Францыя ў шоку пасьля ўчарашніх трагічных падзей. 12 чалавек забітыя, 11 параненыя, у тым ліку 4 знаходзяцца ў цяжкім стане – гэта вынік замаху на рэдакцыю сатырычнага часопіса „Charlie Hebdo” у Парыжы.
Двое замаскаваных тэрарыстаў увайшлі а 11.30 па мясцовым часе ў рэдакцыю выданьня. Яны дакладна ведалі, што ў гэтую гадзіну адбываецца рэдкалегія, зьбіраюцца ўсе журналісты, сатырыкі, прыяждждаюць тыя, хто працуе дома. Пачалі страляць – агулам было чуваць 50 стрэлаў. Пры гэтым забойцы выкрыквалі “Аллах акбар” (Алах вялікі) і “Мы адпомсьцілі за прарока”. Нядаўна часопіс надрукаваў сатырычныя малюнкі прарока Мухамэда. Калі нападаючыя выходзілі з рэдакцыі, сутыкнуліся з журналісткай, якая ішла на працу. Тэрарысты сказалі, што яе не заб’юць, паколькі яна жанчына.
Парыж увёў самы высокі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. Вуліцы патралююць паліцыянты, жаўнеры і жандармы. Працягваецца аблава на забойцаў. Французы абураны гэтай атакай на сэрца францускай тоеснасьці. Для іх „Charlie Hebdo” – гэта сымбаль свабоды, пачуцьця гумару і адвагі, каб быць несур’ёзным, правакаваць.
Экспэрты адзначаюць, што замах быў прафэсійна падрыхтаваны, але гэта не азначае, што за тэрарыстамі стаіць нейкая вялікая арганізацыя. Гаворыць Гжэгаж Цесьлік з Цэнтру дасьледаваньня тэрарызму.
Г. Цесьлік: Спосаб правядзеньня замаху, характэрныя рухі тэрарыстаў сбведчаць аб тым, што яны прайшлі адмысловую падрыхтоўку. Гэта як мінімум ваенная падрыхтоўка, магчыма, яны знаходзіліся раней у зоне баявых дзеяньняў.
Гэта вайна цывілізацый – так камэнтуе падзеі ў Парыжы экспэрт па палітычным маркетынгу і спэцыяліст па францускай праблематыцы Эрык Містэвіч.
Э. Містэвіч: Гэта халодны душ і для Францыі, і для Эўрапейскага Зьвязу. Эмігранты становяцца ўсё большай праблемай. Мішэль Уэльбэк прадставіў Францыю 2022 году як вялікі каліфат Парыжа. І яго прароцтва пачынае зьдзяйсьняцца. А мы дыскутуем аб палітычнай карэктнасьці, аб кампрамісным падыходзе да кожнай праблемы. Трэба сустрэцца, паразмаўляць, галасаваць. Гэта праблема як францускай, так і эўрапейскай палітыкі. Шкада, што цяпер дайшло ўжо да сьмяротных ахвяраў.
Сатырыкі з „Charlie Hebdo” не жартавалі са сьвятасьці, яны высьмейвалі толькі паводзіны людзей, зьвязаных зь нейкімі рэлігіямі або веравызнаньнямі, - мяркуе карыкатуршчык і сатырык Юзэф Бурневіч. На ягоную думку, нельга сьмяяцца з веры, але з паводзінаў, зьвязаных зь верай – так. Але свабода слова ня можа быць абсалютнай.
Ю. Бурневіч: Свабода слова мае свае межы, якія вынікаюць з розуму чалавека. Як чалавек разумее рэчаіснасьць, іншых людзей, сваё месца на зямлі. Калі хтосьці гэтага не разумее, то не павінен нават спрабаваць выказвацца на тэму важных грамадзкіх праблем.
Удар па францускім часопісе – гэта перасьцярога для ўсіх сатырычных выданьняў. Цяпер важна, што зробяць францускія ўлады, ці яны ўвядуць нейкі від цэнзуры на сатырычныя малюнкі і тэксты. Ежы Шыгель, які супрацоўнічаў з „Charlie Hebdo”, прызнае, што выданьне любіць парушаць межы добрага смаку.
Е. Шыгель: Часам яны друкавалі сапраўды прымітыўныя антыісламскія карыкатуры. Я мог бы расказаць пра некалькі, якія надрукаваў „Charlie Hebdo”. Такія малюнкі ніколі не маглі б паявіцца ў польскай прэсе, палякі, нават тыя, хто нэгатыўна адносіцца да веры, ніколі б іх не адобрылі.
Ці Польшча падрыхтаваная да магчымых атакаў з боку тэрарыстаў? Вельмі цяжка прадухіліць такі замах, - мяркуе Гжэгаж Цесьлік. На думку экспэрта, сыстэма рэагаваньня павінна пачынацца на ўзроўні звычайнага абыватэля. Грамадзтва павінна ведаць, што рабіць, калі пагражае нам тэрарызм.
Г. Цесьлік: Кожны антытэрарыстычны аддзел прыедзе толькі тады, калі тэрарыст ужо пакажа свае намеры. Гэта часьцей за ўсё забойcтва. Cыстэма папярэджаньня павінны апусьціцца ў сам ніз, каб грамадзяне ведалі, як сябе паводзіць. Калі наш сусед дзіўна сябе паводзіць, то трэба пайсьці ў паліцыю. І гэта ня будзе данос, а крок у напрамку нашай бясьпекі.
Француская паліцыя працягвае пошук тэрарыстаў. Затрыманыя некалькі чалавек. Сёньня раніцай быў схоплены адзін з падазраваных тэрарыстаў. Ён адкрыў агонь па паліцыі, калі паліцыянты спрабавалі вывезьці разьбіты аўтамабіль Рэно Кліо, на якім рухаліся тэрарысты, а пазьней яго кінулі. Затрыманы мужчына параніў дваіх паліцыянтаў. Верагодней за ўсё ён паходзіць з Афрыкі, раней паліцыя ўжо затрымлівала яго за правапарушэньні. Іншы падазраваны сам прыйшоў у паліцыю, але ён аказаўся невінаватым. Паліцыя шукае дваіх нападаючых. Гэта браты, адзін з якіх вядомы паліцыі ў якасьці джыхадыста. Затрыманыя іх сваякі, у іх узялі паказаньні. Паліцыя апасаецца, што тэрарысты рыхтуюць самагубчы замах, паколькі жадаюць памерці сьмерцю мучанікаў.
IAR PR/нг