Logo Polskiego Radia
Print

Фокус на хакей

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.05.2014 16:35
  • Фокус на хакей.mp3
У Беларусі адбываецца Чэмпіянат сьвету па хакеі. Беларускія ўлады імкнуцца ўсімі сіламі паказаць краіны зь лепшага боку.
ru.wikipedia.orgru.wikipedia.org

/

Аднак, праваабаронцы кажуць, што старыя праблемы нікуды не зьніклі, іх толькі схавалі. Пра гэта ішла размова сёньня ў Варшаве на сустрэчы, прысьвечанай тэме “Правы чалавека ў ценю хакею”.

Сустрэчу для журналістаў зладзілі сумесна Хэльсінскі фонд правоў чалавека з Варшавы, інфармацыйны офіс “Салідарнасьць зь Беларусьсю” і Польская асацыяцыя журналістаў. У Варшаву прыехалі экспэрты зь беларускіх праваабарончых ды журналісцкіх арганізацый, каб распавесьці пра тое, як выглядае сапраўдная сытуацыя ў краіне падчас чэмпіянату. Спорт часта выкарыстоўваюць, каб прыхаваць дыктатуру. Офіс “Салідарнасьць зь Беларусьсю” заклікае выкарыстаць чэмпіянат, каб зацікавіцца і пісаць пра іншыя аспэкты жыцьця ў Беларусі. Гаворыць каардынатар кампаніі інфармацыйны офіс “Салідарнасьць зь Беларусьсю”, журналістка Польскага радыё Сандра Ўжуле.

/

Сандра Ўжуле: Інфармацыйнае бюро “Салідарнасьць зь Беларусьсю” вырашыла скарыстацца візавым спрашчэньнем ўезду ў Беларусь. Бюро прыцягвае ўвагу заходніх журналістаў, каб яны паехалі ды распавялі пра сытуацыю ў Беларусі. Кампанія палягае на правядзеньні маніторынгу заходніх СМІ, а таксама збор інфармацыі, зьвязанай зь любымі ініцыятывамі падчас чэмпіянату. У першую чаргу – гэта праваабарончыя акцыі.

Паводле словаў беларускіх праваабаронцаў, чэмпіянат нічога не палепшыў з правамі чалавека ў краіне, толькі пагоршыў. Гаворыць Андрэй Палуда з праваабарончага цэнтру “Вясна”.

/Андрэй Палуда: Зьмены ёсьць, але яны не ў лепшы бок. Мы спадзяваліся большага і чакалі, што выпусьцяць палітвязьняў, што будзе перагледжанае пытаньне сьмяротнага пакараньня. Пры гэтым мы бачым, што ў краіне ідуць прэвэнтыўныя арышты. Яны датычаць ня толькі актывістаў, але любага, хто недзе засьвяціўся. Падчас чэмпіянату адчуваецца наадварот наступ на правы чалавека.

Адзінае, на што пайшлі беларускія ўлады, гэта паслабленьні для замежных журналістаў. Гаворыць прадстаўнік БАЖ Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец: У Беларусі мы заўважаем пэўныя паляпшэньні ў сфэры СМІ. Яны тычацца толькі замежных журналістаў. Яны атрымалі магчымасьць прыехаць у краіну бязь візы й без акрэдытацыі МЗС, пры ўмове, што ў іх ёсьць акрэдытацыя ад Міжнароднай фэдэрацыі па хакеі. Улады спачатку хацелі кантраляваць тэматычна журналістаў. Пра гэта ішлося ва ўказе Лукашэнкі. Калі замежнікі хочуць асьвятляць ня толькі падзеі чэмпіянату, яны мусяць узяць акрэдытацыю МЗС. Потым гэта адмянілі. Быў толькі адзін выпадак цэнзуры, калі фінскай групе не дазволілі правесьці апытаньне. Пасьля чэмпіянату ўсё вернецца ў сваё рэчышча.

Беларускія ўлады стварылі вітрыну, каб паказаць свае “дасягненьні”, усё, што выходзіць па-за гэты вобраз, выдаляецца. Гаворыць старшыня інфармацыйнага офіса “Салідарнасьць зь Беларусьсю” Юлія Слуцкая.

Юлія Слуцкая: У Беларусі былі чаканьні, што нешта зьменіцца. Краіна заяўляла, што гатова адчыніцца. Было шмат нагод да гэтага. Чэмпіянат сьвету мае вялізарнае сымбалічнае значэньне для Лукашэнкі ва ўмовах ізаляцыі - паказаць краіну сьвету вітрынным бокам. У гэтым ён бачыць магчымасьць свой асабісты рэйтынг падняць, у яго хутка выбары. Але насамрэч ніякіх сапраўдных крокаў не было зроблена, каб размарозіць сытуацыю. Зрабілі прыгожую вітрыну, але насамрэч усё засталося бяз зьмен.

У Варшаве прайшла сустрэча ў рамках кампаніі “Фокус на Чэмпіянат па хакеі на лёдзе 2014”.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт