Logo Polskiego Radia
Print

Словы дырэктара ФБР абурылі палякаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.04.2015 13:23
У нядзелю па гэтай справе выказаўся амбасадар ЗША ў Польшчы Стывэн Мал.

Кіраўнік ФБР Джэймс Комі падчас свайго выступленьня ў Музэі Галакосту ў Вашынгтоне сьцьвердзіў, што палякі разам зь гітлераўцамі адказваюць за Галакост. Словы амэрыканца, якія супалі з 72-ой гадавінай пачатку паўстаньня ў Варшаўскім гета, выклікалі рашучую рэакцыю з боку польскай грамадзкай думкі, паведамляе выданьне „Polska The Times”.

На словы кіраўніка ФБР неадкладна адрэагаваў польскі МЗС, у тым ліку амбасада Польшчы ў Вашынгтоне.

У нядзелю па гэтай справе выказаўся амбасадар ЗША ў Польшчы Стывэн Мал.

„Намёк пра тое, што Польшча, ці нейкая іншая краіна апрача нацысцкай Нямеччыны, адказвае за Галакост - памылковы, шкодны й абразьлівы”, - сказаў амэрыканскі дыплямат.

Паводле амбасадара, дырэктар ФБР хацеў сказаць, што габрэям дапамагала шмат людзей, але было таксама шмат такіх, хто ім не дапамагаў.

„Я думаю, што трэба ўшанаваць тых палякаў, якія рызыкавалі сваім жыцьцём і жыцьцём сваіх сям’яў, ратуючы габрэяў ад Галакосту”, - дадаў Стывэн Мал.

Па гэтай справе ў недзелю амэрыканскі амбасадар асабіста даваў тлумачэньні ў сядзібе польскага МЗС.

Выданьне „Polska The Times”, нагадае, што выказваньне кіраўніка ФБР, гэта ня першая хлусьня на тэму ролі палякаў у Генацыдзе габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны.

Найбольш спэктакулярным было выказваньне самога прэзыдэнта Барака Абамы з 2012 году. Падчас урачыстасьці пасьмяротнага адзначэньня Яна Карскага Прэзыдэнцкім мэдалём свабоды амэрыканскі лідар казаў пра „польскія канцлягеры”.

Назва „польскія канцлягеры” зьяўлялася ў заходніх СМІ і раней. Напрыклад, у 2010 годзе ў газэце „The New York Times”. Кожны раз супраць гэткіх выпадкаў пратэстуе, як польская дзяржава, так і палякі замежжа.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт