Logo Polskiego Radia
Print

Тыдзень супраць фашызму й антысэмітызму

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.11.2015 07:00
  • Тыдзень супраць фашызму.mp3
Тэматычныя мерапрыемствы пройдуць з 9 да 19 лістапада.

У панядзелак у Беларусі пачынаецца Тыдзень дзеяньняў супраць фашызму й антысэмітызму. З 9 па 16 лістапада Моладзевая праваабарончая група-Беларусь пры падтрымцы UNITED ладзіць шэраг тэматычных мерапрыемстваў.

Сучасны фашызм даволі складана разглядзець у штодзённасьці. Ён эвалюцыянуе, прыстасоўваецца й робіць усё, каб як мага даўжэй заставацца незаўважаным. І, на жаль, фашызм гэта рэч, якая будзе заўсёды і ў любым грамадзтве – кажуць беларускія праваабаронцы.

Н. Лойка: Фашызм – гэта ня толькі палітычны лад, які быў у Італіі пры Мусаліні, ці нацызм у Нямеччыне падчас вайны. Гэта пэўны спэктар праяваў, які захаваўся дагэтуль. Мы бачым, што ў Менску чалавек памірае пасьля зьбіцьця толькі за тое, што ён гей. Міліцыя зьбівае людзей проста так. У інтэрнэце ёсьць шмат расісцкіх выказваньняў. У Беларусі няма ажно так адкрытай формы, як напрыклад у Расеі, калі небясьпечна быць толькі прыежджым. Але і ў нас ёсьць факты, калі адбываюцца гвалтоўныя інцыдэнты толькі таму, што чалавек адрозьніваецца колерам скуры. Таму варта праводзіць асьветніцкія мерапрыемствы, каб разам падумаць, што з гэтым рабіць, ці гэта актуальна, чым гэта выклікана.

Прадстаўнікі МПГ-Беларусь прапануюць прыняць удзел ва ўводным курсе па гуманітарным антыфашызьме (Human Integrity), які пройдзе ў панядзелак (9 лістапада) з 19:00 па 20.30. Акрамя гэтага, пройдзе прагляд анімацыйнага фільму-біяграфіі «Дзёньнік Ганны Франк» (1995г.). Прагляд фільма адбудзецца 11 лістапада ў Магілёве й 12 лістапада ў Менску з 19:00 па вул. Мяснікова, д. 35, офіс: 114 («Фіяльта»). Больш падрабязнасьцяў на старонцы – http://belmpd.info.

Дата Тыдня супраць фашызму й антысэмітызму абраная невыпадкова. Ноччу з 9 на 10 лістапада 1938 года ў Нямеччыне адбыўся масавы габрэйскі пагром, які атрымаў назву «Крыштальнай ночы». Гэтай трагедыяй распачаўся Галякост, у выніку якога загінула каля 6 мільёнаў габрэяў. У 1995 годзе ЮНЕСКА абвясьціла 16 лістапада Міжнародным днём талерантнасьці, які штогод адзначаецца ва ўсім сьвеце.

ав

У далучаным гукавым файле слухайце поўную гутарку.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт