Больш за 35,5 млн. зл. сабраў Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі (па стане на канец дня 12 студзеня). Гэта яшчэ не апошнія зьвесткі, таму што многія дабрачынныя аўкцыёны ўсё яшчэ працягваюцца. Завяршэньня ўсіх акцый можна спадзявацца дзесьці празь месяц. Сабраныя сродкі, так як і летась, будуць выдаткаваныя на мэдычнае абсталяваньне для дзяцей і старцаў.
Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі (Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy) — гэта дабрачынная некамэрцыйная грамадзкая арганізацыя, адна з найбуйнейшых у Польшчы, якая штогод ладзіць аднайменную акцыю, празь якую шпіталі Польшчы атрымоўваюць мэдычнае абсталяваньне для выяўленьня цяжкіх хваробаў на раньняшніх стадыях і іх прафіляктыкі у дзяцей. Апошнімі гадамі сродкі ідуць таксама на падтрымку герыятрычных аддзяленьняў.
Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі з году ў год дапамагае палякам раскрыць сэрца. Учора ва ўсёй Польшчы і за мяжой прайшлі сотні мерапрыемстваў, падчас якіх 120 тыс. дабраахвотнікаў зьбірала ахвяраваньні неабыякавых людзей. За кожны злоты, кінуты ў скарбонку, валянтэр дае налепку сэрцайка. І штогод у студзені, як толькі пачынае граць Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі, усе мінакі на вуліцах польскіх гарадоў і мястэчак носяць такія чырвоныя налепкі на куртках, сумачках, наплечніках.
Афіцыйна Фінал Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі пачаўся ў нядзелю раніцай у студыі Польскага тэлебачаньня ў Варшаве. „Мы ў чарговы, 22-гі раз заклікаем усіх, ня толькі ў Польшчы, але ва ўсім сьвеце, зрабіць нешта незвычайнае”, - заклікаў ініцыятар кампаніі і шматгадовы яе кіраўнік Юрэк Оўсяк.
Характар ініцыятывы вельмі добра адлюстровае ўсім нам добра вядомы прынцып: зь міру па нітцы – голаму кашуля.
У межах акцыі ня толькі валянтэры зьбіраюць ахвяраваньні. Адбываюцца шматлікія дабрачынныя канцэрты, аўкцыёны, на якіх можна набыць, напр. рэчы вядомых людзей.
Замест квітка на коўзанку – пару злотых у скарбонку Аркестру. Такую ініцыятыву папранаваў наведвальнікам тарнаўскі Цэнтар спорту і адпачынку.
Працаўнік: Людзі кідаюць значна больш, чым каштуе квіток – 10, 20, 50 злотых. Ёсьць і дзеці, якія заходзяць за сымбалічны 1 злоты.
Да Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі далучыўся таксама мясцовы тэатр, які запрасіў гледачоў на прэм’еру спэктаклю. Кошт квітка – усяго 10 злотых, але трэба таксама штосьці кінуць у скарбонку.
Сёлета Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі зьбірае грошы на абсталяваньне, якое дапаможа ратаваць жыцьцё дзяцей і даць годную старасьць пажылым людзям.
Люблінскі мітрапаліт арцыбіскуп Станіслаў Будзік станоўча ацэньвае ініцыятыву, якая прыгадвае нам пра хворых і забытых людзей сталага ўзросту.
Абп. С. Будзік: Мы ў Любліне часта гаворым пра салідарнасьць пакаленьняў. Я лічу, гэта слушная думка, каб памятаць ня толькі пра найменшых, але і пра тых, якіх у нашым грамадзтве будзе ўсё больш. Мы сапраўды павінны вельмі старацца запэўніць старым людзям годнае жыцьцё. Мы ж карыстаемся іх дасягненьнямі, таму я лічу, што гэтая акцыя – вельмі добрая ідэя.
Паводле старшыні познаньскага філіялу Польскага таварыства геранталёгіі Анджэя Стагоўскага, гэта ня проста добрая ідэя, а і адказ на патрэбу ў грамадзтве.
А. Стагоўскі: Гэта грамадзкая ініцыятыва, акцыя няўрадавай арганізацыі з далучэньнем мэдыяў – адсюль сіла пасылу. Яна запаўняе нішу, дае тое, чаго не хапае ў сыстэмных, доўгатрэміновых, шматгадовых вырашэньнях. Лягчэй ацэньваюцца посьпехі з пэрспэктывы аднаго году. Такі ў нас, палякаў, мэнталітэт – дзейнічаць коратка, хутка і пампезна, а дзеяньні, на якія трэба прысьвяціць шмат часу і шмат працы, - гэтаму нам трэба вучыцца.
Выбар пажылых людзей у якасьці мэтавай групы – гэта таксама важны элемэнт выхаваньня маладога пакаленьня, дадае Анджэй Стагоўскі.
А. Стагоўскі: Трэба згадваць пра старых людзей, асабліва тых, якім патрэбная дапамога. У межах акцыі дапамога будзе аказвацца герыятрычным аддзяленьням. Пры нагодзе шмат гаворыцца пра людзей, якія там лечацца. У гэтым ёсьць, несумненна, адукацыйны элемэнт. Не зьмяншаючы пры гэтым вагі практычных вырашэньняў, бо набыцьцё рэабілітацыйнага або іншага мэдычнага абсталяваньня – гэта несумненна добры крок.
Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі ратуе жыцьцё і здароўе многіх пацыентаў. У шматлікіх шпіталях стаіць дарагое абсталяваньне з налепленым чывоным сэрцам – сымбалем Аркестру. Не выключэньне – шпіталь ў Кашаліне, які атрымаў апаратуру за больш чым 3 мільёны злотых. Гэта, сярод іншага, інкубатары для немаўлятаў, апэрацыйнае абсталяваньне, рэнтгенаўскія камэры. Дапамога Аркестру бясцэнная, зазначае прэс-сакратар шпіталя Цэзары Саловій.
Ц. Саловій: Бяз гэтай дапамогі нам было б цяжка знайсьці грошы на набыцьцё апаратуры ў шпіталь, тым больш што мэдычнае абсталяваньне вельмі хутка зношваецца. Мы пастаянна ім карыстаемся і яго трэба часта мяняць.
Збор грошай у межах Фіналу Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі адбываўся таксама за мяжою, там, дзе кампактна пражываюць палякі, м.ін. у Лёндане, Парыжы, Дубліне і Чыкага.
Амэрыканскі журналіст Крыс Бэрнс, які сачыў за акцыяй у Брусэлі, прызнаў, што ён з захапленьнем глядзеў, як грае Аркестар.
К. Бэрнс: Гэтая падзея пакідае вялікае ўражаньне. Незвычайна тое, што мерапрыемства ладзіцца больш за 20 гадоў ва ўсёй Эўропе і ЗША. Гэта выдатная ініцыятыва, якую варта пераймаць.
Падчас леташняга Аркестру сьвяточнай дапамогі было сабрана больш чым 50 млн. злотых. Нагадаем, першы фінал дабрачыннай акцыі адбыўся ў 1993 годзе. Тады арганізатары ставілі перад сабою мэту сабраць сродкі для кардыёхірургічнага аддзеленьня Цэнтру здароўя дзіцяці ў Варшаве. З году ў год мерапрыемства разрасталася, выходзіла ўсё далей за межы краіны, зьбірала штораз больш грошай.
Падсумаваньне сёлетняга Вялікага аркестру сьвяточнай дапамогі адбудзецца празь некалькі тыдняў.
эб