Logo Polskiego Radia
Print

Т. Налэнч: Трэба гэты ліст паслаць псыхіятру

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.03.2014 15:21
Гэтак дарадчык прэзыдэнта Польшчы камэнтуе афіцыйную прапанову намесьніка старшыні расейскай Дзярждумы.

Інтэрнэт-сайт выданьня Gazeta Wyborcza піша пра дзіўную прапанову, аб якой мы казалі ўжо коратка ў нашых перадачах. Польшча атрымала афіцыйны ліст ад старшыні Лібэральна-Дэмакратычнай партыі Расеі Ўладзіміра Жырыноўскага, які зьяўляецца таксама віцэ-сьпікерам Дзяржаўнай Думы. Расея прапануе Польшчы падзяліць Украіну. Праўда, Жырыноўскі і раней казаў, што Польшча павінна патрабаваць правесьці рэфэрэндум, каб заходнія землі Ўкраіны зноў сталі польскімі, але ніколі яшчэ Расея не кіравала афіцыйнай прапановы па гэтай справе.

Жырыноўскі мяркуе, што Польшча магла б адабраць ва Ўкраіны 5 абласьцей. Падобную "прапанову” атрымалі таксама Вугоршчына й Румынія. У межах Украіны асталася б толькі яе цэнтральная частка. “Землі заходняй Украіны ў часы сталінскага рэжыму былі далучаны да СССР. Гэта быў правільны крок, каб паўстрымаць нямецкую армію як мага далей ад межаў. Але гэта не былі расейскія землі, не былі ўкраінскія землі. У выніку, канфлікты на нацыянальнай глебе нярэдка пераўтвараліся ў крывавую разьню”, - напісаў Жырыноўскі. Варта адзначыць, што ягоны бацька таксама зьяўляецца ўраджэнцам заходняй Украіны.

Прапанова настолькі кур’ёзная, што ніхто не ўспрымае яе сур’ёзна, - заявіў прэс-сакратар МЗС Марцін Вайцяхоўскі. Уладзімір Жырыноўскі атрымае ветлівы адказ, але без камэнтара на тэму зьместу дакумэнту. Частка расейскай эліты надалей разважае ў катэгорыях пакту Молатава-Рыбэнтропа – падсумоўвае Вайцяхоўскі.

Абурае тое, што Польшчы, якая столькі выцерпела ад зьмены межаў, хтосьці прапануе ўдзельнічаць у падзеле сяброўскай дзяржавы. Толькі хворы мог нешта такое прыдумаць. Трэба было б гэты ліст адправіць псыхіятру, - заявіў дарадчык прэзыдэнта Польшчы Томаш Налэнч.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт