Logo Polskiego Radia
Print

„Іда” вяртаецца на кінаэкраны

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 24.02.2015 16:10
Фільм, які атрымаў „Оскара”, больш папулярны за мяжой, а не ў Польшчы.

Да гэтай пары кінастужку „Іда” Паўла Паўлікоўскага ў Польшчы паглядзелі толькі каля 119 тысячаў гледачоў. Намнога большай папулярнасьцю польскі фільм, узнагароджаны „Оскарам”, карыстаецца за мяжой. Напрыклад, у Францыі яго паглядзелі амаль 1 мільён чалавек, а ля кінатэатраў узьнікалі чэргі, паведамляе „Dziennik Gazeta Prawna”.

„Ужо зь пятніцы „Іда” вяртаецца ў польскія кінатэатры”, - кажа Дагмара Мольга з фірмы „Solopan”, якая займаецца распаўсюджваньнем кінастужкі ў Польшчы.

Да росту папулярнасьці фільму прычынілася інфармацыя пра яго намінацыі да прэміі Амэрыканскай акадэміі кінамастацтва ў катэгорыі „найлепшы неангламоўны фільм”.

„З таго моманту, то бок з кастрычніка 2014 году, фільм паглядзелі 60 тысяч чалавек”, - кажа Мольга, дадаючы, што ў выпадку некамэрцыйнага фільму гэта й так посьпех.

Аднак гэта не мяняе факту, што большай папулярнасьцю фільм Паўла Паўлікоўскага карыстаўся за мяжой. Квіткі на „Іду” выдатна прадаваліся ў Італіі, Гішпаніі, Францыі ды ЗША. Да гэтай пары за Атлянтычным акіянам „Іда” зарабіла каля 4 мільёнаў даляраў.

Аднак камэнтатары падкрэсьліваюць, што самы лепшы камэрцыйны пэрыяд можа пачацца цяпер, то бок пасьля таго, як фільм атрымаў „Оскара”.

Дадатковым імпульсам да таго, каб яго паглядзела больш палякаў, могуць быць найноўшыя абвінавачваньні ў тым, што стужка мае антыпольскі характар, паведамляе „Dziennik Gazeta Prawna”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт