Напрыканцы году Расея зьмяніла сваю вайсковую дактрыну. Галоўным ворагам Крамля зноў стала НАТО. Цяпер сваю дактрыну зьмяняе Беларусь. Афіцыйны Менск апынуўся паміж молатам ды кавадлам.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прыйшоў час на зьмену вайсковай дактрыны. Апошні раз Беларусь актуалізавала сваю дактрыну 15 год таму. Прычынай цяперашняй зьмены беларускі кіраўнік назваў зьяўленьне новых пагрозаў.
Аляксандар Лукашэнка: На сёньняшні дзень мы канстатуем, што наўпроставая вайсковая пагроза для нашай краіны адсутнічае. На першы плян выйшлі выклікі іншага характару. Як кажуць людзі, порах трэба трымаць сухім. Гэта выказваньне застаецца актуальным. За той час, што мінуў пасьля зацьвярджэньня дактрыны, сытуацыя ў сьвеце кардынальна зьмянілася. Але, што б не было, мы не аддамо ні мэтра сваёй зямлі.
Небясьпеку афіцыйны Менск бачыць для сябе з трох бакоў. Гэта каляровыя рэвалюцыі, гібрыдныя войны ды рост напружанасьці на лініі Расея-НАТО. Больш падрабязна з Менску перадае карэспандэнт Польскага радыё Уладзімеж Пац.
Уладзімеж Пац: Аляксандар Лукашэнка заявіў, што назіраецца абвастрэньне ў стасунках паміж Расеяй ды краінамі Паўночнаатлянтычнага альянсу. У выніку Беларусь апынулася ў складанай сытуацыі. Дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў Лукашэнка гатовы выкарыстаць усе наяўныя вайсковыя сілы. Беларускі кіраўнік падкрэсьліў, што людзі заўсёды будуць мець прэтэнзіі да ўладаў па розных прычынах, хаця б рост цэн альбо сьнежныя цыклёны. Тое, што народ не сьцерпіць, гэта страта незалежнасьці ды няздольнасьць абараніць дзяржаву. У якасьці прыкладу Лукашэнка прывёў сытуацыю ва Ўкраіне, дзе ўсе цяпер хочуць міру.
Беларускі кіраўнік зьбіраецца ў бліжэйшы час унесьці на разгляд парлямэнту новую вайсковую дактрыну Беларусі. Сярод асноўных зьмен гэта пашырэньне пераліку вайсковых небясьпек, у якім асноўны націск кладзецца на "максымальны ўлік унутраных пагроз ды эгаістычных спроб асобных краін забясьпечыць сваё лідарства”. У новай дактрыне беларускія ўлады вялікую ўвагу надалі так званаму „інфармацыйнаму супрацьстаяньню”. Гаворыць дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась.
Станіслаў Зась: Ужо даўно на зьмену клясычным войнам прыйшлі іншыя канфлікты. Адзін зь іх - гібрыдныя войны. Пры распрацоўцы дадзенай рэдакцыі мы гэта ўлічвалі. У першую чаргу мы рабілі націск на інфармацыйнае супрацьстаяньне. Гэта адзін з сур’ёзных складнікаў цяпер ваенных дзеяньняў. Таксама ўлічаны іншыя аспэкты.
Заяўленыя зьмены ў вайсковую дактрыну сьведчаць аб тым, што афіцыйны Менск разумее пагрозу ад сваёй празьмернай залежнасьці ад Расеі. Аднак Беларусь мае ў гэтай справе вельмі абмежаванае поле манэўру - перакананы вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.
Аляксандар Алесін: Мы бачым з боку беларускіх уладаў памкненьне зрабіць больш незалежнай сваю вайсковую палітыку, асабліва пасьля падзей ва Ўкраіне. Аднак, на маю думку, тут Расея далёка не адпусьціць. Ёсьць мінімальны ўзровень свабоды, напрыклад, дазваляецца супрацоўнічаць з Кітаем. У выпадку любых кантактаў з Украінай альбо іншымі краінамі, у Расеі ўсчынаюць выцьцё. Псэўдаэкспэрты крычаць пра „нэўтралітэт на крыві” ды пра ўдар Лукашэнкі ў сьпіну Расеі. Таму я думаю, што занадта вялікая залежнасьць ад Расеі. Мы можам стаць крыху больш самастойнымі ды ўсё.
У Беларусі мяняюць вайсковую дактрыну. Аднак у адрозьненьні ад Расеі, дзе асноўнай пагрозай назвалі НАТО, у Беларусі пагрозы бачаць у гібрыдных войнах ды канфлікце паміж Крамлём ды Захадам.
Юры Ліхтаровіч