Logo Polskiego Radia
Print

Несьвяточная гадавіна

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.11.2015 17:40
  • Несьвяточная гадавіна.mp3
Два гады таму ва Ўкраіне пачаліся пратэсты на кіеўскім Майдане.
Euromaidan in Kiev/Wikipedia Commons

Прычынай стала незадавальненьне людзей адмовай тагачасных уладаў пайсьці на збліжэньне з ЭЗ. Тая першая дэманстрацыя перарасла ў доўгачасовую акцыю пратэсту, якая прывяла да зьмены ўлады ва Ўкраіне. Як цяпер успрымаюцца тыя падзеі?

Два гады таму пачаліся пратэсты на Майдане ў Кіеве. Тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч не падпісаў дамову аб Асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам. Тады на галоўную плошчу ўкраінскай сталіцы выйшлі незадаволеныя тым рашэньнем уладаў. Спачатку пратэстоўцаў было каля 100 чалавек: у асноўным літаратару, артысты, студэнты. Людзі дамагаліся рэформаў ды інтэграцыі з ЭЗ. Праз тыдзень улады жорстка разагналі акцыю, што спарадзіла хвалю абурэньня сярод украінцаў. На Майдан выйшлі дзесяткі, а потым і сотні тысяч чалавек.

Зваротным пунктам пратэстаў стаў дзень 20-га лютага 2014-га году, калі ўкраінскія ўлады паспрабавалі сілай спыніць пратэсты, загінулі людзі. Пад ціскам Захаду, Януковіч падпісаў пагадненьне з апазыцыяй наконт залагоджваньня крызысу. Неўзабаве пасьля гэтага ўкраінскі прэзыдэнт уцёк з Кіева, а ўлада перайшла ў рукі апазыцыі. Падзеі 2014-га году ва Ўкраіне назвалі Рэвалюцыяй Годнасьці, а 21-га лістапада адзначаецца Дзень свабоды й годнасьці.

Два гады пасьля тых падзей мала хто згадвае пра рэвалюцыю ў такіх катэгорыях. Ва Ўкраіне расьце колькасьць незадаволеных ды расчараваных цяперашнімі ўладамі. Украінцы кажуць, што ўлады не рэалізавалі ідэалы, што натхнялі пратэсты. Падрабязнасьці з Кіева перадае карэспандэнт Павал Бушка.

Павал Бушка: Шмат украінцаў, якія прыйшлі ўскласьці кветкі на гадавіну Майдану, не хавалі свайго незадавальненьня. Маўляў тыя пастуляты, зая якія два гады таму выйшлі людзі, не рэалізаваныя. Мы вельмі павольна ідзем у бок Эўропы, у бок Захаду. Няма сапраўдных рэформаў, а барацьба з карупцыяй застаецца толькі лёзунгам. Адказныя за злачынствы на Майдане не панесьлі адказнасьць. Сабраныя не захацелі нават слухаць сьвяточны канцэрт і спынілі яго. Замест гэтага пачаўся мітынг, на якім людзі выступілі з крытыкай уладаў.

За Эўрамайданам пільна сачылі ў Польшчы. Афіцыйная Варшава адна зь першых заклікала да залагоджваньня канфлікту ва Ўкраіне, ды спрыяла працэсу збліжэньня Ўкраіны з ЭЗ. Мы запыталіся ў жыхароў Варшавы, як сёньня ў Польшчы ставяцца да Ўкраіны, як ацэньваюць Эўрамайдан.

Агнешка: У мяне прыязнае стаўленьне. Я вельмі спачуваю ўкраінцам. Мая знаёмая арганізавла збор адзежы для Ўкраіны, я ёй дапамагала. Я спадзяюся, што там сытуацыя стабілізуецца й будзе лепш, як у Польшчы альбо ў Эўропе.

Адам: Я чуў пра Эўрамайдан, на маю думку, ён прынёс крыху страт. Там была складаная сытуацыя. Увогуле, я добра стаўлюся да ўкраінцаў, яны працуюць разам са мной, ніякіх заўваг ня маю да іх. Больш мяне непакояць тыя, што ў Францыі зрабілі гэты напад. Гэта ўся сытуацыя ў Эўропе з уцекачамі з Сырыі ды іншых дзяржаў. Добра, што Польшча моцна ў гэтым не ўдзельнічае. Што да ўкраінцаў, дык яны могуць прыяжджаць, я не маю да іх пярэчаньняў.

Разам з тым, ёсьць і такія, хто кажа, што ахвяры ўкраінцаў не апраўдаліся, дэмакратыя надалей не разьвіваецца ва Ўкраіне.

Магда: Два гады таму ва Ўкраіне загінула шмат людзей, улада Януковіча атакавала мірных дэманстрантаў. Ці тыя пратэсты мелі значэньне? З аднаго боку ўрад зьмяніўся на больш дэмакратычны. Гэта добра. Зь іншага боку, карупцыя застаецца вялікай праблемай, дэмакратыя не разьвіваецца. Самаахвярнасьць украінцаў выклікае павагу, але не вядома ці яна была патрэбная, хаця некаторыя зьмены пачаліся.

Ва Ўкраіне адзначалася 2 гадавіна Эўрамайдану. Аднак сёлета гэты дзень стаў нагодай не для сьвята, а для крытыкі. Украінцы незадаволеныя дзеяньнямі уладаў, іх адыходу ад ідэалаў Майдану. У суседняй Польшчы таксама кажуць пра няспраўджаныя чаканьні, але спадзяюцца, што Ўкраіна зможа рэфармавацца.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт