Сёньня адбылася цырымоніі прызнаньня прэміі імя Вацлава Гаўла за праваабарончую дзейнасьць. Сёлета прэмія была прысуджаная выбітнаму беларускаму дзеячу, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму.
У панядзелак 30 верасьня апоўдні інфармацыю пра пераможцу конкурсу агучыў прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Жан-Клод Міньён падчас афіцыйнай цырымоніі ў Страсбургу.
Нагадаем, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі прысуджаны да 4,5 гадоў турмы. У лістападзе 2011-га беларускі суд прызнаў яго вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць цэнтру «Вясна», якому ўлады адмовілі ў рэгістрацыі ў Беларусі.
Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Інфармацыя пра ўзнагароду, безумоўна важная і радуе, але нельга казаць, што беларускія праваабаронцы сьвяткуюць, зазначае палітычны камэнтатар і аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.
А. Класкоўскі: Абсягу для праваабаронцаў стае і ў заходніх краінах, у краінах са сталай дэмакратыяй. Аднак сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі выглядае проста брутальна. Тое, што ляўрэат прэміі знаходзіцца ў турме — гэта красамоўная ілюстрацыя стану грамадзянскай супольнасьці і адлюстраваньне лёсу тых, хто актыўна змахаецца за паляпшэньне сытуацыі. Казаць, што беларускія праваабаронцы сьвяткуюць гэтую падзею, было б кашчунна, бо чалавек за кратамі. Для калег — гэта, вядома ж, падбадзёраньне, але казаць пра сьвяточны настрой не выпадае.
Прэміі, якія прызнаюцца беларускім праваабаронцам — гэта напамінак Беларусі, сьведчаньне таго, што ў краіне няма павагі да члавека і яго правоў, кажа паплечнік Бяляцкага зь «Вясны» Леанід Судаленка.
Л. Судаленка: Уся Эўропа падзяляе нашыя праблемы, праблемы з правамі чалавека. Прэміі для беларускіх праваабаронцаў сьведчаць аб тым, што ў краіне існуе сур’ёзная праблема — праблема парушэньня правоў чалавека. Таму беларусам прызнаюць такія ўзнагароды. Калі б у нашай краіне была дэмакратыя і ўсё добра было б з правамі чалавека, то тады эўрапейскія інстытуты зьвярталі б увагу на іншыя краіны.
Аляксандар Класкоўскі кажа пра комплекс віны Эўропы, якая ня ведае, якім чынам вырашыць праблему ўзаемадачыненьняў зь Беларусьсю, з аднаго боку, а з другога сама прычынілася да таго, што старшыня праваабароначага цэнтру «Вясна» апынуўся за краткамі.
А. Класкоўскі: У некаторых эўрапейскіх палітыкаў ёсьць пачуцьцё віны. Усім вядомая гісторыя, якая прывяла Алеся Бяляцкага за краты, калі зьвесткі пра замежныя рахункі трапілі ў рукі беларускіх правахоўных органаў. Гэты прыкры момант, па-мойму, дасюль адбіваецца на сьвядомасьці замежных палітыкаў. І тое, што яны так падкрэсьлена надаюць увагу Бяляцкаму, то ў гэтым ёсьць комплекс віны.
Алесь Бяляцкі быў намінаваны ўзнагароды польскім эўрадэпутатам Марэкам Мігальскім.
М. Мігальскі: Даволі абмежаваныя дзеяньні, якія мы можам прымяніць адносна Лукашэнкі, і ад якіx пры гэтым не пацярпела б насельніцтва, самі беларусы. Такія ўзнагароды, як прэміі Вацлава Гаўла, да якой я меў гонар вылучыць Алеся Бяляцкага, — гэта адзін са спосабаў рабіць хаця б тое, што мы можам. У Эўрапарлямэнце разглядаюцца кандыдатуры намінантаў да прэміі імя Сахарава. Я спадзяюся, што кандыдатура беларускіx палітвязьняў, высунутая польскімі эўрадэпутатамі, трапіць у гэтак званы кароткі сьпіс намінаваных, у якім будуць усяго тры кандыдатуры. Гэта таксама быў бы добры знак для ўсіх беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю ў сваёй краіне, і важны сыгнал для Лукашэнкі, што Эўрапейскі Зьвяз, як супольнасьць заходніх краін, не забывае аб тым, што дзеецца побач, у Беларусі.
Мэта прэміі Вацлава Гаўла — заахвочваньне выбітных дзеячоў грамадзянскай супольнасьці ў абароне правоў чалавека ў Эўропе і за яе межамі. Узнагарода ўручаецца штогод. Алесь Бяляцкі атрымае 60 тысяч эўра.
За апошні час Алесь Бяляцкі, які сёньня знаходзіцца за кратамі, атрымаў некалькі ўзнагародаў:
— узнагароду імя Пэтры Келі;
— узнагароду Леха Валэнсы;
— прэмію парталу «Хартыя’97» за выбітныя дасягненьні ў галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.
Пра мужнага беларускага праваабаронцу быў напісаны раман-рэпартаж «Справа Бяляцкага».
эб