Logo Polskiego Radia
Print

Апэтыт на Польшчу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.05.2015 19:30
  • Апэтыт на Польшчу.mp3
Шэсьць месяцаў выставаў, амаль 150 краін з усяго сьвету на 110 гектарах выставачных заляў.

У Мілане праходзіць сусьветная выстава ЭКСПА 2015. Сёньня Польшча пачынае тыдзень рэклямаваньня сваіх турыстычных цікавінак ды кулінарыі.

Першая EXPO (ЭКСПА, выстава) адбылася ў Лёндане ў 1751-м годзе, наступная ў Парыжы, пасьля чаго выстава атрымала міжнародны маштаб і праводзіцца рэгулярна. З таго часоў прайшло ўжо 70 паказаў.

Пад EXPO будавалі будынкі, якія сталі сымбалямі сваіх гарадоў. Гэта брусэльскі Atomium ды парыская Эйфэлевая вежа. Гэтыя будынкі ствараліся, каб паказаць узровень навуковых ды тэхнічных дасягненьняў тых часоў. Сёньня як і раней арганізатары кожнай ЭКСПА імкнуцца паказаць найбольш цікавыя дасягненьні тэхнічнага ды цывілізацыйнага прагрэсу чалавецтва.

Сёлетняя выстава праходзіць у Мілане ў Італіі ды доўжыцца 6 месяцаў з 1-га траўня па 31-га кастрычніка. Галоўная тэма выставы: “Харчаваньне плянэты, энэргія для жыцьця”. На гэтым тыдні сваю рэклямную акцыю пачала Польшча. Яна называецца “Прыедзь у Польшчу ды спазнай ўсе колеры жыцьця”, прысьвячаецца прадстаўленьню польскай культуры ды турызму, каб прыцягнуць увагу сьвету да багатай спадчыны краіны. У рамках гэтай тыднёвай акцыі будуць прадстаўляць свае дасягненьні такія гарады як Варшава і Кракаў, Малапольскі ды Любэльскі рэгіёны, марскія і горныя курорты. Больш падрабязна распавядае Барбара Тутак з Польскай турыстычнай арганізацыі. Польскі бок хоча прыцягнуць увагу італьянцаў, бо мясцовы рынак мае важнае значэньне.

Барбара Тутак: Гэта важна ў зьвязку з памерамі турыстычнага руху, за 313 тысяч прыездаў у 2013-м годзе. Гэта тэндэнцыя на рост. На рынку зьмяняецца таксама профіль вандроўнікаў і турыстаў. Большую цікавасьць сёньня выклікае Польшча сярод кліентаў маладога пакаленьня.

Апроч імпрэз у польскім павільёне на выставе, на 2 плошчах Мілана адчыніліся спэцыяльныя плятформы з капсулай 5D i сымулятарам язды 3D, у якіх можна праехацца па віртуальны роварны маршруце, які праходзіць праз усходнія ваяводзтвы Польшчы. Польскі бок плянуе шырока ладзіць мабільныя акцыі “flash moby”, першая зь якіх будзе прысьвечана Мікалаю Каперніку.

Барбара Тутак: З натоўпу выйдуць некалькі чалавек і пачнуць глядзець на сонца, а потым зьявіцца надпіс, што дзякуючы Каперніку сусьвет, на які ты глядзіш, мае вядомы табе кшталт.

Намесьнік старшыні Польскай турыстычнай арганізацыі Барталамэй Валяс разьлічвае на тое, што ня толькі італьянцы зацікавяцца польскімі турыстычнымі прапановамі. Вядома, што білеты на EXPO 2015 купілі 900 тысяч кітайцаў.

Барталамей Валяс: Мы думаем, ці ня трэба апэратыўна нашы брашуры з польскай на кітайскую перакласьці. Гэта ілюстрацыя глябальнага вымярэньня выставы. Таму наш павільён падрыхтаваны адпаведным чынам, адзін з найбольшых, аформлены згода з адзінай графічнай канцэпцыяй, якая зьвязаная з галоўнай тэмай EXPO. Сёлета гэта харчаваньне, прастора і супрацоўніцтва.

Арганізатары заяўляюць, што EXPO-2015 выдатная нагода, каб рэклямаваць важныя імпрэзы, якія адбудуцца ў Польшчы ў бліжэйшыя гады. У першую чаргу, увагу хочуць прыцягнуць Кракаў са сваімі Сусьветнымі днямі моладзі ў 2016-м годзе ды Вроцлаў з Эўрапейскай сталіцай культуры 2016.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

tags: expo 2015
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт