Немцы скарачаюць сацдапамогу для імігрантаў з ЭЗ
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
29.04.2016 15:18
Узамен яны прапануюць аднаразовую суму дапамогі й грошы на білет дадому.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Нямецкае Міністэрства працы рыхтуе важныя зьмены, якія закрануць імігрантаў з краінаў Эўразьвязу, паведамілі нямецкія СМІ. Паводле іх, грамадзяне краін Эўразьвязу атрымаюць права на сацыяльную дапамогу, у тым ліку па беспрацоўі, толькі тады, калі раней працавалі ў Нямеччыне як мінімум пяць гадоў. Паводле нямецкіх СМІ, праект Міністэрства працы знаходзіцца ўжо на этапе міжведамасных кансультацыяў, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.
А што ўзамен? Грамадзяне ЭЗ, якія не пасьпеюць набыць права на атрыманьне сацыяльнай дапамогі й трапяць у складаную фінансавую сытуацыю, змогуць скарыстацца аднаразовай дапамогай, якую сацыяльныя службы даюць на тэрмін чатырох тыдняў. Сродкаў хопіць выключна на асноўныя патрэбы: ежу, арэнду кватэры й выдаткі, зьвязаныя з аховай здароўя. Апрача таго, замежнікі атрымаюць грошы на білет дадому.
Пра абмежаваньне росту выдаткаў, якія ацэньваюцца амаль на 500 мільёнаў эўра ў год, нямецкае Міністэрства працы папярэджвала ўжо ў канцы сьнежня мінулага году. Гэта была рэакцыя на рашэньне Фэдэральнага суду па сацыяльных пытаньнях. Нагадаем, суд пастанавіў, што грамадзяне Эўразьвязу, якія жывуць у Нямеччыне бяз права на атрыманьне дапамогі па беспрацоўі, то бок карацей, чым шэсьць месяцаў, маюць права на атрыманьне іншых відаў сацыяльнай дапамогі.
Прысуд выклікаў перапалох у мясцовых органах улады. Яны пачалі баяцца, што будуць прымушаныя выдаткоўваць вялізныя грошы на дапамогу іншаземцам, якія маглі б прыехаць у Нямеччыну й патрабаваць дапамогу, не шукаючы працы. Немцы падлічылі, што атрымаць сацыяльную дапамогу стараліся б сотні тысяч грамадзян ЭЗ, у асноўным румынаў і балгараў.
Тым часам зьмены могуць закрануць таксама найбуйнейшую групу імігрантаў з ЭЗ у Нямеччыне, то бок палякаў, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.
аз