Logo Polskiego Radia
Print

Мігальскага не ўпусьцілі ў Беларусь

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.05.2014 20:00
Паводле словаў эўрадэпутата, яго не ўпусьцілі на тэрыторыю Беларусі па просьбе Расеі.

Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы Марэк Мігальскі ня змог уехаць на тэрыторыю Беларусі. Яго вярнулі ў Польшчу зь беларускай мяжы. Разам з двума супрацоўнікамі Мігальскі ехаў у Беларусь, каб сустрэцца са сваякамі палітвязьняў, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці й паказацца ў майках са здымкамі Мікалая Статкевіча і Алеся Бяляцкага, якія сядзяць у турме за сваю грамадзкую і палітычную дзейнасьць.

Перад чэмпіянатам сьвету па хакеі беларускія ўлады абяцалі, што замежнікі змогуць уехаць у Беларусь бязь візы, на падставе пашпарту і купленага квітка на матч. Аказалася, што ня ўсе замежныя грамадзяне так лёгка могуць трапіць у краіну. Паводле словаў Мігальскага, яму паведамілі на мяжы беларускія памежнікі, што яго не ўпусьцілі ў Беларусь па просьбе расейскіх уладаў.

Гэта ўжо ня першы выпадак, калі ў краіну не ўпускаюць замежных грамадзянаў, асабліва калі яны выступаюць у абарону правоў чалавека ў Беларусі. А Марэк Мігальскі вядомы сваімі гучнымі заявамі супраць беларускага рэжыму, у прыватнасьці, ён праводзіў шырокую кампанію на карысьць адабраньня ў Беларусі права правядзеньня чэмпіянату па хакеі. А перад ім у дзяржаву не ўпусьцілі праваабаронцаў з Нарвэгіі ды Швэцыі. Але цікава тое, што яму патлумачылі памежнікі – рашэньне прынята быцам бы не ў Менску, а ў Маскве.

Гэта магчыма, хаця і ў беларускіх уладаў дастаткова шмат падставаў, каб не ўпусьціць Марэка Мігальскага, - мяркуе міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў.

А. Фёдараў: Безумоўна, такое магчыма. Праўда, ня ведаю, ці гэта адпавядае рэчаіснасьці ў дадзеным выпадку. Спадар Мігальскі – вельмі актыўны праціўнік правядзеньня чэмпіянату ў Беларусі, вельмі падтрымлівае беларускую апазыцыю. На мой погляд, і перад беларускімі ўладамі ў яго хапае грахоў. Але, магчыма, і Масква тут задзейнічана, хаця я не памятаю, каб ён супраць Расеі выступаў.

На думку Марэка Мігальскага, краіны, у якіх назіраецца дыктатарскі рэжым, не павінны праводзіць вялікія міжнародныя імпрэзы з галіны спорту, паколькі такім чынам яны паляпшаюць сваю рэпутацыю і прадстаўляюць сябе ў лепшым сьвятле, чым яны ёсьць насамрэч.

М. Мігальскі: Мы мяркуем, што абсалютна нельга дапускаць да таго, каб краіны, у якіх пануе дыктатура, ладзілi вялікія спартыўныя спаборніцтвы. У такіх дзяржавах, як Беларусь, парушаюцца элемэнтарныя правы чалавека. А дыктатары выкарыстоўваюць той факт, што ім дазволена правесьці чэмпіянат, у мэтах легітымізацыі свайго рэжыму. Так паступіў Пуцін у Сочы, так паступае сёньня Лукашэнка ў Беларусі. Там у турмах сядзяць палітычныя вязьні. 250 км. адсюль, ад Варшавы, знаходзіцца клясычная дыктатура – з палітычнымі вязьнямі, з палітычнымі забойствамі, з перасьледам. Там няма дэмакратыі.

Андрэй Фёдараў скептычна ставіцца да рэальных шанцаў павязаньня спорту з дэмакратыяй і правамі чалавека. Гісторыя паказвае, што ніводная дзяржава, дзе парушаюцца правы чалавека, не страціла з-за гэтага права на правядзеньне спартовых спаборніцтваў.

А. Фёдараў: Ёсьць такія меркаваньні, але я не памятаю выпадкаў, калі гэта насамрэч адбылося. Алімпіяда ў Пэкіне гэта пацьвердзіла. У Кітаі становішча з прaвамі чалаваека яшчэ горшае, чым у Беларусі. Але міжнароднае спартыўнае чынавенства ніколі не ішло на такія крокі. І ня думаю, што поўдзе, прыме рашэньне аб адабраньні права правядзеньня спартыўнага мерапрыемства.

Ці ў Беларусі існуе “чорны сьпіс” асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны? Ён афіцыйна не публікуецца, як у ЗША, але напэўна існуе, - адзначае камэнтатар.

А. Фёдараў: Напрыклад, у Злучаных Штатах ёсьць афіцыйны сьпіс асобаў, якім нельга ўязджаць зь Беларусі або Расеі, але не заўсёды яго абвяшчаюць. У Беларусі на мой погляд існуе такі сьпіс. Хаця ён не друкуецца, і таму можна толькі здагадвацца, хто ў ім. Але на маю думку ён ёсьць.

Марэк Мігальскі доўгі час намагаўся паўплываць на міжнародную грамадзкую думку, каб было прынятае рашэньне аб пераносе чэмпіянату сьвету па хакеі ў іншую краіну. Гэтага не ўдалося яму дабіцца. А ноччу зь нядзелі на панядзелак яму не ўдалося ўехаць на тэрыторыю Беларусі. Памежнікі ветліва яму патлумачылі, што згодна рашэньню Масквы ён ня можа ўехаць на беларускую тэрыторыю. У Беларусі Мігальскі разам з двума супрацоўнікамі плянаваў сустрэцца са сваякамі палітвязьняў і пратэставаць супраць чэмпіянату па хакеі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт