыса з нефармальнай дамовай адправіць іншадумца за краты. Аднак доўгага турэмнага тэрміну яму не дадуць – мяркуе палітоляг Максім Руст. У сёньняшнім «Палітычным люстэрку» Максім Руст і Аляксандар Папко абмяркоўваюць, які лёс чакае непакорнага блёгера, ці справядлівы прысуд атрымала дэпутат Ганна Шарэйка, чаму ЗША не скасавалі санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі й навошта мірны горад Бераставіца абнесьлі блёкпостамі.

Ганну Шарэйку вызвалілі, бо яна патрэбная, каб падымаць эканоміку

«Гэта была памылка сыстэмы» – заявіла пасьля вызваленьня дырэктарка Віцебскай птушкафабрыкі і былая дэпутатка Савета Рэспублікі Ганна Шарэйка. 10 чэрвеня яе прызналі вінаватай у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Аднак суд улічыў два гады, праведзеных дэпутаткай у СІЗА, і вызваліў яе пасьля абʼяўленьня вэрдыкту. Ганна Шарэйка запэўніла, што застаецца «дзяржаўным чалавекам». Яна заявіла, што «ня можа нікога абвінавачваць» і нават падзякавала за ўмовы ўтрыманьня ў следчым изалятары… Прысуд папулярнай дырэктарцы дзяржаўнага прадпрыемства – гэта памылка сыстэмы ці заканамернасьць? Ці навучыцца сыстэма на такіх памылках?

М. Руст: На падставе той інфармацыі, якая ёсьць у СМІ, можна меркаваць, што арышт Ганны Шарэйкі сапраўды быў памылковы. Яна не прызнала сваёй віны, а яе прызналі вінаватай толькі дзеля таго, каб уладныя ворганы маглі захаваць твар. Заканамернасьць жа заключаецца ў тым, што дзяржаўных чыноўнікаў у Беларусі пастаянна саджаюць а затым вызваляюць – каб паставіць ужо на іншыя пасады. Трэба таксама зазначыць, што Віцебская птушкафабрыка, якой кіравала Ганна Шарэйка, у 2014 годзе было адным з найбольш прыбытковых прадпрыемстваў краіны. Я думаю, што былую дэпутатку вызвалілі, бо яна проста патрэбная дзяржаве. Ці навучыцца дзяржава на гэтай памылцы? Наўрад ці. На вучобу не засталося часу. Трэба пільна рэфармавацца.

Менск рыхтуецца адбіваць напад «зялёных чалавечкаў»

Бэтонныя блёкпосты на ўезьдзе ў горад, праверка пашпартоў, камэнданцкая гадзіна – горад Бераставіца непадалёк ад мяжы з Польшчай нагадвае Славянск у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі ва ўкраінскім Данбасе. На захадзе Беларусі праходзяць вучэньні тэрытарыяльнай абароны. Міліцыя і войска вучацца адбіваць напад «зялёных чалавечкаў», «дывэрсантаў NATO» ці рыхтуюцца да падаўленьня народных хваляваньняў?

М. Руст: Беларусь знаходзіцца ў даволі складанай сытуацыі. Мілітарызацыя адбываецца як з боку Расеі, так і з боку Захаду. За заходняй мяжой Беларусі адбываюцца вялікія вучэньні NATO. Я думаю, беларускі кіраўнік усьведамляе, што пагрозы з боку NATO няма. Небясьпека можа зьявіцца толькі ў выпадку сапраўднага вайсковага супрацьстаяньня Расеі ды Альянсу. У сёньняшняй сытуацыі варта праверыць баяздольнасьць арміі супраць усіх вонкавых ворагаў. Таму я лічу, што вучэньні накіраваныя на супрацьстаяньне «зялёным чалавечкам», а ніяк не на падаўленьне народных пратэстаў. Тэндэнцыі да росту пратэстаў не назіраецца.

Пальчыса экстрадавалі, каб абавязкова пасадзіць

Эдуарда Пальчыса – стваральніка сайту 1863x.com, больш вядомага пад псэўданімам John Silver – экстрадавалі з Расеі ў Беларусь. Пра гэта стала вядома на мінулым тыдні. Цяпер маладога гісторыка, які займаўся выкрыцьцём крамлёўскіх прапагандысцкіх мітаў, утрымліваюць у менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Супраць Эдуарда Пальчыса распачатыя крымінальныя справы за «распальваньне міжнацыянальнай варожасьці» і «распаўсюд парнаграфіі». Які лёс чакае барацьбіта з ідэямі «русского мира»?

М. Руст: Я думаю, што Эдуарда Пальчыса Расея перадала ў Беларусь з неафіцыйнай дамовай пра тое, што яго павінны пасадзіць. Калі б Пальчыс займаўся толькі «русским миром», то пакараньня ён мог нават і не панесьці. Аднак ён на сваім блёгу адкрыта крытыкаваў беларускія ўлады. Я думаю, што турэмны тэрмін ён атрымае, хоць і ня вельмі вялікі. З аднаго боку, беларускія ўлады жадаюць «папярэдзяць» грамадзтва пра тое, што пратэставаць перад выбарамі – небясьпечна. Зь іншага боку, яны ня могуць даць працяглага тэрміну, бо ня хочуць пагаршаць стасункаў з Захадам.

Вашынгтон адменіць санкцыі, але пазьней

Злучаныя Штаты яшчэ на год працягнулі санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва. Такое рашэньне было апублікаванае 10 чэрвеня на сайце Белага дому. Раней амэрыканскія дыпляматы заяўлялі, што візавыя абмежаваньні і замарозка рахункаў, уведзеныя супраць Аляксандра Лукашэнкі, Лідзіі Ярмошынай, Віктара Шэймана і іншых чыноўнікаў будуць перагледжаныя пасьля парлямэнцкіх выбараў. Чаму ЗША, у адрозьненьне ад Эўразьвязу, не зьнялі санкцыі ў падзяку за «канструктыўную ролю Беларусі» падчас расейска-ўкраінскага канфлікту? Ці будуць санкцыі адмененыя пасьля парлямэнцкіх выбараў?

М. Руст: Я думаю, санкцыі былі працягнутыя проста па інэрцыі. Вашынгтон хоча таксама падкрэсьліць, што ён прытрымліваецца сваіх каштоўнасьцяў. Я думаю, дадзеная сытуацыя не паўплывае на цяперашняе паляпшэньне адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША. У Менску напэўна таксама разумеюць што санкцыі былі працягнутыя хутчэй па інэрцыі. На саму Беларусь Вашынгтон глядзіць ужо не так, як на яе глядзелі 12 гадоў таму, калі Кангрэс прымаў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». Цяпер на Беларусь глядзяць з геапалітычнай і стратэгічнай пэрспэктывы – як на пляцдарм на выпадак ваенных дзеяньняў. Я думаю, што калі нейкіх вельмі значных парушэньняў падчас гэтай выбарчай кампаніі ня будзе, то праз год Злучаныя Штаты таксама здымуць санкцыі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт