Logo Polskiego Radia
Print

Маніторынг у месцах прымусовага ўтрыманьня ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.03.2016 15:13
  • справаздача.mp3
Сытуацыя застаецца горшай, чым у іншых постсавецкіх краінах, але адносіны да гэтай тэмы мяняюцца.
Павал СапелкаПавал Сапелкаspring96.org

Праваабаронцы з ПЦ «Вясна» прадставілі даклад па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрыманьня ў 2015 годзе. У справаздачы згадваецца пра парушэньне правоў вязьняў, выпадкі сьмерцяў і зьбіцьця зьняволеных у турмах і затрыманых міліцыяй.

Праваабаронцы дасьледавалі ўмовы ўтрыманьня, факты катаваньня і жорсткага абыходжаньня, стан захаваньня правоў зьняволеных і іншыя пытаньні. Маніторынг праводзіцца ўжо некалькі гадоў – з 2012 году. Сытуацыя ў Беларусі застаецца горшай, чым у іншых постсавецкіх краінах, але яна паступова мяняецца ў лепшы бок. Улады пачынаюць разумець, што гэтую тэму цяжка замоўчваць, – гаворыць адзін з аўтараў справаздачы юрыст Павал Сапелка.

П. Сапелка: Мяняюцца адносіны да гэтай тэмы. Ня ўсе ўжо лічаць, што зьняволеныя павінны сядзець, мучацца, пакутаваць, галадаць, бясплатна працаваць. З іншага боку нельга казаць, што дзяржава актыўна рэагуе на нашы высновы. Часта дзяржава агулам робіць выгляд, што нас няма, але бачым, што МУС стараецца казаць аб паляпшэньні становішча ў турмах. Яны разумеюць, што гэтую тэму ўжо немагчыма замоўчваць.

У Беларусі няма практычна ніякага грамадзкага кантролю за месцамі зьняволеньня. Туды ня могуць уваходзіць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, а дзяржаўныя структуры кантролю не выконваюць сваёй ролі.

П. Сапелка: Грамадзка-назіральныя камісіі – гэта неэфэктыўны мэханізм. У іх склад не ўваходзяць праваабаронцы, іх дзейнасьць неактыўная. Адзін-два выхады ў год у месца пазбаўленьня волі – гэта недастаткова, каб атрымаць хаця б агульнае ўражаньне аб сытуацыі ў дадзеным месцы. Ім паказваюць толькі тое, што хочуць паказаць. У выніку паяўляюцца зусім пустыя справаздачы, што ніякіх парушэньняў ня выяўлена.

Акрамя назіраньня за ўмовамі ўтрыманьня вязьняў, ПЦ «Вясна» стараецца таксама аказваць дапамогу тым асобам, якія сутыкнуліся з жорсткім абыходжаньнем у месцах пазбаўленьня волі, у тым ліку катаваньнем.

П. Сапелка: Да нас зьвяртаюцца ахвяры катаваньняў, ахвяры жорсткага абыходжаньня, асобы, якія трапілі ў закрытую лячэбную ўстанову, людзі, якія знаходзіліся ў лячэбна-працоўных прафілякторыях. Яны былі пазбаўленыя волі, але ня зьдзейсьнілі злачынства. У фокусе нашай увагі – сацыяльна-эканамічныя свабоды, мы кажам аб эксплёатацыі зьняволеных, аб недастатковай увазе да праблем жанчын як да неабароненай групы зьняволеных.

Асобная тэма для праваабаронцаў – гэта сьмяротнае пакараньне. Беларусь застаецца апошняй краінай у Эўропе, дзе няма забароны выкананьня гэтай вышэйшай меры пакараньня або мараторыя. Існуе рух праваабаронцаў супраць сьмяротнага пакараньня, але ўлады пакуль што не зьмянілі свайго стаўленьня. Іншая справа, што асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне таксама сустракаюцца з жорсткім абыходжаньнем.

П. Сапелка: На жаль, мы пакуль што толькі канстатуем прысутнасьць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. З іншага боку, праграма маніторынгу мела магчымасьць паразмаўляць з чалавекам, які адбывае пакараньне пажыцьцёвага зьняволеньня. Мы даведаліся, што і там ёсьць жорсткае нялюдзкае стаўленьне да зьняволеных.

Сытуацыя ў месцах прымусовага ўтрыманьня ў Беларусі крыху мяняецца ў лепшы бок. Тым ня менш, становішча беларускіх вязьняў горшае, чым зьняволеных у іншых краінах постсавецкай прасторы, ня кажучы ўжо пра дэмакратычныя краіны – канстатуюць праваабаронцы ПЦ «Вясна».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт