Варшаву наведаў адзін з самых таленавітых беларускіх мастакоў. У Культурным цэнтры Беларусі ў сталіцы Польшчы адкрытая выстава сябра Беларускага саюза мастакоў, экспрэсіяніста Міколы Бушчыка.
На вэрнісаж Міколы Бушчыка ў Культурны цэнтар прыбыла шмат гасьцей, у асноўным беларусаў, пражываючых у Варшаве, быў таксама сам аўтар. Мікола Бушчык зьяўляецца даволі частым госьцем у Польшчы, гэта далёка ня першая ягоная выстава, ён таксама прыяжджае на мастацкія пленэры – гаворыць дырэктар культурнага цэнтра Эдуард Швайко.
Э. Швайко: Шмат разоў ён прымаў удзел у міжнародных пленэрах. Творчасьць гэтага мастака вельмі цікавая, незвычайная, заўсёды прываблівае гледача. Вельмі цёплыя водгукі на працы нашага мастака з боку прафэсіяналаў. Спадзяемся, што выстава выклікае зацікаўленьне іншых гасьцей нашага Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве. Сярод нас ёсьць сёньня прадстаўнікі Саюза мастакоў Польшчы. Спадзяемся, што дзякуючы такім кантактам слава нашых мастакоў будзе пашырацца, магчыма, працы будуць набывацца музэямі.
Мікола Бушчык рэгулярна бывае госьцем мастацкага пленэру ў Дому творчай працы Рэймантоўка ў Хлевісках. Гэтая міжнародная працоўная сустрэча мастакоў пачалася 2 лістапада, і Мікола Бушчык прывёз на сваю выставу калег з Аўстрыі, Польшчы, Украіны, Славаччыны ды іншых краін. Кантакты зь беларускімі мастакамі сталі ўжо традыцыяй, – адзначае дырэктар Рэймантоўкі Марэк Блашчык.
М. Блашчык: Шмат мастакоў было ў нас на мастацкіх пленэрах. Мы ладзілі выставы нашых мастакоў у Беларусі, між іншым, Антоні Урублеўскі наладзіў сваю індывідуальную выставу ў Берасьці. Нас вельмі цешаць гэтыя кантакты, спадзяемся, што яны будуць разьвівацца. Нас радуе, што Мікола прадстаўляе сёньня свае працы, мы ведаем яго цудоўныя работы, ягоныя колеры, высока іх цэнім.
Сам аўтар таксама цэніць свае выставы ў Польшчы, паколькі, на ягоную думку, у палякаў і беларусаў вельмі шмат агульнага.
М. Бушчык: Кожная выстава – гэта крышачку адкрыцьцё ў сьвет. Важнае ня тое, што мастак думае, дзе ён выстаўляецца, а тое, ці прымаюць яго мастацтва там, дзе яго бачаць. Мы найбліжэй з палякамі па духу. Беларусы – больш эўрапейцы, чым эўразійцы. Адкрываць ім тут вочы на тое, што мы пражылі стагодзьдзямі разам, гэта вялікая справа.
Працы Міколы Бушчыка адметныя, як казалі на выставе польскія артысты, у іх ёсьць паэзія, што рэдка здараецца ў нашыя часы. Акрамя таго, яго творчасьць вельмі багатая, – падкрэсьлівае Эдуард Швайко.
Э. Швайко: Ён мае больш за 500 акварэльных прац, 1000 прац, выкананых на алеі. Здараецца, што аўтар працуе шмат, але праца ня вельмі відавочная. Тым ня менш, у Мікалая Бушчыка ёсьць свая сьцежка ў творчасьці, адметная, заўважальная, яна дадае калярыт, асаблівасьць гэтаму аўтару.
Беларуская тэматыка вельмі важная ў працах мастака. Ён марыў пра Беларусь доўгія гады, калі быў прымушаны жыць па-за межамі Айчыны.
М. Бушчык: Для мяне Беларусь – ня проста гук і слова. У дзяцінстве і юнацтве я быў адарваны ад Беларусі. Усё жыцьцё, калі я жыў па-за межамі Беларусі, я марыў аб адным – каб вярнуцца на Беларусь і пражыць жыцьцё там. І я цяпер там, працую, жыву гэтым духам. Я шмат у якіх краінах быў, працаваў, мне некаторыя галерэі прапанавалі застацца. Мой адказ быў адзін: прабачце, я маю сваю Радзіму, я беларус.
Карціны Міколы Бушчыка знаходзяцца ў мастацкіх музэях многіх краін сьвету – у Беларусі, Расеі, Латвіі, Нямеччыне, Італіі, Францыі, ЗША, а таксама ў шматлікіх прыватных калекцыях.
нг
здымкі з сайта bushchyk.com