Logo Polskiego Radia
Print

Турэцкі гамбіт Лукашэнкі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.04.2016 16:00
  • Турэцкі гамбіт Лукашэнкі.mp3
Апошнім часам Расея сваёй міжнароднай палітыкай сапсавала адносіны з суседзямі на Захадзе да на Поўдні.
Foto: screenshot z president.gov.by

Беларусь жа наадварот змагла наладзіць кантакты з Захадам. Цяпер адбудоўвае адносіны з ісламскім сьветам. У некаторых у Маскве гэта выклікае злосьць. Беларусь не васал Расеі, кажуць менскія экспэрты.

З часоў расейска-грузінскага канфлікту 2008-га году, калі Менск не падтрымаў хаўрусьніка па саюзнай дзяржаве, у расейскай прэсэ даволі рэгулярна зьяўляюцца артыкулы пра ненадзейную Беларусь, якая робіць інтарэсы на расейскіх канфліктах. Апошні прыклад, гэта крытыка расейскіх газэт “Взгляд” ды “Деловая”, агенцтва РИА Новости пра тое, што афіцыйны Менск нарошчвае супрацоўніцтва з Турэччынай, выкарыстоўваючы пагаршэньне стасункаў паміж Масквой ды Анкарой. Маўляў “чалавек, які ўсадзіў нож у сьпіну Пуціна” (маецца на ўвазе турэцкі прэзыдэнт Эрдаган) цяпер чаканы партнэр для найбліжэйшага хаўрусьніка Масквы (маецца на ўвазе Беларусь). Менскія экспэрты лічаць дадзеную крытыку беспадстаўнай. Гаворыць палітоляг Андрэй Ляховіч.

Андрэй Ляховіч: У гэтым годзе Расеі не да Беларусі. Гульня з Турэччынай не пагоршыць адносіны з Масквой. У зьвязку з кепскімі адносінамі з Захадам вартасьць беларускага хаўрусьніка для Расеі моцна павысілася. Праз Беларусь на Захад ідзе вялікая частка расейскага транзыту нафты ды газу, расейскія вайсковыя аб’екты ў Беларусі ды ўдзел у АДКБ – гэта больш важна, чым стасункі з Анкарой.

Наглядальнік Belarusian Security Blog Андрэй Паротнікаў перакананы, што Беларусь нічога Расеі не павінна і яна вядзе сваю міжнародную палітыку, зыходзячы з нацыянальны інтарэсаў.

Андрэй Паротнікаў: Гэта праблема Расеі, якае ані патрон, ані сувэрэн для Беларусі.

Што тычыцца пэрспэктывай ды выгады беларуска-турэцкай супрацы, то сярод экспэртаў такога адзінства няма. Андрэй Паротнікаў перакананы, што Беларусь можа шмат узяць ад пышрэньня кантактаў з Анкарой.

Андрэй Паротнікаў: Палова казіно ды траціна гатэляў ў Менску належаць туркам, альбо яны іх будавалі. Тут ёсьць вельмі сур’ёзнае інвэстыцыйнае ды эканамічнае супрацоўніцтва. Цяпер пачынаецца турыстычны сэзон, а з Расеі не аднавіліся палёты ў Турэччыну. Беларусь абмяркоўвае з Анкарой пашырэньне авіяспалучэньня. Зразумела, што гэта спроба зрабіць турыстычны мост праз Менск для расейскіх турыстаў, якія паедуць на турэцкія курорты. Ёсьць яшчэ і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Напрыклад, пра распрацоўцы РСЗА "Палянэз" вывучаўся турэцкі досьвед.

Анкара – гэта яшчэ й патэнцыйныя дзьверы ў ісламскі сьветам для Беларусі.

Андрэй Паротнікаў: Турэччына мае палітычную вагу ў рэгіёне ды можа быць правадніком для Беларусі. Таму пэрспэктывы ёсьць беларуска-турэцкага супрацоўніцтва й больш шырока з буйнымі азіяцкімі краінамі, як Пакістан, Інданэзія. Там ёсьць і эканамічная зацікаўленасьць ды вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Затое Андрэй Ляховіч мяркуе, што патэнцыял беларуска-турэцкіх адносін выкарыстаны напоўніцу, далей няма куды расьці.

Андрэй Ляховіч: У эканамічным сэнсе Беларусь Турэччыне не зусім цікавая. Лукашэнка і так ужо атрымлівае максымум таго, што турэцкі бок Беларусі можа прапанаваць. Гэта будаўніцтва, гатэльны бізнэс. Новыя сэктары эканомікі я тут ня бачу. Заявы пра пэрспэктывы збоку ўладаў, я б разглядаў як прапагандысцкі жэст. Лукашэнка хоча чарговы раз паказаць, што ён не зьяўляецца марыянэткай Расеі.

Сумняваюцца і расейскія СМІ. Аднак, у Маскве сумняваліся й у здольнасьці афіцыйнага Менску наладзіць дыялёг з Захадам. Гэтыя сумневы пакуль не спраўдзіліся.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт