фота: В.Саўко/Беларуская служба
Сьвятлана Алексіевіч і Міхал Альшэўскі атрымалі ўчора ў Варшаве ўзнагароду імя Рышарда Капусьціньскага за найлепшыя зборнікі рэпартажаў 2014 года. Сёлета ўпершыню прэмію атрымалі адначасова дзьве асобы, у тым ліку беларуская пісьменьніца за кнігу «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека».
Вядомая беларуская пісьменьніца другі раз стала ляўрэаткай адной з галоўных літаратурных прэмій Польшчы. Цырымонія ўручэньня адбылася ў чацьвер увечары ў Палацы культуры і навукі ў Варшаве. Узнагарода ўручаецца за лепшую кнігу рэпартажаў, якая закранае важныя праблемы сучаснасьці. Яе арганізатарамі зьяўляюцца мэрыя Варшавы і «Gazeta Wyborcza». У сьвежым нумары выданьня вялікае інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч.
Ці часта здараецца, што на вас нападаюць за падтрымку Ўкраіны і крытыку палітыкі Пуціна? «Я сустракаюся з гэтым усюды – адказвае Алексіевіч. – У Нарвэгіі нейкая жанчына крычала, што ўкраінцы расьпінаюць дзяцей, у Нямеччыне расейскамоўны таксіст тлумачыў, што рэвалюцыю на Майдане зрабілі амэрыканцы і палякі. Я таксама чула, што на Данбасе змагаюцца польскія аддзелы. Гэта ўсё хлусьня расейскай прапаганды, але праблема ня толькі ў тым, што гаворыць прапаганда, таксама ў тым, што людзі хочуць гэта слухаць. Гаворка ідзе не пра тое, ці Пуцін добры, ці дрэнны, а пра тое, што Пуцін – у кожным з нас. Чырвоная імпэрыя зьнікла, а чырвоны чалавек астаўся».
Чаму дэмакратыя ў Расеі не прайшла? «У 90-ых гадах мы думалі, што ўсе жадаюць перабудовы. Але насамрэч народ прачнуўся ў незнаёмай краіне, а жыцьцё стала горшае, чым у савецкія часы. Няма грошай – пайшоў вон. У Расеі народ ніколі ня быў свабодны, заўсёды інтарэс дзяржавы быў важнейшы. Жыцьцё ніколі ня мела каштоўнасьці. У элітаў не было сьвядомасьці, што пра новае жыцьцё трэба ня толькі гаварыць і пра яго марыць, але таксама яго будаваць. Не было рэальнай праграмы. Расейская літаратура збудаваная на марах аб новым, лепшым жыцьці, але чамусьці не ўдаецца ажыцьцявіць гэтыя мары.
Расея вяртаецца ў сярэднявечча. Тое, што адбываецца з праваслаўем, гэта страшна. Казакі з нагайкамі стаяць перад тэатрам і вырашаюць, якое прадстаўленьне можна паказаць. Сядаю ў таксі ў Маскве. Таксіст пытаецца: «Ці вы праваслаўная?». Кажу, што бабуля мяне пахрысьціла ў сакрэце. То сядайце, гэта праваслаўнае таксі. «А калі б мяне бабуля не пахрысьціла?«. »То пайшлі б пехатой». Альбо аб’ява: здам кватэру толькі расейскай, праваслаўнай сям’і.
Страшна выказаць нейкую крытыку, засталася толькі ўласная кухня. За крытычныя словы пра Вялікую айчынную вайну пагражае крымінальны прысуд, забаронена крытыка праваслаўя».
У загалоўку кнігі гаворка ідзе пра чырвонага чалавека. Чым гэтае паняцьце адрозьніваецца ад homo sovieticus? «У назове homo sovieticus ёсьць нешта прыніжальнае і нэгатыўнае. У маім чырвоным чалавеку ёсьць і рамантызм, і пакуты, і сумаваньне. Людзі з настальгіяй згадваюць часы сваёй маладосьці, як мой бацька, які верыў у камунізм. Я хацела паказаць трагічнасьць гэтага лёсу.
Калі я еду празь Летуву, затрымаюся, то людзі адразу пачынаюць дыспутаваць пра палітыку, пра свабоду. У нас гэтага няма. На вёсцы кажуць: «Якая свабода? Ёсьць каўбаса ў краме, якую хочаш, гарэлка, якую хочаш – вось гэта свабода». Як казаў Сталін, такі ў нас народ, іншага ня будзе. Адукацыя – гэта доўгі працэс. Забілі Нямцова. У іншай краіне на вуліцы выйшлі б мільёны людзей, у Маскве нічога такога не было. Альбо Беларусь Лукашэнкі: татальная цішыня, ніхто не супраціўляецца. Я адзін дзень у Варшаве, сустрэла дзесяткі беларусаў, якія хацелі б вярнуцца дадому, але няма куды».
Пра што будуць наступныя кнігі? «Я пішу дзьве, – адказвае пісьменьніца. – Адну пра каханьне. Размаўляю з мужчынамі і жанчынамі пра сыстэму каштоўнасьцяў, якую будуе каханьне. У нашым славянскім сьвеце ніколі не было важна, каб быць шчасьлівым. Чалавек быў гатовы да таго, каб змагацца і загінуць за Айчыну. Не было гаворкі, што ў жыцьці могуць быць яшчэ іншыя важныя рэчы. А другая кніжка будзе пра старасьць і сьмерць».
Распавяла Сьвятлана Алексіевіч выданьню Gazeta Wyborcza.