Джордж Орўэл па-расейску
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
26.05.2016 09:17
Прыкладаньне „FindFace”, створанае двума расейцамі, стала вельмі папулярным у Расеі.
Photo: pixabay.com
Сэрвіс знаёмстваў „FindFace” захапіў душы й розумы грамадзян Расеі. Толькі на працягу першых двух месяцаў больш за паўмільёна расейцаў зрабілі здымак зусім незнаёмай асобе й дзякуючы прыкладаньню „FindFace” атрымалі з базы дадзеных расейскай сацыяльнай сеткі „ВКонтакте” ўсю сеткавую інфармацыю аб сфатаграфаванай асобе, паведамляе тыднёвік „Polityka”.
Прыкладаньне стварылі два 20-гадовыя хлопцы з Масквы. Першапачаткова яно мела спрыяць наладжаньню новых знаёмстваў, то бок дапамагчы ідэнтыфікаваць незнаёмую асобу, нешта пра яе даведацца, а потым, магчыма, адправіць запрашэньне на сустрэчу ў рэальным сьвеце.
Тым часам супрацай са стваральнікамі „FindFace” зацікавіліся ня толькі маладыя людзі, але таксама кітайскія ўладальнікі казіно ў Макао й паліцыя, якая шукае злачынцаў. У сваю чаргу маскоўскія ўлады заяўляюць, што ў будучыні ахвотна спалучылі б „FindFace” з сеткай 150 тысяч камэр гарадзкога маніторынгу.
На абвінавачваньні ў парушэньні прыватнасьці стваральнікі прыкладаньня адказваюць, што яны выкарыстоўваюць выключна тыя здымкі, якія інтэрнэт-карыстальнікі самі добраахвотна зьмясьцілі ў сеціве. Таму пра парушэньне законаў пакуль гаворка не ідзе. Тым ня менш, сумневы выклікае некалькі выпадкаў, калі ідэнтыфікаваныя пры дапамозе прыкладаньня асобы сталі ахвярамі перасьледу.
Існуе таксама пагроза, што прыкладаньнем пачнуць карыстацца, напрыклад, аўтарытарныя рэжымы дзеля ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў акцый пратэсту. Пакуль прыкладаньне „FindFace” дзейнічае выключна зь сеткай „ВКонтакте”, паведамляе тыднёвік „Polityka”.
аз