Музей Варшаўскага паўстаньня хоча ідэнтыфікаваць як мага большую колькасьць загінулых і зьніклых бязь вестак удзельнікаў і ахвяраў гераічнага зрыву 1944 года.
Музэйная ўстанова хоча ўшанаваць памяць тысячаў безыменных ахвярараў Варшаўскага паўстаньня. З гэтай мэтай у музэі была наладжаная адмысловая кропка, у якую можна будзе перадаваць інфармацыю пра людзей, якія загінулі або прапалі бязь вестак у час баявых дзеяньняў у сталіцы ў 1944 годзе.
„У часе працы музея будзем прымаць сьведчаньні пра людзей, якія загінулі або прапалі бязь вестак у час паўстаньня. Мы абяцаем, што будзем слухаць кожнага чалавека, які прыйдзе да нас зь нейкай гісторыяй, а атрыманыя такім чынам дадзеныя будуць правераныя й перададзеныя ў Раду аховы памяці баёў і пакутніцтва”, - сказаў дырэктар Музею Варшаўскага паўстаньня.
Ян Алдакоўскі дадаў, што кожная інфармацыя каштоўная.
Ян Алдакоўскі: Мы будзем зьбіраць інфармацыю аб усіх ахвярах Варшаўскага паўстаньня, якія часта ня маюць магілаў; якія жывуць надалей выключна дзякуючы памяці блізкіх.
Іхныя прозьвішчы, арыманыя дзякуючы сьведчаньням грамадзянаў, будуць зьмешчаныя на мэмарыяльнай сьцяне, якая будзе ўстаноўлена на тэрыторыі Могілкаў паўстанцаў Варшавы ў сталічным раёне Воля.
Працэс ідэнтыфікацыі ахвяраў Варшаўскага паўстаньня 1944 года пачаўся многія гады таму. На падставе дадзеных, сабраных рознымі ўстановамі неадкладна пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны, напрыклад, Чырвоным Крыжам, а таксама ў парафіяльных кнігах, справаздачах і зьвестках, атрыманых супрацоўнікамі Музэя Варшаўскага паўстаньня, былі ідэнтыфікаваныя 60-80 тысяч чалавек.
Экспэрты, аднак, не сумняюцца, што стварэньне поўнага сьпісу ахвяр немагчымае.
Як адзначыў сакратар Рады аховы памяці баёў і пакутніцтва Анджэй Кунэрт, на варшаўскіх могілках ляжаць тысячы безыменных удзельнікаў паўстаньня й, нарэшце, насьпеў час, даведацца пра іх імёны.
Анджэй Кунэрт: Мы вырашылі, што на Сьцяне памяці на Могілках паўстанцаў Варшавы на Волі мы будзем зьмяшчаць прозьвішчы ўсіх, хто загінуў падчас Варшаўскага паўстаньня. Гаворка ідзе пра мірных і ваенных ахвяр, людзей, якія былі забітыя або прапалі бязь вестак падчас зрыву.
Для Ванды Трачык-Стаўскай са сталічнага Камітэту па справах Могілак паўстанцаў Варшавы, самае важнае – ушанаваць памяць безыменных ахвяраў паўстаньня, якіх на могілках больш за 104 тысячы.
„У цяперашні час сярод 104 тысячаў пахаваных мы ведаем прозьвішчы толькі 3,5 тысячаў. Таму трэба сьпяшацца зьбіраць інфармацыю пра астатніх, пакуль яшчэ жывуць тыя, хто іх памятае. Гэта важна – памятаць пра тых, хто ахвяраваў сабой, каб мы былі свабоднымі,” – кажа Ванда Трачык-Стаўска.
Ванда Трачык-Стаўска: Гаворка ідзе пра тое, каб гэтыя людзі не засталіся безыменнымі. Трэба, каб адгукнуліся тыя, хто памятае сваіх блізкіх. Мы пастараемся зарэгістраваць як мага больш гэтых прозьвішчаў.
Любыя зьвесткі пра людзей можа перадаваць праз старонку www.1944.pl або па тэлефоне ў Музэй Варшаўскага паўстаньня.
Гэтыя дадзеныя будуць правераныя экспэртамі музэю, а затым перададзеныя ў Раду аховы памяці баёў і пакутніцтва, якая будзе несьці адказнасьць за іх зьмяшчэньне на Сьцяне памяці, усталяванай на Могілках паўстанцаў Варшавы на Волі.
Рамонт гэтай нэкропаліі працягваецца з 2011 года. Работы праводзяцца за кошт Мазавецкага ваяводы, Рады аховы памяці баёў і пакутніцтва ды ўладаў раёну Воля.
pl.wikipedia.org
Да гэтай пары, між іншым, адрамантаваныя 37 магіл, разьмешчаных у асноўнай частцы нэкраполіі, а рамонт чарговых 12 заплянаваны на другі квартал 2014 года. У рамках рэстаўрацыі пяшчаныя намагільныя пліты замяняюцца плітамі з граніту. Абнаўляюцца таксама дадзеныя памерлых.
На новых намагільных плітах зьмяшчаюцца сымбалі паўстанцаў. Рамонт усіх 52 магілаў павінен скончыцца ў наступным годзе, да 70-й гадавіны пачатку Варшаўскага паўстаньня.
pl.wikipedia.org
У рамках інвэстыцыі заплянаваная таксама рэканструкцыя навакольля помніка „Загінулыя - непераможныя”, які знаходзіцца на кургане з прахам жыхароў Варшавы, што загінулі ў паўстаньні. Апрача таго будуць пабудаваныя новыя лесьвіцы й алеі, а перад курганам будзе ўсталяваная дадатковая мэмарыяльная дошка. Кошт рамонту складзе каля 2,2 млн. злотых.
Тым часам Рада аховы памяці баёў і пакутніцтва завяршыла ідэнтыфікацыю астанкаў ахвяраў, якія пахаваныя з 52-га па 91-шы квартал могілкаў. Быў выкананы таксама праект дызайну надпісаў на новых шыльдах у гэтых кварталах. Рада выказала намер фінансаваньня будаўніцтва сьцяны паміж ваеннымі могілкамі й іх рэлігійнай часткай. Гэта неабходнае для рэалізацыі новых намагільных плітаў на суседніх магілах. Праходзіць таксама распрацоўка канцэпцыі ўпрыгожаньня ўваходу ў нэкраполію ад вуліцы Вольскай, якое будзе праводзіцца паралельна з рамонтам магілаў. Рада аховы памяці баёў і пакутніцтва вылучыла на гэтую мэту каля 2,5 млн. злотых.
У працу па рэканструкцыі Могілак паўстанцаў Варшавы ўключаюцца таксама ўлады раёна Воля, якія зоймуцца, між іншым, прыбраньнем навакольля нэкраполіі з боку вуліцы Вольскай.
Рэканструкцыя могілак павінна быць завершаная да 1 жніўня 2014 года, паколькі нэкраполія стане цэнтральным пунктам мерапрыемстваў, прымеркаваных да 70-й гадавіны Варшаўскага паўстаньня ў будучым годзе.
Ганаровым патронам рамонту Могілак паўстанцаў Варшавы зьяўляецца прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі. Пад яго патранатам будзе адзначацца таксама 70-годзьдзе Варшаўскага паўстаньня 1944 года.
Тымчасам з 1 па 3 лістапада на найбуйнейшых сталічных нэкраполіях супрацоўнікі Музэю Варшаўскага паўстаньня праводзяць збор сродкаў на рэканструкцыю магілаў паўстанцаў.
аз