33 гадоў таму міліцыя й армія Польскай Народнай Рэспублікі падавілі страйк рабочых на шахце „Wujek” у горадзе Катавіцэ. 16 сьнежня 1981 году там адбыўся крывавы разгон гарнякоў, якія выступалі супраць увядзеньня ў ПНР ваеннага становішча.
Страйк на шахце „Wujek” пачаўся 13 сьнежня, у дзень увядзеньня ваеннага становішча ў ПНР.
У выніку адкрытага агня байцамі атрадаў ZOMO (Матарызаванай падтрымкі грамадзянскай міліцыі) загінулі дзевяць шахцёраў, а 21 атрымаў раненьні.
Першапачаткова сілы міліцыі й войска выкарысталі вадамёты, каб разагнаць натоўп жанчын і дзяцей, якія спрабавалі перашкодзіць у падаўленьні страйку. Пазьней танкі разбурылі сьцены прадпрыемства, пракладваючы шлях войскам спэцназа.
„Шахцёры аказалі настолькі заўзяты супраціў, што міліцыя й армія не маглі зь імі справіцца”, - успамінаў некалькі гадоў таму адзін зь лідараў забастоўкі Адам Сквіра.
Адам Сквіра: Міліцыя ўварвалася на тэрыторыю прадпрыемства з розных бакоў. Атрады ZOMO былі аснаджаныя дубінкамі й шлемамі. Але спачатку ім нічога не атрымалася: яны ўварваліся й зараз атрымалі па галаве. Былі прымушаныя адступіць. Тады яны накіравалі на нас адмысловы аддзел антытэрарыстычнага характару.
Каля 13:00 адзелы ZOMO адкрылі агонь па шахцёрах. Сем чалавек загінулі на месцы, двое памерлі ў бальніцы.
Шахцёр: Яны стралялі па людзях з гранатамётаў непасрэдна з адлегласьці 15-20 мэтраў. Дайшло таксама да непасрэднага сутыкненьня.
Інфармацыя пра трагедыю хутка распаўсюдзілася па ўсёй Польшчы. На наступны дзень, 17 сьнежня, Зьбігнеў Буяк - адзін зь лідараў нелегальнага прафсаюзу „Салідарнасьць”, які тады хаваўся ад арыштаваньня, ушанаваў загінулых шахцёраў на хвалях нелегальнай радыёстанцыі „Салідарнасьць”.
Зьбігнеў Буяк: Сябры прафсаюзнага руху, браты шахцёры заплацілі найвышэйшую цану – яны ахвяравалі сваім жыцьцём. Дарагія браты гарнякі, прыміце мае знакі пашаны. Я заклікаю: трэба адмовіцца ад апошняга кроку, пасьля якога ўлада выкарыстоўвае ўжо толькі зброю.
Камуністычная ўлада ПНР і дзяржаўныя СМІ хавалі праўду пра падзеі на шахце „Wujek”. Толькі два тыдні пазьней, то бок 31 сьнежня 1981 году, трагічныя падзеі пракамэнтаваў тагачасны старшыня Дзяржаўнага савета Генрык Яблоньскі. Аднак чыноўнік не асудзіў прымяненьня агнястрэльнай зброі супраць гарнякоў. Ён, перш за ўсё, спачуваў параненым супрацоўнікам міліцыі.
Расьсьледаваньне па справе гібелі польскіх шахцёраў было спыненае на пачатку 1982 году. Ваенная пракуратура вырашыла, што сябры спэцыяльнага атрада выкарысталі зброю ў адпаведнасьці з законамі і дзейнічалі ў рамках самаабароны.
У сваю чаргу чатыры лідары шахцёрскага пратэсту былі прысуджаны да турэмнага зьняволеньня тэрмінам ад 3 да 4 гадоў.
Калі 16 сьнежня 1989 году, у чарговую гадавіну трагічных падзеяў на цырымонію, якая праходзіла на шахце ў Катавіцэ прыехаў тагачасны прэзыдэнт ПНР Войцех Ярузельскі, яго сустрэлі банэры й воклічы: „На калені!” і „Што ты рабіў трынаццатага?”.
Працэсы супраць асоб, вінаватых у разьні на шахце „Wujek” пачаліся толькі ў 90-х гадох. Нарэшце, у 2008 годзе быў абвешчаны канчатковы прысуд, паводле якога 14 былых функцыянэраў ZOMO, якія ўдзельнічалі ўзельнічалі ў падаўленьні страйкаў на шахтах „Wujek” і „Manifest Lipcowy” былі прызнаныя вінаватымі ў камуністычных злачынствах. Яны былі прысуджаны да пазбаўленьня волі тэрмінам ад 3,5 да 6 гадоў.
Прадстаўляючы абгрунтаваньне прысуду, судзьдзя Вальдэмар Шміт падкрэсьліў, што віна абвінавачаных не выклікае ніякага сумневу.
Вальдэмар Шміт: Тады, прымаючы канчатковае рашэньне, трэба сказаць: „Gloria victis!” – „Слава пераможаным!”. Яны ахвяравалі сваім жыцьцём за правільную справу. У сваю чаргу, пакараньне належыць тым, якім можна было даказаць без ніякіх сумневаў, што яны зьдзейсьнілі злачынства. Яны вінаватыя.
У 2009 годзе, пасьля 28-мі гадоў з часу разьні, Вярхоўны суд падтрымаў гэты прысуд.
Паводле пракуратуры, да прымяненьні зброі супраць страйкуючых шахцёраў прычынілася зашыфраваная тэлеграма, якую ў падразьдзяленьні міліцыі ў 1981 годзе адправіў кіраўнік МУС генэрал Чэслаў Кішчак.
Дарэчы, да гэтай пары супраць яго па гэтай справе былі ўзбуджаныя ўжо 5 працэсаў. У 2004 годзе Кішчак быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай, але пазьней ён быў апраўданы.
Fot. PAP/Tomasz Gzell
Пасьля некалькіх працэсаў, у 2013 годзе суд прыпыніў яго справу на нявызначаны тэрмін з-за дрэннага стану здароўя былога генэрала.
Месца трагедыі на шахце „Wujek” стала адным з нацыянальных сымбаляў. У часы ПНР урачыстасьці, арганізаваныя ў гонар тых, хто загінуў, неаднаразова зрывала міліцыя.
У сьнежні 1991 году прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса ўрачыста адкрыў Помнік-крыж „У памяць загінулых” гарнякоў, ля якога па сёньняшні дзень адбываюцца ўрачыстасьці.
Сёлетнія мерапрыемствы з нагоды 33-годзьдзя падаўленьня пратэстаў на шахце „Wujek ” у горадзе Катавіцэ пачаліся а 16.00 паводле польскага часу.
аз